Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смалявіцкіх дачнікаў выклікаюць у міліцыю

абноўлена

26 сакавіка ў міліцыю Смалявіцкага раёну былі выкліканыя жыхары вёсак і ўладальнікі дачаў у садовых таварыствах, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэсьце супраць плянаванага будаўніцтва ў Смалявіцкім раёне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

У панядзелак у Смалявіцкім райадзьдзеле міліцыі пабывалі Валянціна Каляка, Уладзімер Цясьлюк і Юры Кабзараў, якія 10 сакавіка 2012 году выступалі на мясцовым сходзе на тэрыторыі садаводчага таварыства «Алеся». Тады супраць кітайскага тэхнапарка пратэставала больш за 300 чалавек.

Жыхар вёскі Заямнае Смалявіцкага раёну Ўладзімер Цясьлюк быў выкліканы да маёра міліцыі Андрэя Мартысюка, які дапытаў яго пра сход, які прайшоў у дачным масіве 10-га сакавіка.

Жыхарка вёскі Заямнае Смалявіцкага раёну Валянціна Каляка была выкліканая маёрам міліцыі Андрэем Мартысюком:

«Яны выклікаюць ініцыятыўную групу дачнікаў, каб насамрэч запалохаць нас і каб пад прымусам спыніць пратэсты людзей — гэта на мой погляд. Я сказала ім, што мы абараняем правы дачнікаў і вяскоўцаў. І ня спынім гэтага. Нам ніхто ад улады не дапамагае. Па кроплі зьбіраем афіцыйныя дадзеныя па гэтым кітайскім праекце.

А каб нашы інтарэсы былі загадзя абароненыя, то, натуральна, не было б хваляваньняў і сходаў. Але ўлада праўду нам ня кажа, а тое, пра што дазнаёмся самі — нас насьцярожвае і аб’ядноўвае ў гэтым пратэсьце».

Валянціна Каляка паведаміла, што жыхары Смалявіцкага раёну рыхтуюцца да мясцовага рэфэрэндуму з пытаньнем: «Ці лічыце вы неабходным будаўніцтва ў Смалявіцкім раёне кітайска-беларускага індустрыяльнага тэхнапарку?»

Тым часам Аляксандар Лукашэнка, прымаючы сёньня з дакладам старшыню Менскага аблвыканкаму Барыса Батуру, зьвярнуў увагу на розгалас вакол стварэньня кітайска-беларускага тэхнапарку. Ён заявіў, што «нельга тут што-колечы хаваць ад простых людзей, крыўдзіць іх і тым больш абмяжоўваць іх правы. Калі ёсьць якія пытаньні, іх трэба ўхіляць», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ідэя беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку зьявілася ў 2010 годзе. У 2011-м было падпісана міжурадавае пагадненьне пра яго стварэньне. Доля ўдзелу Кітаю — 60%, у беларусаў — 40%. Як плянуецца, індустрыяльны парк будзе месьціцца ў паўднёва-заходняй частцы Смалявіцкага раёну Меншчыны, ля Нацыянальнага аэрапорту «Менск-2». Тэрыторыя — 8 тысяч гектараў.

Кітайскіх інвэстараў прыцягваюць у Беларусь пэўныя ільготы. Зямельныя ўчасткі тут могуць перадаваць у бязвыплатнае карыстаньне тэрмінам на 99 гадоў. Цягам першых 10 гадоў рэзыдэнты і кіраўнічая кампанія вызваляюцца ад падаткаў на зямлю і на прыбытак.

Ужо сёлета кітайцы гатовыя прыступіць да практычнай рэалізацыі праекту. Зялёным сьвятлом для гэтага стане ўхваленьне праекту Аляксандрам Лукашэнкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG