Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўладам замінаюць незалежныя прафсаюзы?


Чаму ўладам замінаюць незалежныя прафсаюзы?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00

10 траўня на паседжаньні Менскага аблвыканкаму абмяркоўвалася пытаньне аб процідзеяньні незалежным прафсаюзам. Чаму ўлады спужаліся незалежнага прафсаюзнага руху? Ці сапраўды свабодныя прафсаюзы небясьпечныя для рэжыму? Ці могуць улады іх задушыць?

Удзельнікі: старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык.

Чаму ўлады спужаліся незалежнага прафсаюзнага руху?


Валер Карбалевіч: «Сапраўды, Менскі аблвыканкам абмяркоўваў дзіўнае пытаньне: што рабіць зь незалежнымі прафсаюзамі ў Салігорску. Чаго раптам? Няўжо ў Менскай вобласьці няма больш важных праблем?»

Аляксандр Ярашук: «Гэта цалкам лягічна. Бо найбольшая пагроза для рэжыму сёньня — працоўныя, асабліва тыя, якія аб’яднаныя ў незалежныя прафсаюзы. А рэжым трансфармуецца ад аўтарытарызму да таталітарызму.

Увага да Незалежнага прафсаюзу гарнякоў прыцягнута з-за таго, што ён актыўна дапамагае стварыць незалежны прафсаюз на прадпрыемстве „Граніт“ у Мікашэвічах. Гэтае прадпрыемства ўвесь час у полі зроку мясцовых уладаў, спэцслужбаў. Створаны незалежны прафсаюз там аказаўся ўладам не па зубах».

Уладзімер Ганчарык: «Найперш, я ўпэўнены, што разгляд гэтага пытаньня — не ініцыятыва самога Менскага аблвыканкаму. Ён выконвае даручэньне зьверху. Хоць наша Канстытуцыя і дэкляруе тыя прынцыпы, на якіх будуецца прафсаюзны рух (справядлівасьць, салідарнасьць, свабода аб’яднаньняў), аднак яны не выконваюцца. А незалежныя прафсаюзы якраз і працуюць па гэтых прынцыпах. Вось салігорскія гарнякі дапамагаюць стварыць незалежны прафсаюз на „Граніце“. Адсюль і такая рэакцыя. Падобны ціск быў у свой час і на ФПБ, калі фэдэрацыя імкнулася працаваць на гэтых прынцыпах. Сам факт, што людзі на „Граніце“ патрабуюць не падвышэньня заробкаў, а свабоды, палохае ўладу».

Ці сапраўды свабодныя прафсаюзы небясьпечныя для рэжыму?


Карбалевіч: «Незалежныя прафсаюзы нешматлікія, існуюць на невялікай колькасьці прадпрыемстваў. Здаецца, яны не ўяўляюць небясьпекі для рэжыму. Ці так гэта? Або ў страху вялікія вочы?»

Ярашук: «Як сьведчыць гісторыя, дыктатарскія рэжымы ня могуць суіснаваць зь незалежнымі прафсаюзамі. Калі Гітлер прыйшоў да ўлады, то найперш прыбраў да рук прафсаюзны рух.

Сёньня ў Беларусі палітычная апазыцыя аслабленая і дыскрэдытаваная, таму не ўяўляе пагрозы для рэжыму. Адзіная пагроза — гэта пратэсты працоўных. І для гэтага ёсьць глеба. Паводле ўзроўню заробкаў Беларусь сёньня на апошнім месцы ў Эўропе. У Расеі заробкі ўтрая вышэйшыя. Я прагназую, што гэтая розьніца будзе павялічвацца. Пачалася працоўная міграцыя зь Беларусі ў Расею. І гэта ўжо стала палітычнай праблемай для нашых уладаў.

