Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Статкевіча: «Мне дзякуюць за сына»


Віктар Статкевіч
Віктар Статкевіч

19 cьнежня бацька палітвязьня Міколы Стакевіча адзначае 85-годзьдзе. Павіншаваць яго ў Баранавічах, дзе ён жыве ў самоце, прыходзілі мясцовыя актывісты, сябры яго зьняволенага сына.

Старшыня баранавіцкай гарадзкой арганізацыі АГП Анжэла Камбалава распавяла, што Віктар Паўлавіч пачаставаў гасьцей гарбатай з цукеркамі. Віктар Паўлавіч трымаецца добра, але ўсе яго думкі — пра сына, які цяпер у штрафным ізалятары магілёўскай турмы № 4.

«Ён увесь час гаворыць, што вось Коля тэлефанаваў тады і тады, вось апошні ліст ад 4 студзеня атрымаў два дні таму. Колькі ішоў гэты ліст. Ён жа ведае, што Міколу там катуюць, хочуць зламаць. У яго ўсе размовы пра гэта. Яму толькі адзін падарунак патрэбны — сына дачакацца».

Віктар Статкевіч зачытаў гасьцям ліст, які атрымаў ад сына яшчэ са шклоўскай калёніі. У гэтым лісьце Мікола даслаў віншавальныя словы бацьку. Паводле актывіста Віктара Сырыцы, бацьку Міколы Статкевіча сябры і паплечнікі наведваюць кожны тыдзень.

«Ён хоча хоць неяк палепшыць становішча сына. Ён заклапочаны тым, што Мікола цяпер у карцэры, у больш жорсткіх умовах, што не пускаюць да яго Марыну Адамовіч. Таму і настрой у яго ня вельмі там добры. Сумны ён і вельмі перажывае за сына. Чытаў ліст ад Мілінкевіча віншавальны, атрымаў віншавальны ліст зь Берасьця, з Гомелю. Наша газэта „Intex-press“ віншавала яго сёньня асабіста, журналісты прыходзілі на кватэру. І сын павіншаваў яго, апошняе яго пісьмо было ад 4 студзеня».

Як сябе адчувае Віктар Паўлавіч у свае 85 гадоў?

«Прымае лекі, ходзіць у лякарню. Але ён ходзіць пешшу вельмі шмат. Сам ходзіць у краму, прыбірае сам сваю кватэру, нам не дазваляе гэта рабіць. Таму трымае форму, малайчына».
З воўчых лапаў няпроста адтуль вырвацца. Я ўжо ўсялякую надзею страціў.

Віктар Паўлавіч кажа, што яму не да юбілеяў:

«Які ў мяне юбілей, калі гэты юбілей заліты сьлязьмі? Многа мне тэлеграм прыйшло, паштовак, і яшчэ тэлефануюць, што будуць прыносіць. Вось я толькі бандэрольку прынёс зь Менску. Я яе яшчэ не распакаваў. Гэта ад Кулеш Іны. Я яе ніколі ня бачыў. Мне шлюць лісты, тэлеграмы, кнігі. Мне дзякуюць за сына».

Віктар Паўлавіч кажа, што самым чаканым для яго падарункам была б сустрэча на волі з сынам.

«З воўчых лапаў няпроста адтуль вырвацца. Я ўжо ўсялякую надзею страціў. Ён жа ўжо ў турме. Там ні пасылак, ні спатканьняў, нічога няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG