Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


МОЦНЫ ВЕЦЕР ДЫ СЬНЕГ З ДАЖДЖОМ...


Удзень 0 — плюс 5°С, у заходніх раёнах Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей да плюс 8°С.


ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:


У Страсбуры камітэт у замежных справах Эўрапейскага парлямэнту абмяркуе пытаньне дачыненьняў Эўразьвязу з афіцыйным Менскам. На паседжаньні камітэту будзе заслуханы даклад дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю.

У судзе Шклоўскай папраўчай калёніі №17 пройдзе паседжаньне, на якім маюць разгледзець ініцыятыву адміністрацыі ўзмацніць рэжым адбываньня пакараньня былому кандыдату ў прэзыдэнты Міколу Статкевічу.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску працягнецца разбор па адміністрацыйнай справе ў адносінах да актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленкі, якога вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня пакараньня – “хатняй хіміі”.

Круглы стол, прысьвечаны памяці ахвяраў сталінскага тэрору (Менск, вул. Куйбышава, 22, 12.00).

Адкрыцьцё выставы “Прасторы вольныя зямлі” – на ёй будуць экспанаваць каля 80 жывапісных твораў беларускіх мастакоў, выкананых у жанры пэйзажу (Менск, Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, вул. Леніна, 20, 17.00).

Прэзэнтацыя каталёгу “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы” (Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы, вул. Я. Купалы, 4).


***
У вечаровым эфіры “Свабоды” – чарговае “Падарожжа Свабоды”.

Зьміцер Бартосік запрашае ў вёску Пагост на Тураўшчыне. Напрыканцы 2010 году гэтая вёска стала вядомай на ўвесь сьвет дзякуючы рэйтынгу Сі-Эн-Эн, трапіўшы ў лік 10 месцаў у сьвеце, дзе найлепш адзначаць Каляды.

Ці сапраўды варта ехаць у Пагост? Што там можна пабачыць? І што пачуць?


***
Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень – дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


1591 – Менск атрымаў гарадзкі герб: у блакітным полі – ушэсьце Дзевы Марыі.

1895 – у Менску была адкрытая першая электрастанцыя. Яна знаходзілася на правым беразе Сьвіслачы, побач зь цяперашнім будынкам Дзяржаўнага цырку. Станцыя сілкавала электрычнасьцю амаль чатырыста лямпачак, палова зь якіх была ў вулічных ліхтарох.

1989 – прайшоў Усесаюзны перапіс жыхарства. Згодна зь яго вынікамі, у Беларусі на той час жыло 10 мільёнаў 200 тысяч 200 чалавек.

2010 – на Гаіці здарыўся катастрафічны землятрус. Больш як 100 тысяч людзей загінулі.

2011 – на аснове пастановы Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні быў спынены эфір незалежнай менскай радыёстанцыі “Аўтарадыё”.

У гэты дзень нарадзіліся:

1901 – Антаніна Абрэмбская-Яблонская, польская мовазнаўца, першая і шматгадовая кіраўніца катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Супольна зь Мікалаем Бірылам уклала “Падручны польска-беларускі слоўнік” (1962).

1906 – Язэп Малецкі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, рэдактар і выдавец, доктар мэдыцыны, аўтар кнігі ўспамінаў “Пад знакам Пагоні” (1976).

1917 – Міхась Калачынскі, беларускі паэт, у 1960 – 1978 гг. галоўны рэдактар часопісу “Беларусь”.

1919 – Васіль Хомчанка, беларускі празаік. У 1937-м быў рэпрэсаваны, адбываў пакараньне на Далёкім Усходзе. У ліку найбольш вядомых твораў – аповесьць “Пры апазнаньні – затрымаць” (1983) пра жыцьцёвы і творчы шлях Францішка Багушэвіча. У кнізе аповесьцяў і апавяданьняў “Цар — зэк Сямён Івашкін” (1992) адлюстраваў падзеі пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў.

1929 – Дзьмітры Бугаёў, беларускі крытык і літаратуразнаўца. Прафэсар, выкладаў у БДУ. Напісаў кнігі пра Максіма Гарэцкага, Максіма Танка, Васіля Быкава ды многіх іншых літаратараў.

1941 – Уладзімер Мулявін, музыка, кампазытар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамблю “Песьняры”, народны артыст Беларусі і СССР.

1959 – Вераніка Чаркасава – беларуская журналістка. Працавала на Беларускім тэлебачаньні, у выданьнях “Голас Радзімы”, “Имя”, “БДГ”, “Наша Свабода”, “Белорусская газета”, “Салідарнасць”. У кастрычніку 2004 году была па-зьверску забітая ва ўласнай кватэры ў Менску.

У гэты дзень памерлі:

2000 – Яўген Глебаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі і СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

2002 – Яўген Кулік, мастак, грамадзкі дзяяч, сябра суполкі “Пагоня” і адзін з ініцыятараў яе стварэньня. У 1991 годзе браў удзел у стварэньні графічнага эталёну гербу “Пагоня” як дзяржаўнага сымбалю Рэспублікі Беларусь.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Кажуць: зло нараджае зло. А найчасьцей – яго нараджае надзея на адпушчэньне грахоў”.
Максім Танк

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ”:


За кіпучай чэкісцкай работай. 12 студзеня

Пастаўкі нафты спыненыя. Яшчэ адна падножка Крамля?

Праляскоўскі «ануляваў» «Аўтарадыё»

Эўропа — Менску: "Без усялякіх умоваў выпусьціць усіх затрыманых"

Мілану Міхалевіч прасілі ня ехаць у Брусэль і Варшаву

"Зь мяне зрабілі тэрарыста"

Пікет каля амбасады Беларусі ў Варшаве

На Каляды — да Ўльяны Захаранкі

“Саўка ды Грышка”: Грыша ня выйшаў ізь цюрмы

Невясёлыя карцінкі, 12.01.2011

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG