Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Spiegel: З крытыкаў рэжыму зрабілі небясьпечных злачынцаў


Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка кідае асуджаных палітвязьняў у турмы з усё больш жорсткімі ўмовамі, дзе да людзей ставяцца як да жывёлінаў.

Апошнімі днямі ў «крытыя турмы», прызначаныя для самых злосных крымінальных злачынцаў, былі пераведзеныя з папраўчых калёніяў Мікола Статкевіч і Мікалай Аўтуховіч, піша нямецкае выданьне «Spiegel Online». Публікацыю перадрукавалі іншыя нямецкамоўныя СМІ.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які сядзіць за кратамі ад лютага 2009 году за пяць патронаў, у знак пратэсту супраць незаконнага прысуду і самаўпраўства турэмных уладаў некалькі разоў абвяшчаў працяглыя галадоўкі, а таксама ўскрыў сабе вены. Вынік знаходжаньня за кратамі — хранічныя захворваньні; належнай мэдычнай дапамогі Аўтуховіч ня мае. У адным з сваіх апошніх пісьмаў на волю палітвязень напісаў: «Яны ставяцца да мяне не як да чалавека, а як да жывёліны».

У «крытую турму» для небясьпечных злачынцаў крыху раней за Аўтуховіча быў пераведзены і экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч. Ён атрымаў шэсьць гадоў зьняволеньня за ўдзел у масавых пратэстах у сьнежні 2010 году супраць пераабраньня дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Ані Мікалай Аўтуховіч, ані Мікола Статкевіч, ані Андрэй Саньнікаў, ані іншыя палітвязьні, якія цяпер у няволі, не прызналі сваёй віны і не пажадалі пісаць прашэньне на імя прэзыдэнта аб памілаваньні.

Раней Лукашэнка патлумачыў, што гэтыя людзі, маўляў, захацелі стаць героямі:

«Я і кажу ім: «Бог з вамі, будзьце героямі. Сядзіце...»
XS
SM
MD
LG