Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спачатку выйду зь незалежнага прафсаюзу, а пасьля ізноў уступлю


Напрыканцы 2011 году некалькі соцень работнікаў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах выказаліся за стварэньне незалежнага прафсаюзу. Адміністрацыя і ўлады адрэагавалі на гэта хваляй звальненьняў актывістаў і ціскам на незалежныя прафсаюзныя суполкі на іншых прадпрыемствах.

Прафсаюзную суполку на «Граніце» зарэгістравалі ў Беларускім незалежным прафсаюзе (БНП). Ягоны старшыня Мікалай Зімін кажа, што сытуацыя на «Граніце» — яскравы ўзор таго, у якім стане знаходзяцца незалежныя прафсаюзы:
Мікалай Зімін

Мікалай Зімін


«На «Граніце» самі людзі захацелі стварыць прафсаюз. Мы суполку зарэгістравалі, але органы ўлады яе пакуль не рэгіструюць. Няма юрыдычнага адрасу. Таму мы некалькі разоў зьвярталіся ў Міністэрства архітэктуры і да прадстаўніка «Граніта». У іх няма працэдуры. Яны ня ведаюць. Тут прававы вакуўм, які ані мы, ані яны ня можам пераадолець. Гэта добрая воля наймальніка — даць юрыдычны адрас ці ня даць. І мы цяпер ніяк ня можам гэтую арганізацыю зарэгістраваць. Цяпер БНП зьвярнуўся ў Мін’юст з афіцыйным лістом, каб ім патлумачылі, як стварыць на дзяржаўным прадпрыемстве арганізацыю і там жа атрымаць юрыдычны адрас. Чакаюць адказу.

На сходзе кіраўнікоў незалежных прафсаюзных арганізацыяў, які адбыўся ў офісе БНП у Салігорску, хлопцаў з «Граніту» — Алега Стахаевіча і Мікалая Карышава — сустракалі як герояў. Па словах Стахаевіча, пэрспэктывы «самыя клясныя. Спадзяемся на сябе, на людзей, на БНП, на НПГ (Незалежны прафсаюз гарнякоў — рэд.). Мы бачым канкрэтную падтрымку».
Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч


Сапраўды, і БНП, і НПГ падтрымліваюць незалежны прафсаюз на «Граніце». Ня раз выступалі ў іх падтрымку і міжнародныя прафсаюзныя структуры, і прафсаюзы асобных прадпрыемстваў. Але відавочна, што ініцыятыва павінна паходзіць ад рабочых прадпрыемства. Хоць сам Стахаевіч разумее, што «без індзейцаў правадыроў ня будзе», але як канкрэтна будуць удзельнічаць цяперашнія работнікі «Граніту» ў незалежным прафсаюзе, паведаміць ня можа. На апошнім сходзе прысутнічала 17 чалавек, зь іх, па словах Стахаевіча, 13 напісалі заявы пра пералічэньне складак у БНП. «Хлопцы паглядзелі, што за чатыры з паловай месяцы ані афіцыйныя прафсаюзы, ані адміністрацыя нічога не зрабілі, таму ізноў гатовыя рынуцца ў бой».

Чаму ж мясцовыя ўлады і адміністрацыя прадпрыемстваў так баяцца незалежных прафсаюзаў?

Юры Швец кіруе пярвічкай прафсаюзу на Мазырскім НПЗ. Цяпер яму 48 гадоў. Сам з Мазыра. Рабіў на заводзе зваршчыкам, прыйшоў у прафсаюз 20 гадоў таму:

«У савецкі час прафсаюзьнікі былі „скамарохамі“ — займаліся футболам, канцэртамі, урачыста адпраўлялі на пэнсію, выдавалі грошы на пахаваньне і разьмяркоўвалі інтэрнат. Гэта была правая рука дырэктара».

«Афіцыйныя» прафсаюзы, па ягоных словах, шмат у чым перанялі савецкую сыстэму. Як кажа Швец: «У іх цяпер дырэктар — сябар прафсаюзу. Як такое можа быць?»
У іх цяпер дырэктар — сябар прафсаюзу. Як такое можа быць?

Зімін сьцьвярджае, што незалежны прафсаюз — гэта буфэр паміж наймальнікам і рабочым. Ніхто з прадстаўнікоў адміністрацыі ня можа стаць сябрам. Такая пазыцыя дазваляе ім доўгія гады захоўваць незалежнасьць і абараняць інтарэсы рабочых.

Галоўны дакумэнт, за які б’юцца прафсаюзы, — калектыўная дамова. Пакуль не зьявіліся незалежныя прафсаюзы, ніхто пра яе і ня згадваў. Такую дамову заключаюць рабочыя асобнага прадпрыемства з наймальнікам. Адзін працаўнік, які стаіць каля станка ці «круціць баранку», ніяк ня можа прымусіць наймальніка памяняць умовы працы, падвысіць заробак, сачыць, ці правільна яму палічылі адпачынак і ці добрае ў яго спэцадзеньне. Усё гэта робіць прафсаюз.

