Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчувальныя санкцыі Эўразьвязу?


Belarus - Belarusian-Lithuanian border, 19Jun2008
Belarus - Belarusian-Lithuanian border, 19Jun2008
21 чэрвеня агучаныя прозьвішчы асобаў, якія Эўразьвяз дадаў да сьпісу неўязных на сваю тэрыторыю, а таксама пералік прадпрыемстваў, якія падпалі пад эканамічныя абмежаваньні. Наколькі будуць адчувальнымі санкцыі Эўразьвязу для беларускай улады?

Пад санкцыі падпалі тры кампаніі, якія кантралююцца бізнэсоўцам Уладзімерам Пефціевым. Яго называюць галоўным эканамічным дарадцам Лукашэнкі і асноўным фінансавым спонсарам рэжыму, асабістым банкірам кіраўніка дзяржавы. Актывы гэтых зьвязаных з уладай кампаній — «Белтэхэкспарту», «Спорт-пары» і «БТ-Тэлекамунікацыі» — паводле рашэньня Эўразьвязу, будуць замарожаныя.

«Спорт-пары» і «БТ-Тэлекамунікацыі» — спонсары аб’яднаньня «Прэзыдэнцкі спартовы клюб», на чале якога стаіць сярэдні сын кіраўніка краіны Дзьмітрый Лукашэнка. «БТ-Тэлекамунікацыі» бярэ ўдзел у рэалізацыі буйных інвэстпраектаў, у тым ліку зьвязаных са стварэньнем інфраструктуры для правядзеньня ў Беларусі сусьветнага першынства па хакеі ў 2014 годзе. Прадстаўнік Прэзыдэнцкага спартовага клюбу Аляксандар Храмылёў лічыць, што санкцыі не адаб’юцца на дзейнасьці клюбу.

«Пазыцыя клюбу адносна санкцый поўнасьцю супадае з пазыцыяй МЗС нашай краіны. І можна запэўніць усіх, што гэта ніякім чынам не адаб’ецца на дзейнасьці Прэзыдэнцкага спартовага клюбу па вырашэньні нашых мэтаў і задач дзеля дабра беларускага спорту».

У «Белтэхэкспарце» заявілі, што ніякіх камэнтароў адносна санкцыяў ня будзе. Аналітыкі сыходзяцца ў тым, што санкцыі адносна гэтага прадпрыемства, як і эмбарга на ўзбраеньні, наўрад ці будуць адчувальнымі. Паводле ваеннага аглядальніка Аляксандра Алесіна, Расея і Кітай могуць забясьпечыць Беларусь, да прыкладу, паліцэйскай тэхнікай. І наўрад ці Беларусь купляла ў ЭЗ кампанэнты, якія маюць крытычнае значэньне для абароназдольнасьці Беларусі.

«Адзінае, гэта закупы ў краінах Эўразьвязу нейкіх кампанэнтаў, якія маглі б ужывацца пры выкананьні заказаў для трэціх краінаў. У гэтым выпадку тэарэтычна могуць узьнікнуць нейкія цяжкасьці. Але саюзны нам Кітай тыражуе на высокім узроўні практычна ўсе віды вайсковай электронікі, апаратуру сувязі. Магчыма, яна горшая па якасьці, чым заходняя, але затое яна не падлягае санкцыям».

Паводле спадара Алесіна, цяжкасьці могуць узьнікнуць падчас разьлікаў, пры праходжаньні грошай празь міжнародную плацёжную сыстэму.

«Магчыма, шлях праходжаньня грошай стане даўжэйшы ад заказчыка да пастаўшчыка. І будуць ужытыя нейкія абходныя шляхі. Крытычнага ўплыву на дзейнасьць „Белтэхэкспарту“ гэтыя санкцыі ня зробяць. Тым больш, што яны прадбачылі такое разьвіцьцё падзей і ўсё, што магчыма, яны ўжо пастараліся засьцерагчы ад небясьпекі, схаваць, стварыць нейкія сумесныя падстаўныя фірмы. Наўрад ці будзе сур’ёзны эфэкт ад гэтых санкцый».
Наўрад ці будзе сур’ёзны эфэкт ад гэтых санкцый.

Паводле прадстаўніка расейскага Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналёгій Канстанціна Макіенкі, гэтыя санкцыі ня будуць мець ніякіх камэрцыйных наступстваў.

«Беларусь ня ёсьць імпартэрам узбраеньняў з Эўразьвязу. Беларусь імпартуе даволі значную колькасьць узбраеньняў з Расеі па льготных цэнах у рамках АДКБ. І гэтаксама Беларусь не экспартуе свае ўзбраеньні ў Эўрапейскі Зьвяз. Наагул, апошнім часам беларускі экспарт узбраеньняў ня вельмі вялікі, ён скараціўся. Нават цяжка назваць яго аб’ёмы. Відаць, гэта менш за сто мільёнаў даляраў. І гэта пераважна камплектуючыя для расейскіх сыстэм».

Што да новых асобаў, якія дадаліся да сьпісу неўязных, а іх ужо каля двухсот, то пракурор Андрэй Кажэўнікаў ня стаў камэнтаваць рашэньне ЭЗ. А невыязная цяпер судзьдзя Ленінскага райсуду Людміла Грачова сказала:

«Я наагул не даю ніякіх камэнтароў ніколі і нікому. Гэта маё жалезнае правіла».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што судзьдзі і пракуроры, якія ўнесеныя ў сьпіс неўязных, — «выканаўцы пэўнай палітычнай замовы»:

«Вядома, шмат хто з чыноўнікаў робіць выгляд, што гэта ім „па барабане“. Аднак гэта не зусім так. Гэта і маральнае ўзьдзеяньне, і закранае нейкія іншыя інтарэсы. І разам з тым павялічваецца сьпіс. Адна рэч, калі там было 30 асобаў, а зараз ужо пад дзьве сотні. Колькасьць ужо перарастае ў якасьць. І іншыя выканаўцы загадаў сыстэмы будуць думаць. Улады мяняюцца, а гэтая пляма будзе заставацца назаўсёды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG