Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За кіпучай чэкісцкай работай. 12 студзеня


Ператрус у Гомелі

Ператрус у Гомелі

Хроніка рэпрэсій. Вобыскі, ператрусы, затрыманьні, допыты ў КДБ і міліцыі працягваюцца ў розных гарадах Беларусі.


Тацяну Севярынец дапыталі пра Плошчу


Выйшаўшы каля 22.45 з менскай управы КДБ, спадарыня Тацяна паведаміла, што допыт доўжыўся больш за паўтары гадзіны. Інфармацыі пра сустрэчу з сынам, якая зьявілася на некаторых інтэрнэт-сайтах, яна катэгарычна абвергла.

Сьледчага КДБ цікавіла, дзе Тацяна Севярынец знаходзілася 19 сьнежня. Пра сустрэчу са зьняволеным у СІЗА КДБ Паўлам Севярынцам гаворкі не было.


Андрэя Пачобута забралі ў КДБ, у Аляксея Салея адбыўся ператрус


21:00 Пасьля ператрусу на кватэры, дзе жыве ў Горадні журналіст “Gazety Wyborczej” Андрэй Пачобут, яго забралі на допыт у КДБ. Пра гэта паведаміў Аляксей Салей, фотакарэспандэнт газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie”. Мабільныя тэлефоны А.Пачобута адключаны.

У самога А.Салея дома нядаўна таксама закончыўся ператрус, які працягваўся 2,5 гадзіны. Кіраваў супрацоўнік КДБ Андрэй Маркавец, “бегалі і шукалі” у кватэры Валеры Мядзьведзеў і Яўген Сяўрук, паведаміў Аляксей. Што канкрэтна яны шукалі — не ўдакладнілі, толькі сказалі: тое, што можа быць зьвязана з масавымі беспарадкамі ў Менску.


Тацяну Севярынец вязуць у КДБ для сустрэчы з сынам?


Павал Севярынец
У 19-45 маці Паўла Севярынца Тацяна Яўгенаўна паведаміла па тэлефоне, што яе вязуць у КДБ для сустрэчы з сынам. Прычым супрацоўнікі КДБ дзеля гэтага перахапілі яе па дарозе на цягнік ў Варшаву. Раней Тацяна Яўгенаўна падавала хадайніцтва на сустрэчу з сынам, але атрымала адмову быццам бы "з-за немэтазгоднасьці" гэтай сустрэчы. Сёньня яна падала скаргу ў Генэральную пракуратуру, паведамляе сайт БХД.



Міхалевічаў зноў трасуць


19.40
На кватэры экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча — чарговы ператрус. Цэлая каманда супрацоўніка КДБ нешта ўпарта шукае. Жонка зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мілана Міхалевіч 11 студзеня ўвечары змагла пачуць мужа па тэлефоне. Яна мяркуе, што тэлефанаваньні маглі паступіць з установаў КДБ. Абодва разы яна чула голас Алеся Міхалевіча і нечы голас "за кадрам". Ёй было сказана, каб яна ня ехала ў Брусэль і Варшаву і таксама нікому не распавядала пра гэтае тэлефанаваньне. Спадарыня Мілана адказала, што маўчаць ня будзе. Ёй па тэлефоне паабяцалі, што, калі яна будзе маўчаць і не паедзе, то зможа яшчэ раз пачуць голас мужа. Калі яна спыталася ў Алеся, што можа быць, ён адказаў, што "нічога горшага ня зробяць".


Горадня: маці Салея не пускаюць у кватэру, дзе адбываецца ператрус


20.40 Ірыну Салей, маці Аляксея Салея, фотакарэспандэнта газэты «Głos znad Niemna na uchodzstwie», не пускаюць у кватэру, дзе супрацоўнікі КДБ праводзяць ператрус. У кватэры знаходзіцца сам Аляксей. Ірына Салей прызналася, што яна хворая, але мусіць некалькі гадзінаў чакаць пад дзьвярыма ў пад’езьдзе, ня ведаючы, колькі яшчэ часу працягнецца вобшук.

Тацяну Севярынец затрымалі супрацоўнікі КДБ


19.40
Маці зьняволенага палітыка, якая зьбіралася сеньня ўвечары ад’ехаць у Варшаву, затрымалі каля дома дачкі Ганны ў Менску. Паводле Тацяны Севярынец, супрацоўнікі КДБ падышлі да яе, калі яна ўжо выправілася на вакзал. Яны прад’явілі ёй позву да сьледчага па прозьвішчы Санько і сказалі, што на допыт яна мусіць зьявіцца неадкладна — паехаць разам зь імі. У позьве гаворыцца, што яе трэба дапытаць у якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Затрыманьне адбылося ў 19:40, калі да адпраўленьня варшаўскага цягніка заставалася гадзіна.

Намесьніка старшыні БАЖ дапыталі ў КДБ


19.55
Намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца выклікалі на размову па тэлефоне 11 студзеня, і сёньня ён наведаў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Яго дапыталі як сьведку па справе аб падзеях у Мінску 19–20 студзеня. Пра сутнасьць размовы ён паведаміць ня можа, паколькі даў падпіску аб неразгалошваньні. Допыт доўжыўся каля трох гадзінаў. У КДБ выклікаюць таксама старшыню арганізацыі Жанну Літвіну, паведамляе прэс-служба ГА "БАЖ".