Але нават калі ты ня сябра прафсаюзу, усё адно будзеш атрымліваць заробак, якога дамогся ад наймальніка прафсаюз. Юры Швец называе такіх людзей «прамысловымі зайцамі»:

«Мы ім кажам: у вас ёсьць на руках кантракт. Чаму б вам кожнаму не пайсьці да дырэктара, абмеркаваць зь ім, што ж вы карыстаецца нашай калектыўнай дамовай?! Але з вамі дырэктар папросту нават размаўляць ня будзе. Будзе ён там вырашаць з кожным, колькі плаціць, ува што адзець. Будзеш хадзіць па кабінэтах — звольняць проста, бо працаваць трэба, а не па кабінэтах хадзіць».

Большасьць незалежных прафсаюзных актывістаў — вызваленыя ад працы. Яны атрымліваюць заробак ад прафсаюзных складак. Цяпер сябры прафсаюзу адлічваюць у прафсаюз 1% свайго заробку. Такім чынам, сам прафсаюз зацікаўлены ў тым, каб заробкі былі большыя. Вось на Мазырскім НПЗ сярэдні заробак — каля 6 мільёнаў рублёў, а сяброў прафсаюзу — 1089 чалавек (каля 37% ад агульнай колькасьці рабочых). На «Беларуськаліі» ў сябрах прафсаюзу — больш за чатыры тысячы чалавек. Хоць пра сярэдні заробак старшыня тамтэйшага незалежнага прафсаюзу Сяргей Чаркасаў гаварыць адмовіўся, але можна меркаваць, што з такой колькасьцю сяброў мясцовы прафсаюз не бядуе. Дый БНП ганарыцца тым, што, нягледзячы на ўсе выпрабаваньні, застаецца найбольш фінансава забясьпечанай арганізацыяй.

Юры Швец падкрэсьлівае, што менавіта незалежны прафсаюз дабіваецца ў наймальніка лепшых заробкаў, і людзі гэта разумеюць. Сяргей Чаркасаў зь «Беларуськалію» кажа, што калі 20 гадоў таму на прадпрыемстве былі нізкія заробкі, а людзі працавалі ў жахлівых умовах, то цяпер сытуацыя памянялася. Гэта пацьвярджаюць і іншыя прафсаюзныя лідэры: прадпрыемствы працуюць стабільна, дый умовы працы добрыя. Галоўнае — справядліва падзяліць прыбытак.

Юры Швец: «Не заўжды ў нас з адміністрацыяй была вайна. Знаходзілі кантакт і з афіцыйным прафсаюзам, і з адміністрацыяй. Вайна пачалася пасьля 2008 году — ад моманту зьяўленьня ў нас на прадпрыемстве ідэолягаў. Адміністрацыя залезла на барыкады. У маім разуменьні, ідэалёгія — гэта выкананьне законаў. А ў нас гэта навязваньне чыіхсьці мараляў і прынцыпаў узамен на закон».

Афіцыйныя прафсаюзы з дапамогай ідэалягічных работнікаў маюць на прадпрыемствах зусім іншыя ўмовы для працы:

Швец: «Афіцыйныя прафсаюзы ў асноўным займаюцца тым, што скажа адміністрацыя. Ідэолягам дапамагаюць. Іхная першая задача — гэта нас скасаваць, бо мы парушаем тандэм паміж імі і адміністрацыяй. А ў дырэктара і рабочага ніколі ня будзе адной мэты. А вось вынік гэтай працы — падзяліць прыбытак — гэта ўжо трэба разам вырашаць».

Ціснуць на незалежныя прафсаюзы па-рознаму.
Выклікаюць — „не здасі на разрад, не працягнем кантракт, не ўладкуем сына“. Тысячы мэтадаў.

Іван Сьвятоха, старшыня пярвічкі незалежнага прафсаюзу работнікаў «Нафтану»: «У мяне былі заявы нават ад сяброў прафсаюзу, што „выйшаў зь незалежнага прафсаюзу пад ціскам адміністрацыі“. Я сабраў гэтыя заявы і падаў пракурору. Прыходзіць адказ: факты пацьвердзіліся часткова. Што гэта значыць? Напаўціснулі, ці што? Цяпер у нас 360 чалавек, а было 1200. Тры гады як пачаўся ціск. Спачатку на „Гродна-Азот“ ціснулі, а пасьля на нас. Выклікаюць — „не здасі на разрад, не працягнем кантракт, не ўладкуем сына“. Тысячы мэтадаў. А хто „заляцеў“ — таму: выйдзеш з прафсаюзу — не застанесься працаваць. У мяне нават начальнікі вытворчасьці былі ў прафсаюзе, а цяпер вось колькі засталося. Але стабільна цяпер, прарвемся».

Міхаіл Усьціновіч

Міхаіл Усьціновіч

Міхаіл Усьціновіч, «Белшына»: «Моладзь варушыцца, але яе любымі мэтадамі выпіхваюць назад. Вось, напрыклад, хлопец напісаў заяву ў незалежны прафсаюз. Пасьля адпрасіўся ў майстра з працы, той заяву падпісаў, зьехаў. Тут яму тэлефануюць — чаму не на працы. Той да майстра — дзе заява? „Забраў ідэоляг заводу“. А ідэоляг кажа: „Ніякай заявы няма, у цябе прагул“. Урэшце гэты хлопец кажа: давайце я зараз напішу заяву, выйду з прафсаюзу, а пасьля ізноў уступлю».

Натальля Міхнюкевіч кіруе рэгіянальнай арганізацыяй БНП у Салігорску, распавядае пра прафсаюз прадпрымальнікаў на рынку «Кастрычніцкі»: «Сустракаліся з нашым кіраўніком гарвыканкаму Рымашэўскім, хацелі зарэгістраваць арганізацыю, прасілі памяшканьне, юрыдычны адрас. Але ён сказаў, што памяшканьня няма. І яшчэ кажа: калі прыбераце Кучынскую (старшыню пярвічкі. — Рэд.) — тады будзем з вамі працаваць. Я яму адказваю, што гэта ж ня я выбірала яе, а людзі выбіралі, сябры прафсаюзу рынку „Кастрычніцкі“ і мяснога рынку... А забастоўкі прадпрымальнікаў — палова закрыла кіёскі, а палова гандлюе, што тут зрабіць».
Сяргей Чаркасаў (НПГ) і Натальля Міхнюкевіч

Сяргей Чаркасаў (НПГ) і Натальля Міхнюкевіч


Юры Швец: «Тое, што адбываецца зь незалежнымі прафсаюзамі, — гэта індыкатар таго, у якім стане правы чалавека і працоўнага ў Беларусі. Калі б мы былі забароненай, ваенізаванай арганізацыяй — ладна. Але ў нас такое ж рэгістрацыйнае пасьведчаньне, як і ў іншых. Чаму нас дзяржава не ўспрымае — гэта ўжо да яе пытаньне. У чалавека ёсьць правы, гарантаваныя Канстытуцыяй. Але людзі ў нас лёгка паддаюцца ўплыву. Я за 20 гадоў нагледзеўся. Нават свае асабістыя правы людзі ня хочуць адстойваць. Больш часу яны аддаюць вывучэньню курсу валют, цэнаў на машыны. Але ж гэта ўсё да пэўнага моманту — усё ўпрэцца ў фінансы, у заробак. Тады згадваюць пра прафсаюз».

Старшыня БНП Мікалай Зімін упэўнены: «Закон у нас зацікаўлены. Нас няпроста ўсіх забараніць, бо людзі могуць нэгатыўна зрэагаваць. Знойдуцца адчайныя людзі, якія будуць пратэставаць. Пайсьці на адкрыты канфлікт зь не палітычнай сілай, а з прафсаюзнай, — гэта немагчыма для адміністрацыі».

Між тым у Мікашэвічы прыбыла дэлегацыя Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Алег Стахаевіч: «Шэсьць чалавек, якія ў памяшканьні выканкаму будуць весьці прыём усіх ахвотных. Усе нашыя пытаньні абвясьцілі: звальненьні, рознагалосьсі з наймальнікам, юрыдычныя кансультацыі».

Няма і дакладных зьвестак пра тое, што «сотні» рабочых звальняюцца з «Граніту». Стахаевіч лічыць, што «калі ўсё ж людзі ў нас пра гэта кажуць, то, найхутчэй, гэта праўда. Вось калі людзі звальняюцца, то здаюць адзеньне рабочае. На складзе самі бачылі вялізную купу робаў. Але аб’яваў пра тое, што рабочыя патрабуюцца на „Граніт“, няма. Коля (Мікалай Карышаў — звольнены з „Граніту“ актывіст незалежнага прафсаюзу) учора быў у сябе на зьмене, кажа, што два вузлы па адгрузцы друзу былі закрытыя, а на ягонае месца нікога не знайшлі».

Тыя, хто звальняецца, зьяжджаюць працаваць у Расею. Ня раз прапаноўвалі працу там і Стахаевічу. Але ён кажа: «Зьяжджаць няма сэнсу, трэба стварыць свой прафсаюз і разьмяркоўваць справядліва той прыбытак, які самі людзі зарабляюць.Калі ў Расеі плацяць за такую ж працу тысячу даляраў, а ў нас 200–300, то ў чым праблема? Яны што, даражэй друз прадаюць? У нас жа адзіны ўсясьветны рынак».

БНП гатовы ўсяляк падтрымліваць прафсаюз на «Граніце». Ізноў будуць падаваць заяўку на правядзеньне мітынгу ў Мікашэвічах. Але ці вытрымаюць незалежныя прафсаюзы барацьбу з афіцыйнымі і ціск з боку адміністрацыі, пакуль невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG