Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест даху над галавой — кардонная ўпакоўка ад лядоўні


У Беларусі ўжо тыдзень трымаецца марознае надвор’е. Начныя і ранішнія маразы мацнеюць, дзе-нідзе аж да мінус 27 градусаў. Каму ўзімку даводзіцца найцяжэй? Дзе ў гэты час ратуюцца беларускія бамжы? Хто ім дапамагае? Ці далучаныя да гэтая справы дзяржаўныя органы?


Гомельшчына


У Гомелі халоднае надвор’е вымушае бяздомных шукаць цяпла на вакзалах, у пад’ездах і нават у каналізацыйных люках, дзе праходзяць трубы ацяпленьня.

У залі чаканьня аўтавакзалу — паўдзясятка бадзяжных людзей. Транспартная міліцыя пэрыядычна выправаджвае іх на вуліцу.

Спагадлівыя пасажыры, такія, як спадарыня Соня, заступаюцца за бамжоў:

«Адсюль во выганяюць, дык я лаюся зь міліцыянтам: „Навошта вы выганяеце? Куды? На вуліцу? Няхай сядзіць“. Міліцыянты ў адказ: „Што вам трэба, каб смурод быў?“ Няхай смурод. А што рабіць? Усе ж людзі! Хто яго да гэтага давёў? Ён жа быў чалавек, працаваў. Яны былі ўсе „рабацягі“!

Дзе ім начаваць? Ім трэба прытулак нейкі зрабіць, каб кожны бедалага, гаротнік ведаў, што знойдзе прытулак у цёплым месьцейку — хоць на падлозе, але ў цёпленькім пасяджу».

Спадарыня Соня абараніла ад міліцыі 47-гадовага Паўла, чарнобыльскага перасяленца з Хойніцкага раёну.



Мінулую марозную ноч Павал правёў у пад’езьдзе шматпавярховага дома на Рэчыцкай шашы:

«Я там ад шафы дошкі бяру, газэты падсьцілаю і кладуся. Пад галаву мяшок — усё. Так і ляжу».

Суразмоўца кажа, што галоўнае — дацягнуць да цяпла. А там ён наважаны вярнуцца ў Хойніцкі раён, заняць якую пустую хату ў вёсцы і жыць да чарговых халадоў.

Спадар Васіль, якому яшчэ няма й пяцідзесяці, бадзяецца па горадзе ўжо 18 гадоў. Раней працаваў на заводзе «Карал», некаторых іншых прадпрыемствах. Злоўжываў алькаголем і ў выніку застаўся без жытла, бяз працы. Кажа, што перанёс больш за 30 апэрацый, бо ня раз адмарожваў і рукі, і ногі, і нават аднойчы моцна абгарэў.



Начуе дзе прыйдзецца, у тым ліку й пад адкрытым небам. Галоўнае — знайсьці ўпакоўку ад лядоўні «Атлянт» і якую коўдру ці старое футра:

«Проста пастарацца знайсьці кардонную ўпакоўку „Атлянт“, знайсьці месца, каб ветру не было, і пару футраў — адно пад сябе, другім — ногі захутаць».

Васіль лічыць, што гарадзкія ўлады маглі б афіцыйна даць бяздомным людзям пусты дом, і яны б самі да маразоў зрабілі б сабе прытулак.



Тым часам мясцовыя ўлады толькі прадэкляравалі, што арганізуюць прытулкі для бяздомных у абласным цэнтры, а таксама ў Жлобіне, Мазыры, Рэчыцы й Сьветлагорску.

Ва Ўкраіне бяздомныя атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы


Падобныя прытулкі, дарэчы, арганізоўваюць у суседняй Украіне. Іх не хапае пакуль. Аднак ні мэдыі, ні ўлады не замоўчваюць праблему, і асабліва цяпер, калі ад моцных маразоў людзі гінуць.

Жыхар Чарнігава Пятро Антоненка: «У нас у Чарнігаве дапамога аказваецца бяздомным пры цэрквах, манастырах. Ёсьць у Чарнігаве і прытулак для бяздомных. Гэта дзяржаўная дапамога па лініі сацыяльнай абароны. Некалькі дзясяткаў бяздомных тут могуць жыць і тыдзень, і два, і болей».

Магілёўшчына


Двух вулічных бадзягаў напаткаў я ў цэнтры гораду ля сьметніцы. На прапанову пагутарыць яны пагадзіліся, не ўпіраючыся. Жывуць двое мужчынаў у падвалах. Сябе наўпрост называюць бамжамі:

«Кепска, што падвалы цяпер гэтыя зачыняюць. Дзе бамжам падзецца? Вось адчыняем падвал які, тады туды залезем. Харчуемся вось тут. Вось бачыце, насупраць піцэрыя. Выцягваем мяхі са сьмецьцем і бяром той хлеб, які яны выкідаюць. Трапляецца й рыба чырвоная, і курыца. Калі ёсьць добры падвал, то плітку можам паставіць, але мы дужа пільнуем, каб там нічога не загарэлася. Вось так і выжываем».
Кепска, што падвалы цяпер гэтыя зачыняюць. Дзе бамжам падзецца?

«Хоць бы нам далі які пакой. Я з восьмага году, як вызваліўся, я яшчэ малады, мне сёньня 26 гадоў споўнілася, у мяне ногі гнояцца, з нагамі я ледзь хаджу. І рукі за зіму паабмарожвалі, і ног ня чуем».

Карэспандэнт: «А ў царкву ці ў касьцёл — ці ходзіце? Там, кажуць, чай бясплатна разьліваюць?»

«Я спрабаваў. Там наагул не даюць на жыцьцё. Нават праганяюць адтуль. Мы ня людзі, як яны сказалі».

«Там нават на царкве напісана такая аб’ява: „Не падавайце жабракам — гэта не ідзе на дабро ні вам, ні ім“. Ну вось такія справы».

«Я вось прыйшоў на вуліцу Навіцкага, там ёсьць міліцэйскі прыёмны пункт для бамжоў спэцыяльна, і са мной быў родны брат. Ён інвалід першай групы. Мне кажуць: „Ідзі засяляйся“, а яму сказалі — не, і ўсё. І вось куды яму ў такі люты мароз? Добра, у мяне ёсьць сябар, у вёсцы Хонава жыве, дык я брата да яго адвёз, ён там і сядзіць».

Карэспандэнт: «Помачы вам ні ад кога няма?»

«Ніякай помачы. Хоць бы што са шмотак далі, няхай ня ежы. Харчы мы знойдзем на сьметніцы».

Ля адной з цэркваў пагутарыў з аднаногім інвалідам. На ўваходзе ў яе ён жабраваў.

«Дзесяць месяцаў таму я вызваліўся з калёніі. У мяне няма ні бацькоў, нікога. Вось таму даводзіцца ў людзей прасіць міласьціну. Холадна, канечне. Але грэесься як-небудзь. Пастаіш на вуліцы. У царкве пасядзіш — потым зноў на вуліцу. Яшчэ, як назло, далі мне без нагі трэцюю групу, працоўную. А нідзе не бяруць на працу. У царкве іншым разам дапамагаюць. Харчы даюць. Каб не царква, я ня ведаю, што б рабіў».

Карэспандэнт: «А ці шмат з вамі жабруюць тут ля царквы?»

«Тут пад царквой тры чалавекі. Дзяўчына на вазку — яна інвалід першай групы, я і яшчэ адзін мужчына. Некуды адышоў ён. А астатніх прыбіраем адразу. Па-людзку просім — „ідзі гуляй“, і ўсё. Між намі траімі канфліктаў няма».

Дом начнога знаходжаньня для бяздомных у Менску перапоўнены


Адзіны ў Менску начны прытулак для бяздомных мае 92 ложкі. Усе яны цяпер занятыя. І, як кажа намесьніца дырэктара Раіса Валашчук, колькасьць часовых пастаяльцаў няўхільна павялічваецца:

«Калі ў гарадзкіх шпіталях ёсьць вольныя месцы, то мы менавіта ў шпіталі накіроўваем чарговага бяздомнага… Вось літаральна напярэдадні аднаго такога памылі, пачысьцілі, і яго забралі таксама ў лякарню, бо ў яго абмарожаныя ногі. Тут нашы мэдыкі гэта вызначылі і адправілі…»

Суразмоўца нагадвае, што менская начлежка існуе ўжо дванаццаты год. На сёньня яна ўжо ня здольная даць прытулак усім бамжам у Менску. Таму ўлада нетаропка шукае магчымасьці, каб ратаваць болей бамжоў.

Карэспандэнт: «Калі пабудаваць у Менску яшчэ тры будынкі такога прытулку, то, відавочна, і яны б былі цалкам запоўненыя?»

Валашчук: «Ну, хто яго ведае… Магчыма, у пэрспэктыве і будзе так. Думае, думае над гэтым кіраўніцтва нашай сталіцы…»

Халады хутка мінуць


Прэзыдэнт геаграфічнага таварыства Беларусі, дацэнт катэдры біяэкалёгіі БДУ Валянцін Яцухна ўдакладніў для «Свабоды», што халоднае надвор’е ў Беларусі будзе доўжыцца яшчэ некалькі дзён:

«Над тэрыторыяй нашай краіны ўсталяваўся халодны антыцыклён, які прасоўваецца з Архангельскага рэгіёну Расеі. Гэты антыцыклён цяпер канцэнтруе нізкія тэмпэратуры, таму маразы ўзмацняюцца. Але гэтая зьява — часовая. Мяркую, што маразы зоймуць яшчэ некалькі дзён, а пасьля адбудзецца пацяпленьне».
XS
SM
MD
LG