Хоць крызіс мінуўся, цяпер сытуацыя больш-менш стабільная, але людзі інтуітыўна адчуваюць, што ўлада не знайшла адказу на выклікі мінулага году. І таму існаваньне любой незалежнай арганізацыі працоўных — для ўладаў апрыёры небясьпека. Вось на паседжаньні Менаблвыканкаму называлі лічбы — колькасьць сябраў у Незалежным прафсаюзе гарнякоў. Дзякуй за рэкляму нашага прафсаюзу».
Сама ідэя незалежнасьці любой арганізацыі супярэчыць прыродзе нашага рэжыму.

Ганчарык: «Сама ідэя незалежнасьці любой арганізацыі супярэчыць прыродзе нашага рэжыму. Ён імкнецца ўсталяваць поўны кантроль за любой дзейнасьцю. Нельга сказаць, што незалежныя прафсаюзы ў краіне моцныя. Але яны паказваюць дрэнны прыклад, з гледзішча ўладаў. А можа здарыцца такая сытуацыя, што дастаткова будзе аднаго выступу, каб пачаўся нейкі працэс. Тым больш на тле трывожнай сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне. А сапраўды, у страху вочы вялікія».

Ці могуць улады ліквідаваць незалежныя прафсаюзы?


Карбалевіч: «Дасюль улады ў дачыненьні да сваіх палітычных апанэнтаў дзейнічалі так. Яны заганялі іх (апазыцыю, незалежныя прафсаюзы) у гета, абгароджвалі вялікім плотам і не выпускалі за яго межы. Фармальна гэтыя структуры нібыта існавалі, але ў рэальнасьці нармальна працаваць ім не давалі. Вы, сп. Ярашук, кажаце пра эвалюцыю рэжыму ад аўтарытарнага да таталітарнага. То ці ня можа так здарыцца, што ўлады вырашаць увогуле ліквідаваць незалежныя прафсаюзы як легальную структуру, загнаць іх у падпольле?»

Ярашук: «Гэта можа адбыцца. Мы гэта бачым па ціску на Незалежны прафсаюз гарнякоў у Салігорску. Там пад ціскам адміністрацыі частка сябраў прафсаюзу зь ліку інжынэрна-тэхнічных работнікаў выйшлі з арганізацыі. Такога раней ніколі не было.

Мы гатовыя да любога разьвіцьця падзей. Але мы можам за сябе пастаяць. Улады гэта разумеюць, таму прафсаюзнае гета, у адрозьненьне ад апазыцыйнага гета, досыць умоўнае. У 2007 годзе ЭЗ скасаваў для Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі з-за парушэньня прафсаюзных правоў. І цяпер можа быць такі ж нэгатыўны працяг. Мы маем моцную падтрымку ў выглядзе салідарнасьці міжнароднага прафсаюзнага руху. Але гэта другаснае.
Разьвіцьцё незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі можа адбыцца толькі з дэмакратычнымі пераменамі ў краіне. І мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за лёс краіны.

Першаснае тое, што разьвіцьцё незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі можа адбыцца толькі з дэмакратычнымі пераменамі ў краіне. І мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за лёс краіны. Калі рэжым хоча паспрабаваць зачысьціць нас, то мы гатовыя даць адказ на гэты выклік. І невядома, чым гэта скончыцца для ўлады. Бо на прыкладзе „Граніта“ мы бачым, што існуе рэальная палітычная і маральная падтрымка нас з боку рабочых. Спроба ліквідаваць незалежныя прафсаюзы можа стаць спускавым мэханізмам вызваленьня нашай краіны ад гэтага рэжыму».

Ганчарык: «Думаю, што ва ўлады хопіць розуму не ісьці на такія крокі. Бо гэта прывядзе да новых міжнародных эканамічных санкцыяў. Мяне трывожыць іншае. Незалежныя прафсаюзы могуць ператварыцца ў аморфныя арганізацыі, якія ня будуць мець уплыву на сацыяльныя працэсы ў краіне. Непакоіць і тое, што ўнутры незалежных прафсаюзаў ёсьць розныя плыні, няма адзінства. Ім трэба выходзіць за рамкі вузкіх галіновых праблем, падштурхоўваць улады да эканамічных і палітычных рэформаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG