Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Смалявіцкага раёну, абураныя плянамі будаўніцтва на іхных землях кітайска-беларускага індустрыйнага парку, зьвярнуліся да віцэ-прэм'ера ўраду Анатоля Тозіка з просьбай выканаць сваё абяцаньне й асабіста сустрэцца з тутэйшымі сельскім жыхарамі й дачнікамі.

Вось што тлумачыць «Свабодзе» Валянціна Каляка – адна з падпісантаў звароту да віцэ-прэм'ера Тозіка:

«Ніхто сваю зямлю тут кітайцам не аддасьць! А калі беларускія чыноўнікі хочуць, каб народ выйшаў зь віламі і сякерамі, то яны гэтага дачакаюцца. Мы як можам, народ стрымліваем… чакаем праўдзівых афіцыйных адказаў. І калі ўчора Анатоль Тозік заявіў, што гатовы сустрэцца з тутэйшымі жыхарамі й дачнікамі, то, калі ласка, няхай прыяжджае да нас на сустрэчу і адкажа на пытаньні людзей».

Напярэдадні Анатоль Тозік заявіў, што «будаўніцтва індустрыйнага парку пачнецца яшчэ сёлета й будзе весьціся на абмежаванай тэрыторыі:

«Калі мы пад вытворчыя карпусы асвоім максымум 2–2,5 тысячы гектараў – гэта будзе выдатны вынік!»

Далей чыноўнік паабяцаў:

«Дай Бог, каб мы змаглі гэта стварыць і даць некалькі соцень працоўных месцаў для нашых людзей…»

Анатоль Тозік назваў «лухтой» намеры прыцягнуць у Беларусь 600-тысячную армію кітайскіх гастарбайтэраў ды захапіць тэрыторыю 15-ці смалявіцкіх вёсак і 30-ці дачных таварыстваў.

Тутэйшыя людзі крытычна рэагуюць на заявы чыноўніка:

«Гэта ніякім чынам не супакойвае людзей. І дурню зразумела, што яны пачнуць будаўніцтва на ўчастках, якія вольныя на сёньняшні дзень. Так любая будоўля пачынаецца з аднаго цьвіка», – пераконвае тутэйшы жыхар спадар Леанід.

Карэспандэнт: Вядомая беларуская прымаўка папярэджвае: не кладзі ў рот палец, бо адкусяць руку па локаць…

Спадар Леанід: Гэта так, бо што пан Тозік абяцае… Я Тозіку ня веру, бо ведаю яго асабіста, таксама раней зьвяртаўся па праблемным пытаньні. Ён абяцаў дапамагчы, але пасьля зрабіў усё наадварот.

Інфармацыйную й юрыдычную дапамогу ініцыятыўнай групе дачнікаў і жыхароў Смалявіцкага раёну забясьпечвае грамадзкая кампанія «Гавары праўду». Адзін зь яе лідэраў Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў сёньня «Свабодзе»:

«Я цалкам падтрымліваю зварот людзей сустрэцца з Тозікам. Гэта, на мой погляд, ёсьць першая сапраўдная перамога працы зь людзьмі. Мы дамагліся, што спрэчная дыскусія стала публічнай і агульнай. Гэта вельмі істотна. Дыскусія ня толькі пра Смалявіцкі раён, а наконт будучыні Беларусі.

Ад сустрэчы насельніцтва з Анатолем Тозікам можна чакаць, што ўлада імкнецца нічога не мяняць у сваіх ранейшых рашэньнях. А людзі спадзяюцца на ўзгадненьне пазыцыяў улады і грамадзянаў. Улада жадае інфармаваць і рабіць па-свойму, а грамадзяне жадаюць бачыць, што яны могуць уплываць на прынцыповыя рашэньні ўлады. І гэта мы робім…»

Даведка «Свабоды»

Кітайска-беларускі індустрыйны парк плянуецца пабудаваць у паўднёва-заходняй частцы Смалявіцкага раёну на Меншчыне, непадалёк ад Нацыянальнага аэрапорту «Менск-2». Афіцыйна паведамляецца, што вытворчыя плошчы й жылыя дамы будуць разьмешчаныя на тэрыторыі прыкладна 8 тысяч гектараў. Праўда, на першым этапе нібыта будуць асвоеныя 400 гектараў. Дзейнасьць парку будзе скіраваная на разьвіцьцё такіх вытворчых галінаў, як машынабудаваньне, тонкая хімія, біялягічная мэдыцына, бытавая тэхніка й электроніка.

Амбасадар Кітаю ў Беларусі яшчэ 15 сакавіка паведаміў, што «завяршаецца падрыхтоўка да будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыйнага парку. Праект на стадыі апошняй падрыхтоўкі дакумэнтаў, і сёлета будзе дадзены старт будаўніцтву».
XS
SM
MD
LG