Ператрусы ў Пачобута і Салея


Анджэй Пачобут
18 34
Сёньня пры канцы дня ў Горадні супрацоўнікі КДБ пачалі ператрусы у журналіста «Газэты Выборчэй» Андрэя Пачобута і ў фотакарэспандэнта газэты «Глос знад Немна» Аляксея Салея. Аляксей Салей паведаміў Свабодзе у першай палове дня, што праз суседзяў яму перадалі позву на паўторны допыт у КДБ, але з прычыны хваробы ён застаўся дома. У канцы мінулага месяца спадара Салея ўжо выклікалі на гутарку з нагоды падзеяў на плошчы ў Менску 19 сьнежня.


Люцыя Халіп: «Мне забаранілі паведамляць пра вынікі ператрусаў»



Ірына Халіп
18.25
12 студзеня супрацоўнікі КДБ правялі чарговы ператрус у кватэры Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп на вуліцы Кісялёва, а потым зрабілі ператрус у кватэры бацькоў Ірыны Халіп. Маці журналісткі Люцыя Юр’еўна прысутнічала падчас абодвух ператрусаў, але яна ня можа паведаміць пра вынікі.




Калі не трасуць, дык дапытваюць


16:35 Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах выклікаюць у мясцовыя аддзяленьні міліцыі і КДБ. Супрацоўнікі спэцслужбаў патрабуюць падпіскі аб неразгалошваньні дэталяў допыту, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Аднак вядома, што актывістаў у КДБ запалохваюць і спрабуюць прымусіць да супрацоўніцтва.

Кастусёву не дазволілі выехаць у Варшаву


13:56
Сьледчы КДБ Беларусі не дазволіў экс-кандыдату ў прэзыдэнты Рыгору Кастусёву выехаць у Варшаву для ўдзелу ў канфэрэнцыі, на якой будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі.Пра гэта Інтэрфаксу паведамілі ў прэс-службе Партыі БНФ. "Былы кандыдат у прэзыдэнты зьяўляецца адным з падазраваных па справе 19—20 сьнежня (аб масавых беспарадках) і без дазволу сьледчага ня мае права выяжджаць за межы Беларусі", — адзначылі ў прэс-службе. Партыю БНФ на канфэрэнцыі ў Варшаве будзе прадстаўляць яе старшыня Аляксей Янукевіч. У сустрэчы возьмуць удзел беларускія і польскія палітыкі, а таксама сваякі арыштаваных.


Удзельнікаў мітынгу вылічылі праз тэлефон


11:49
Людзей, якія былі на плошчы 19 сьнежня, супрацоўнікі міліцыі ўжо вылічылі праз мабільныя тэлефоны і цяпер запрашаюць іх на гутарку ў РУУС.
Як паведаміў у інтэрвію "Комсомольской правде в Белорусии" начальнік Фрунзенскага РУУС Менску Алег Гайдукевіч, гэта адбываецца ў рамках пачатай крымінальнай справы. "Неабходна вызначыць, хто браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а хто апынуўся на плошчы выпадкова. Таму, калі вам патэлефанавалі з РУУС, то баяцца ня трэба — гэта не азначае, што вас абавязкова прыцягнуць да адказнасьці". Спадар Гайдукевіч сказаў, што пратакол не складаецца, проста бярэцца тлумачэньне. "Але ў выпадку неабходнасьці чалавеку могуць выпісаць позву ў якасьці сьведкі".
Міліцэйскі чыноўнік ня раіць адмаўляцца ад такой гутаркі і кажа, што "першапачаткова адвакат не патрэбны". Праваабаронца Гары Паганяйла патлумачыў, што "чалавек можа адмовіцца ад такой гутаркі. Можна настойваць, каб вас выклікалі позваю. У аддзяленьне міліцыі можна пайсьці разам са сваім адвакатам ці прадстаўніком".


Горадня: Трасуць партыйныя офісы


Віктар Сазонаў
11:14
У Горадні адбываюцца ператрусы ў офісах Аб'яднанай грамадзянскай партыі і БНФ, што на вуліцы Будзённага, 48а. Тэлефон старшыні гарадзкой арганізацыі партыі Вадзіма Саранчукова адключаны. Кіраўнік Гарадзенскай абласной аргіназіцыі АГП Юры Істомін пацьвердзіў, што ў партыйным офісе адбываецца ператрус і сказаў, што ня можа зараз размаўляць. Па словах кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргея Мальчыка, ён пакуль ня ведае падрабязнасьцяў. Для яго здарэньне стала нечаканасьцю. Учора ўвечары ў памяшканьні як звычайна адбылося пасяджэньне Рады партыйнай арганізацыі, а сёньня вось — ператрус, адказаў спадар Мальчык. Сёньня ж з раніцы ў КДБ забралі Віктара Сазонава, сябра кампаніі "За свабодныя выбары". Пасьля ператрусу ў кватэры супрацоўнікі КДБ разам з Віктарам паехалі на офіс БСДПГ. Падчас выбарчай кампаніі Віктар Сазонаў каардынаваў дзейнасьць назіральнікаў за выбарамі. На плошчы ў Менску Віктар Сазонаў ня быў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG