Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гігін: «Пляваць я хацеў на гэту іх візу»


Уладзімер Пефціеў
Беларускі бізнэсовец Уладзімер Пефціеў накіраваў у Эўрапейскі суд пазоў супраць рашэньня Рады Эўразьвязу ўвесьці санкцыі супраць яго і зьвязаных зь ім кампаніяў.

Усяго пададзены чатыры пазовы — асабіста ад Уладзімера Пефціева і ад трох фірмаў, у якіх ён выступае як уладальнік або акцыянэр — «Белтэхэкспарт», «БТ-Тэлекамунікацыі» і «Спорт-пары». Пазоўнікі патрабуюць скасаваць рашэньне ад 20 чэрвеня гэтага году, паводле якога былі ўведзеныя абмежавальныя захады, а таксама сплаціць кампэнсацыю. Абараняць іх інтарэсы ўзяліся юрысты літоўскай кампаніі LAWIN. Пакуль ні ў літоўскай кампаніі, ні ў беларускіх фірмах не камэнтуюць гэтую інфармацыю, якую распаўсюдзіў афіцыйны часопіс Эўразьвязу.

Яшчэ адзін фігурант сьпісу чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, галоўны рэдактар афіцыйнага часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін, ухваляе рашэньне бізнэсоўца Пефціева.

«Яны павінны ня проста абскарджваць, а ўкаціць на поўную катушку пазоў і не абстрактна супраць Эўразьвязу, а супраць канкрэтных чыноўнікаў, якія зьняважылі, пэцкалі імя гэтых фірмаў публічна. Гэтыя чыноўнікі павінны за гэтыя словы адказваць».

Вадзім Гігін
Сам Вадзім Гігін напрыканцы сакавіка падаваў скаргу на санкцыі Эўразьвязу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. Ён сказаў, што яго скаргу прынялі да разгляду, але дагэтуль ніякага рашэньня не прынята. Яму даслалі паштовыя маркі для новых лістоў у суд, калі гэта спатрэбіцца. Чаму спадар Гігін так дамагаецца візы ў Эўразьвяз?

«Пляваць я хацеў на гэту іх візу. Я ня так часта езьдзіў у Эўропу, каб мне за гэтую візу змагацца. Я магу па ўсім сьвеце езьдзіць, на той жа Эўропе сьвет клінам не сышоўся. Няхай сваімі праблемамі зоймуцца. Я не за візу змагаюся. Я змагаюся за тое, што пэўныя, не зусім разумныя людзі маё прозьвішча ўнесьлі ў сьпіс і гэтым сьпісам трасуць як чорным».

Бізнэсоўца Ўладзімера Пефціева называюць асноўным спонсарам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, галоўным эканамічным дарадцам кіраўніка Беларусі, «асобай, зьвязанай з прэзыдэнтам Лукашэнкам і ягонай сям’ёй». У сваёй скарзе Пефціеў піша, што ў Эўразьвязу няма доказаў таго, што ён неяк зьвязаны зь фінансаваньнем рэжыму Лукашэнкі і бярэ хоць які ўдзел у парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў, у разгоне грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі альбо ўвозіць у Беларусь абсталяваньне, якое можа быць скарыстана для ўнутраных рэпрэсій.

Праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што бізнэсовец Пефціеў і іншыя фігуранты справы заслужана падпалі пад санкцыі Эўразьвязу.

«Гэта маральная санкцыя, якая можа пацягнуць за сабой палітычныя і эканамічныя наступствы як для краіны, якая падпадае пад гэтыя санкцыі, так і для чыноўнікаў, якія трапляюць у гэты сьпіс. Той жа Пефціеў — вельмі вялікі бізнэсовец, з шырокімі інтарэсамі ў міжнародным бізнэсе, яму даводзіцца выяжджаць і ў краіны Эўразьвязу. І такое абмежаваньне жорстка адаб’ецца на яго перамяшчэньні».

Паводле Паганяйлы, перш чым зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд, неабходна прайсьці нацыянальныя працэдуры, дзе можна было б даказаць, што чыноўнікі Эўразьвязу абышліся зь Пефціевым незаконна.

«Я ня думаю, што Пефціеў і яго адвакаты добра валодаюць нарматыўнай базай Францыі ці Бэльгіі, і наўрад ці ён рэалізуе гэтае сваё права. Гэта можна толькі ацэньваць як піяр-ход. Гэтую спробу рабіў міністар юстыцыі Галаванаў, некаторыя журналісты, Гігін і кампанія. Гэта ўсё пустое. Гэта так, для таго каб акрэсьліць сваю пазыцыю, незадаволенасьць дзеяньнямі чыноўнікаў ЭЗ. І дэманстрацыя таго, што гэтыя людзі проста ня ведаюць міжнародных мэханізмаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG