Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Смалявіцкага раёну: «Людзі абураныя да крайнасьці»


Праціўнікі будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне, нягледзячы на ўчорашнія затрыманьні чатырох актывістаў, працягваюць змагацца за свае правы.

Сёньня група дачнікаў і жыхароў навакольных вёсак паехала на тэлеканал АНТ запісвацца ў перадачы на гэту тэму, якую абяцаюць паказаць на наступным тыдні. А актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч, паводле позвы, зьявіўся ў міліцыю Смалявіцкага раёну.

Жыхарка вёскі Заямнае Валянціна Каляка была сярод тых, хто сёньня ўдзельнічаў у запісе тэлеперадачы на тэму будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку. Яна кажа, што людзі выказваліся рэзка, бо незадаволеныя тым, як паводзіць сябе ўлада. Асабліва абурылі іх учорашнія падзеі, калі чатырох актывістаў затрымалі міліцыянты падчас сустрэчы кіраўнікоў дачных таварыстваў з адміністрацыяй Смалявіцкага раёну:

«Народ наагул абураны да глыбіні душы. Тое, што ўчора адбылося, выходзіць за ўсялякія рамкі. Кіраўнікоў дачных таварыстваў ніколі раней нікуды не запрашалі. Упершыню запрасілі — і на табе, такое нарабілі».

Дзеяньні смалявіцкай міліцыі прынесьлі зваротны эфэкт — упэўненая Валянціна Каляка:

«Я ня ведаю, якія мэты ў раённай міліцыі. Але атрымалася ўсё наадварот. Людзей не запалохалі, яны ўсе абураныя да крайнасьці».

Міліцыянты, падобна, дзейнічалі не са сваёй ініцыятывы, а на загад зьверху, выказаў думку Міхась Пашкевіч пасьля гутаркі ў Смалявіцкім РАУС:

Міхась Пашкевіч

Міхась Пашкевіч

«Зрэшты, я іх разумею. Ёсьць звычайная Менская вобласьць, якая як бы нікога не чапае. І раптам там за два месяцы адбываюцца два сходы з колькасьцю ўдзельнікаў амаль да тысячы. На іх прымаюцца звароты да прэзыдэнта, пасьля якіх у спадароў Тозіка і Батуры зьяўляюцца праблемы пры рэалізацыі іхных інвэстыцыйных праектаў.

Таму я цудоўна разумею, што РАУСу „далі па галаве“ і сказалі: ну, вы разьбярыцеся ў сябе ўжо там».

Юрыдычную і інфармацыйную падтрымку жыхарам і дачнікам раёну забясьпечвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Намесьнік кіраўніка кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў таксама быў учора затрыманы. Яму патрэбна зьявіцца ў Смалявіцкі РАУС у панядзелак, 16 красавіка:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Я лічу перамогай „Гавары праўду“ на гэтай тэрыторыі тое, што ўлады сёньня ўжо ня могуць адмахнуцца ад гэтай тэмы. Яны павінны размаўляць з людзьмі, прапаноўваць ім нешта. Я ўпэўнены, менавіта канкурэнцыя — тое галоўнае, што можа перамагчы гэту ўладу.

Мы ўжо дамагліся, што ня будзе адсяленьня. Мы ўжо дамагліся, што ва ўказе будзе шмат зьменаў. Ён дагэтуль яшчэ не падпісаны. І я лічу, што гэта таксама перамога. Гэта вельмі добры прыклад, як трэба працаваць І мы павінны ўжываць яго і надалей».

10 сакавіка дачнікі й жыхары некаторых вёсак Смалявіцкага раёну правялі сход супраць будаўніцтва на іх тэрыторыі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Больш як 700 чалавек аднагалосна прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць плянаваную будоўлю. Акрамя таго, быў створаны саюз дачнікаў і вяскоўцаў «Свая сотка», які будзе арганізоўваць юрыдычную абарону маёмасных і грамадзянскіх правоў мясцовага насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG