Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: "Кашалёк Лукашэнкі — ня Пефціеў, а ўся Беларусь"


У мэдыях абмяркоўваюць чарговую сэнсацыю Wikileaks, паводле якой кіраўнік "Белтэхэкспарту" Ўладзімер Пефціеў нібыта схаваў грошы Аляксандра Лукашэнкі на Мальце.

Скандальны сайт Wikileaks абнародаваў чарговую партыю сакрэтаў зь ліставаньня амэрыканскіх дыпляматаў у Менску з Вашынгтонам у 2007 годзе. Тады амэрыканцы паведамілі кіраўніцтву пра вяртаньне з Мальты вядомага беларускага бізнэсоўца Ўладзімера Пефціева. У сакрэтным паведамленьні Пефціева назвалі "збройным дылерам Лукашэнкі" і ня выключылі, што празь яго Аляксандар Лукашэнка "змог кудысьці перавезьці несумленна заробленыя грошы".

Паводле Wikileaks, Уладзімер Пефціеў жыў на Мальце 5—7 гадоў, толькі некалькі разоў за гэты час прылятаў ненадоўга ў Менск, прычым кожны раз яго сустракалі ў аэрапорце супрацоўнікі спэцслужбаў і завозілі ў рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.

Афіцыйнага пацьверджаньня ці абвяржэньня гэтых зьвестак няма. Пра Ўладзімера Пефціева дакладна вядома, што ён кіруе фірмай "Белтэхэкспарт", а вось адносна іншых бізнэс-праектаў, у тым ліку замежных, зьвесткі няпэўныя. Журналісты сайту "Беларускі партызан" пішуць, што Пефціеў нібыта мае актывы на Мальце. Паводле адных зьвестак, ён валодае мальтыйскай фірмай Samuel International Limited, якая спэцыялізуецца на тэлекамунікацыях і нерухомасьці, паводле другіх — ён у гэтай фірме толькі дырэктар па маркетынгу. Беларускія экспэрты сыходзяцца на думцы, што і ў Беларусі Ўладзімер Пефціеў — адна з самых закрытых асобаў у бізнэсе. Такой думкі прытрымліваецца і журналістка "Народнай волі" Марына Коктыш, якая шмат піша пра беларускую кіроўную эліту:

Марына Коктыш

"Ён настолькі непублічны чалавек, што нават па справах бізнэсу да яго падабрацца няпроста. Ня ведаю, ці праўдзівая гісторыя, якую мне распавялі: адзін чалавек меў цікавыя прапановы па бізнэсе менавіта да Пефціева, але ня мог ніяк да яго падабрацца. Некалькі месяцаў спрабаваў, і ўсё марна. І ў выніку, толькі каб пазнаёміцца, мусіў набыць загарадны дом па суседзтве зь ім".

У 2011 годзе фірма "Белтэхэкспарт" падпала пад санкцыі ЗША і Эўразьвязу, а кіраўнік фірмы Ўладзімер Пефціеў апынуўся ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ў ЗША. Зь ліку "непажаданых" на Захадзе асобаў толькі намесьніца міністра юстыцыі Ала Бодак і судзьдзя Вярхоўнага суду Аляксей Рыбакоў спрабуюць праз ААН аспрэчыць гэтае рашэньне.

Рэакцыя Ўладзімера Пефціева на тое, што яму забаранілі ўезд у Эўропу, невядомая. Тым часам скандалы вакол імя беларускага бізнэсоўца працягваюцца. На пачатку верасьня ў сталіцы Лібіі Трыпалі ў будынку выведкі знайшлі рэклямныя буклеты фірмы "Белтэхэкспарт". Міжнародныя экспэрты задаліся пытаньнем, ці не пастаўляла Беларусь праз гэтую фірму зброю ў Лібію ўжо пасьля таго, як было ўведзена эмбарга на такія пастаўкі з боку ААН?

Беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін заўважае, што зэнітныя ўстаноўкі "Тунгуска-М", якія рэклямаваліся ў буклетах "Белтэхэкспарту", знойдзеных у Трыпалі, вырабляліся ў Расеі і не маглі пастаўляцца ў Лібію празь Беларусь. Да таго ж, каб такія ўстаноўкі былі на ўзбраеньні лібійскіх частак, адданых Кадафі, самалёты НАТО не змаглі б нэўтралізаваць ваенную авіяцыю палкоўніка. Пры гэтым Аляксандар Алесін пацьвердзіў, што Ўладзімер Пефціеў грае адну з самых важных роляў у вайсковым бізнэсе ў Беларусі. Ці можа бізнэсовец сапраўды быць асабістым "кашальком" Аляксандра Лукашэнкі?

Аляксандар Алесін

"Пефціеў — чалавек, блізкі да Лукашэнкі, асабіста яму адданы, і, безумоўна, выконвае некаторыя далікатныя даручэньні, нават сакрэтныя. Як і Шэйман. Гэтак я мяркую. Але пры гэтым я ня думаю, што ён асабіста быў "кішэньню Лукашэнкі". Кішэня для Лукашэнкі — уся беларуская дзяржава, ён можа выкарыстоўваць якія заўгодна рэсурсы. У той жа адміністрацыі прэзыдэнта ёсьць у падпарадкаваньні шмат высокапрыбытковых галінаў: той жа турбізнэс, народныя промыслы. Раней там быў імпарт алькаголю і рыбы".

Аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што супроць асобаў, на якіх абапіраецца беларускі рэжым,-- такіх, як Уладзімер Пефціеў,-- вядзецца мэтанакіраваная прапагандысцкая атака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG