Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козік на «Граніце»: Эўропа дае па 100 даляраў за кожнага сябра ФПБ


Леанід Козік

Леанід Козік

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік наведаў прадпрыемства па здабычы каменю «Граніт» у Мікашэвічах. Рабочы прадпрыемства распавёў пра сустрэчу з кіраўніком праўладнага прафсаюзу.

Як кажа рабочы Васіль, у актавай залі «Граніту» на сустрэчы зь Леанідам Козікам простых рабочых было пару дзясяткаў, астатнія — кіраўніцтва прадпрыемства. У сваім выступе, кажа Васіль, кіраўнік ФПБ праводзіў аналёгіі з эўрапейскімі маніфэстацыямі:

«Козік сказаў, што такая сытуацыя: маўляў, бачыце, як свабодныя прафсаюзы ў Эўропе машыны паляць? Вы што, хочаце, маўляў, каб і ў нас такое было? Распавёў, што за кожнага чалавека, якога незалежныя прафсаюзы „выцягваюць“ з ФПБ, Эўропа дае па 100 даляраў. Яшчэ казаў, што свабодныя прафсаюзы, якіх на „Нафтане“, паводле ягоных зьвестак, 22 чалавекі, быццам бы хочуць дабіцца там ледзь не кіраўніцтва прадпрыемствам».

Рабочы кажа, што ад сустрэчы зь Леанідам Козікам сябры незалежнага прафсаюзу чакалі разьвязаньня іхніх праблемаў. Аднак гэтага не адбылося, кажа Васіль, які прысутнічаў на сустрэчы:

«Я там у шоку быў ад гэтага ўсяго. Я ж думаў, што Козік прыедзе і разьбярэцца з нашым гэтым усім... Як з намі начальства абыходзіцца, крые нас усяляк, што мы такія ды сякія... Нічога ў нашу абарону ў выступе Козіка не было».

Адзін з рабочых падняўся і нагадаў Козіку пра ягоны ранейшы выступ па тэлебачаньні, у якім «яшчэ не было „наезду“ на незалежны прафсаюз», кажа Васіль:

«Ён нагадаў Козіку, што той, неяк, выступаючы па тэлебачаньні, сказаў нешта кшталту таго, што калі на прадпрыемстве не працуе дзяржаўны прафсаюз, то хай працуе іншы прафсаюз. То рабочы і папытаў, чаму па тэлебачаньні Козік казаў адно, а тут — другое. Аднак Козік пачаў выкручвацца, маўляў, ён ня так казаў».

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч:

«Казаць, што нам нейкія грошы даюць за „выцягваньне“ з афіцыйнага прафсаюзу — гэта поўнае глупства. Козік паказвае, што ён такі ж самы сыстэмны чалавек, як і ўся нашая сыстэма, скіраваная на абалваньваньне народу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG