Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самы галоўны плюс „крытак“ — іх сядзельцы»


Так званых «крытак», або крытых турмаў, дзе асуджаныя адбываюць пакараньне не ў бараках, а ў камэрах, у Беларусі тры: у Горадні, Магілёве ды Жодзіне.

Магілёўская турма № 4 прызначаная для падсьледных, перасыльных ды пераважна «першаходаў» з агульнага, а таксама ўзмоцненага рэжыму. Апошнія — асуджаныя паводле артыкулу 411 за дэзарганізацыю рэжыму ў папраўчых установах. Турма пабудаваная ў сярэдзіне 1960-х. Апошнім часам празь яе прайшло нямала палітвязьняў. Падчас этапаваньня тут знаходзіліся Валеры Леванеўскі, Артур Фінькевіч, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Дашкевіч. Летам у «крытку» з Магілёўскай калёніі быў пераведзены «злосны парушальнік» і актывіст незарэгістраванай «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Яўген Васьковіч. А нядаўна з шклоўскай ПК — «злосны парушальнік» і кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч.

Колішні асуджаны «эканаміст» Андрэй адбываў пакараньне ў чацьвёрцы некалькі гадоў таму. Падставай стаў усё той жа 411 артыкул. Паводле ягоных словаў, утрыманьне ў «крытцы» вельмі нагадвае СІЗА, аднак пры гэтым камэры тут менш перапоўненыя. Самы істотны плюс — гэтак званы чалавечы фактар або сядзельцы.

«Як правіла, гэта вельмі годныя людзі, — сьцьвярджае Андрэй. — Проста яны былі нязручнымі ды няўгоднымі кіраўніцтву ПК, найперш з-за свайго стаўленьня да парушэньня правоў чалавека за кратамі».

Былы сядзелец чацьвёркі ўзгадвае, што ў час ягонага зьняволеньня пры засяленьні камэраў улічвалася «каставасьць» асуджаных. Так званых «блатных», або тых, хто ўсё жыцьцё займаўся крыміналам, саджалі да «блатных». Так званых «мужыкоў», або тых, хто па жыцьці ня быў зьвязаны з крыміналам, але адмовіўся прызнаць сваю віну і супрацоўнічаць з адміністрацыяй, кідалі да «мужыкоў». «Кіраўніцтва турмы не было зацікаўленае ў канфліктах. Цяпер жа, у выніку апошняга разьвіцьця падзеяў, ніхто ня можа выключыць правакацыяў з боку турэмнікаў».
Як правіла, гэта вельмі годныя людзі.

«Зразумела, — працягвае Андрэй, — з гледзішча бясьпекі, а таксама, гэтак мовіць, філязофскага асэнсаваньня сытуацыі ў „крытцы“ сядзець лепш. У пляне побыту ў чацьвёрцы таксама няблага. Прынамсі праблемаў з душам і гарачай вадой не было. Праблемы былі ў абмежаваньнях перадачаў, і галоўнае — у абмежаваньні руху».

У дзень «крытнікам», а таксама падсьледным дазваляліся прагулкі ў турэмных дворыках памерам 15 квадратных мэтраў. Працягласьць такога шпацыру — гадзіна. Для «крытнікаў» прызначаныя дворыкі ўнізе, для падсьледных — тыя, што пад дахам.

Сувязі паміж СІЗА і «крытнікамі» няма. Паміж камэрамі, аднак, дзейнічае паштовая сувязь праз унітазы. Таксама ёсьць сваё «радыё» — перастукваньне празь сьцены. Так што ўтоіць штосьці немагчыма.

Найбольш цяжка Андрэем пераносілася ўтрыманьне ў адзіночным карцэры. Менавіта ў карцэр адразу пасьля Шклова накіравалі палітвязьня Міколу Статкевіча.

Валеры Леванеўскі
Валеры Леванеўскі
Палітвязень Валеры Леванеўскі, які некаторы час сядзеў у чацьвёрцы, кажа, што нягледзячы на перапоўненасьць астрогаў, асуджанага, тым ня менш, могуць аднаго зьмясьціць у камэру, разьлічаную на 8 чалавек. Толькі дзеля таго, каб не аказваў нэгатыўнага ўплыву на іншых:

«Мяне кідалі аднаго і ў чатырохмясцовыя, і ў васьмімясцовыя камэры. Проста не давалі мне магчымасьці з кімсьці гутарыць. Паводле адміністрацыі, я адмоўна ўплываў на асуджаных і тыя пачыналі вывучаць законы, пісаць скаргі і г. д. Наогул, гэта вельмі цяжка — сядзець аднаму, на трэція-чацьвёртыя суткі літаральна „зрывае дах“ ад адзіноты. Чалавеку трэба кантактаваць. Але ж ня ўсе пераносяць адзіноту так цяжка. Калі гаварыць пра цяперашніх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў адзіночках — Саньнікава, Дашкевіча, Статкевіча, то яны трымаюцца вельмі годна. Мяркуючы па тым, як паводзіць сябе адміністрацыя, — яны не зламаныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG