Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мароз. Урокаў ня будзе!


На працягу апошніх гадоў у беларускіх вёсках былі зачыненыя амаль 400 сярэдніх й базавых школ. Цяпер навучэнцы мусяць дабірацца адтуль на заняткі ў так званыя аграгарадкі.

У маразы дзецям цяжка, а іншым разам і небясьпечна пераадольваць адлегласьці, якія вымяраюцца кілямэтрамі. З-за гэтага, а таксама з прычыны холаду ў многіх школах дазволілі прыпыніць заняткі.

Падрабязнасьці пра тое, дзе і як перапыняюцца заняткі ў школах, ці гатовыя былі школы да экстрэмальных умоў надвор’я — у рэгіянальным дзёньніку «Свабоды».

Гарадзеншчына


У паўночных раёнах Гарадзеншчыны заняткі ў пятніцу адмянілі ня толькі ў малодшых клясах, але і ў старэйшых. Большасьць дзетак не прыйшла сёньня і ў садкі.

Найбольш халодныя цяпер раёны на Гарадзеншчыне — Астравецкі й Наваградзкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, заняткі цалкам прыпыненыя ў 44 школах вобласьці. У пераважнай большасьці іншых школ ад урокаў вызвалілі толькі вучняў пачатковых клясаў.

Вось што, да прыкладу, паведаміла «Свабодзе» выкладчыца Рымшанскай школы Астравецкага раёну:

«У нас сёньня зусім няма дзяцей у школе, у нас 32 градусы ніжэй за нуль, таму і загад па школе выдалі адмяніць заняткі, і ў садку таксама. Бачыце, у некаторых аддаленых вёсках мароз і 34 градусы, як дзе — у нас вялікія маразы».

Дырэктар школы спадар Леанід удакладняе, што яшчэ ўчора заняткі вяліся як звычайна. Было наладжана харчаваньне і дзяцей прывёз аўтобус. Але сёньня, зь яго слоў, бацькі самі не пусьцілі дзяцей у школу.

У дзіцячы садок у вёсцы Палушы Астравецкага раёну сёньня шмат хто не наважыўся давозіць сваіх дзетак з аддаленых вёсак, адкуль трэба дабірацца за 4 і 5 кілямэтраў. Праўда, садок усё ж працуе. Кажа загадчыца, спадарыня Ірына.

Спадарыня: «Прыводзяць бацькі, каму дзетак няма на каго пакінуць».

Карэспандэнт: «А колькі ў садку дзетак?»

Спадарыня: «Усяго ў нас 52, а сёньня толькі 12. Некаторыя бацькі працуюць і вымушаныя былі прывесьці».
Учора я не пусьціла малодшую дачку з-за марозу, старэйшая хадзіла, а сёньня не пусьціла і старэйшую.

Спадарыня Галіна з мужам не далі рады пабудаваць кватэру ў Наваградку і набылі старэнькі дом за 5 кілямэтраў ад гораду. Цяпер іх дзеці дабіраюцца ў школу на маршрутных аўтобусах альбо спадарожным транспартам.

Спадарыня: «Учора я не пусьціла малодшую дачку з-за марозу, старэйшая хадзіла, а сёньня не пусьціла і старэйшую — надта моцныя маразы. Праўда, у школе адмянілі заняткі толькі ў малодшых клясах».

Спадарыня Галіна кажа, што дзецям штодня трэба даць толькі на білет у школу і са школы 7 тысяч рублёў, але халоднымі днямі яна вельмі баіцца пускаць дзяцей адных. Яшчэ дадае, што ў маразы ўсе папуткі спыняюцца і падбіраюць дзяцей і нават грошай не бяруць.

Гомельшчына


У Гомельскай вобласьці, паводле зьвестак абласной управы адукацыі, цалкам альбо часткова спынены заняткі ў 341 школе. Гэта зьвязана з моцнымі маразамі, рэкамэндацыямі мэдыкаў і службы ратаваньня.

Рашэньне абмежаваць заняткі прынята ў 14 раёнах, у тым ліку ў Гомельскім, Буда-Кашалёўскім, Добрускім, Жыткавіцкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Нараўлянскім і Сьветлагорскім. 216 школ закрыты поўнасьцю, у 109-ці адпусьцілі дамоў пачатковыя клясы, у 16 на «марозныя канікулы» пайшлі і вучні 5-6 клясаў.

Былы настаўнік Дубровенскай сярэдняй школы Сьветлагорскага раёну Мікола Бусел кажа, што вясковае будаўніцтва ня надта было прыстасавана да анамальных халадоў — сьцены тонкія, цеплавыя сеткі зробленыя неахайна. Дадаліся і эканамічныя абставіны:

«Кацельні зараз перавялі на дровы. Там, дзе былі добрыя кацельні, вугальныя, з-за эканамічных цяжкасьцяў іх зруйнавалі фактычна. Вось у Дуброве была выдатная кацельня, яе зруйнавалі. А дровы — яны нізкакалярыйныя. Ды яшчэ сеткі зробленыя ня надта ахайна — вядома, вясковае будаўніцтва. Таму ў нас у школе было 13 градусаў нават без асабліва вялікіх маразоў. Калі вуглавыя клясы, то, бывала, сядзелі ў вопратцы. У мяне нават ёсьць апавяданьне, калі ў настаўніка з носа капалі кропелькі, то дзеці іх лічылі. Значыцца, шэсьць кропелек упадзе — канец уроку».

Суразмоўца згадвае адну школу, на якую б варта было раўняцца:

«Я ведаю, што ў Сьветлагорску школа № 12, дык там сьцены зрабілі ў дзьве цагліны і вокны паставілі добрыя — і там цёпла».

У моцныя маразы няпроста стала падвозіць школьнікаў на заняткі. У Добрускім раёне нават старшаклясьнікі Ленінскай школы не паехалі сёньня на заняткі ў Церахоўскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат.
Не прывозілі дзяцей, не завяліся своечасова аўтобусы.

Прадстаўніца вучэбнага камбінату апавяла: «Не прывозілі дзяцей, не завяліся своечасова аўтобусы. Мы ж возім дзяцей з маланаселеных пунктаў у буйнейшыя, так сказаць, у школу й дзіцячыя садкі. Гэта ж нядобра, калі школьнікі стаяць недзе на прыпынку ці ў іншым месцы, а аўтобус затрымліваецца. Былі выпадкі, што па дзьве гадзіны трэба грэць аўтобус, каб ён паехаў».

У шэрагу школ у рэгіёнах заняткі сёньня спынілі з-за анамальна моцных маразоў. Напрыклад, у Дубавіцы Кармянскага раёну на заняткі не пайшлі нават вучні старэйшых клясаў.

Апавядае пэдагог мясцовага адукацыйнага комплексу: «З 7 па 11 клясы мы вучыліся, і ўчора ў нас былі вучні, мы займаліся. А сёньня ўжо, паколькі больш як 30 градусаў марозу — нават 33–34, то адмянілі заняткі ва ўсёй школе».

Працуе ў Дубавіцы толькі дзіцячы садок — сюды прывезьлі дзяцей вяскоўцы, каму няма з кім іх пакінуць дома. Зь іншых вёсак у садок дзетак не прывозілі.

Меншчына


У маразы перапыненыя заняткі ў школах 13 раёнаў сталічнага рэгіёну. У Барысаўскім, Капыльскім, Маладэчанскім, Слуцкім, Смалявіцкім, Нясьвіскім раёнах, а таксама ў Жодзіне, Лагойску, Заслаўі, Мачулішчах ня вучацца школьнікі пачатковых клясаў. У Вілейскім раёне закрытыя дзьве школы, Салігорскім — тры, у Менскім, за выключэньнем Заслаўя і Мачулішчаў, і Любанскім раёнах ня ходзяць у школу ўсе тутэйшыя вучні.

На сёньня ў Пухавіцкім раёне спыненыя заняткі ў 25 вясковых школах.

Пра прычыны паведаміла слухач «Свабоды» Тацьцяна Ільініч: «Пухавіцкі раён — даволі вялікі па тэрыторыі. І тут шмат школ, да якіх трэба дзяцей падвозіць. Да прыкладу, суседняя вёска ад школы ў вёсцы Талька знаходзіцца за 5 кілямэтраў. І вёска Блужа — таксама за некалькі кілямэтраў…»

У суседнім Капыльскім раёне таксама закрытыя некалькі школ. Удакладняе Галіна Ткачэнка — жыхарка вёскі Цімкавічы:

«Вялікую тэрыторыю ахоплівае зараз Цімкаўская школа, бо да цяперашняга навучальнага году зачыніліся дзьве суседнія — у Браткаве (базавая была) і ў вёсцы Лешня».

Карэспандэнт: «І за колькі кілямэтраў дзецям даводзіцца дабірацца?»

Спадарыня Галіна: «Далекавата, канечне».

Заняткаў у Пухавіцкім і Капыльскім раёнах, а таксама яшчэ ў 11 ня будзе яшчэ і на пачатку наступнага тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG