Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні праціўнікаў будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку

абноўлена

Мітынг супраць будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку, архіўнае фота
Мітынг супраць будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку, архіўнае фота

Падчас сустрэчы кіраўнікоў дачных таварыстваў з адміністрацыяй Смалявіцкага раёну затрыманыя Міхаіл Пашкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Васіль Казлоўскі і Юры Ганчар.

23/05 З пастарунку выпусьцілі Андрэя Дзьмітрыева і Міхася Пашкевіча. Ім уручылі позвы: Пашкевіч павінен зьявіцца ў Смалявіцкі РУУС 13 красавіка, а Дзьмітрыеў 16 красавіка.Міліцыянты цікавяцца ўдзелам актывістаў у сходзе дачнікаў 10 сакавіка.

21.45 Пасьля трох гадзінаў знаходжаньня у пастарунку выпусьцілі сябра кампаніі "Гавары праўду" Юрыя Ганчара. Ён распавёў, што ў пастарунку засталіся Міхась Пашкевіч і Андрэй Дзьмітрыеў:

«Мяне апыталі адносна сходу 10 сакавіка і склалі пратакол апытаньня. Яшчэ да пачатку сходу да нас падышоў намесьнік начальніка Смалявіцкага РУУС маёр Мартысюк і прапанаваў Пашкевічу і Казлоўскаму прайсьці зь імі ў пастарунак і даць тлумачэньні па ўдзеле ў сходзе 10 сакавіка. Яны папрасілі даслаць ім позвы. Пасьля гэтага маёр Мартысюк сеў у першы шэраг актавай залі. Раней Андрэй Дзьмітрыеў зьехаў на сустрэчу, якая плянавалася загадзя. Праз 10 хвілінаў выйшаў я, за мной пабег маёр і ўказаў двум міліцыянтам, без тлумачэньня прычыны, правесьці мяне ў пастарунак. Там правялі апытаньне, у тым ліку пра ролю ў арганізацыі сходу Пашкевіча і Дзьмітрыева. У пастарунак даставілі іншых. Дзьмітрыеў быў затрыманы на выезьдзе са Смалявічаў. Калі маёр прапанаваў Пашкевічу выключыць мабільны тэлефон і пакласьці на стол, Пашкевіч адмовіўся і запатрабаваў патлумачыць яго правы і абавязкі. Мартысюк узяў гумовую дубінку і хацеў прымяніць меры сілавога ўзьдзеяньня, стаў павышаць голас і загадаў рыхтаваць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні — непадпарадкаваньне міліцыі».


21.05 Смалявіцкая міліцыя адпусьціла адну з затрыманых Юлію Ляшкевіч без складаньня пратаколу і без усялякіх тлумачэньняў. Пашкевіч, Ганчар, Дзьмітрыеў застаюцца ў пастарунку.

19.45 На актывіста кампаніі "Гавары праўду" Міхала Пашкевіча складаюць пратакол аб непадпарадкаваньні міліцыі. Суд над ім прызначаны на заўтра. Пра іншых затрыманых пакуль інфармацыі няма.

19.42 Cтаршыню садаводчага таварыства «Рэчанька» Васіля Казлоўскага адпусьцілі.Ён распавёў карэспандэнту "Свабоды", што яго затрымалі падчас сустрэчы са старшынёй выканкаму:

«У мяне зазваніў тэлефон, я выйшаў. Мяне запрасілі да намесьніка начальніка Смалявіцкага РУУС Мартысюка для апытаньня наконт сходу 10 сакавіка. Калі я прыйшоў у пастарунак, то там знаходзіўся ўжо адзін з сяброў „Гавары праўду“. А потым падвялі і іншага — Міхася Пашкевіча. А што далей я ня ведаю, бо мяне пачалі апытваць. Яны пыталі ў многіх старшыняў таварыстваў як мы арганізоўвалі гэтую справу. Тых выклікалі два тыдні таму, а мяне, відаць, апошняга. Я сказаў, што мы вырашылі стварыць саюз абароны садаводчых таварыстваў. У сувязі з тым, што трапляем у зону адчужэньня пад гэты індустрыяльны парк. Абсалютна мірная, спакойная гутарка, запратакаліраваная».

«Затрымліваюць за сход дачнікаў, які адбыўся 10 сакавіка. Мяне зараз суправаджаюць для высьвятленьня асобы ў Смалявіцкі РУУС. І цяпер просяць выключыць тэлефон», — паведаміў Міхась Пашкевіч, і тэлефон адключыўся.

У будынку раённага дома кульутры праходзіла сустрэча старшыні Смалявіцкага райвыканакаму з сябрамі садавоцкіх таварыстваў, якія разьмешчаны на тэрыторыі плянуемага будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Маёр Мартысюк, які затрымліваў пратэстоўцаў. Фота Misha Pashkevich



10 сакавіка дачнікі й жыхары некаторых вёсак Смалявіцкага раёну на Меншчыне правялі сход супраць будаўніцтва на іх тэрыторыі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка.Больш як 700 чалавек адзінагалосна прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць плянуемую будоўлю. Акрамя таго быў створаны саюз дачнікаў й вяскоўцаў «Свая сотка», які будзе арганізоўваць юрыдычную абарону маёмасных й грамадзянскіх правоў мясцовага насельніцтва. Юрыдычную і інфармацыйную падтрымку жыхарам й дачнікам Смалявіцкага раёну забясьпечвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
Яе прадстаўнік Аляксандар Фядута адзначыў, што дзейнасьць, якую распачала ў гэтым пляне кампанія «Гавары праўду» пачала сур’ёзна непакоіць уладу.

«Улады, нават кіраўнік дзяржавы, віцэ-прэм’ер і губэрнатар былі прымушаныя мусілі заявіць,што правы ўласьнікаў будуць абараняцца. І супраць волі ніхто ні ў кога хату, лецішча не адбярэ. Але зразумела,што сёньня ўлада кажа адно, а заўтра — другое. Дзеля таго, каб не даць уладзе адысьці ад гэтых заяў і працуе кампанія „Гавары праўду“. Мы павінны дапамагчы простым людзям, як любіць адзначаць Лукашэнка, абараніць свае інтарэсы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG