Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты судзяцца з раённай адміністрацыяй, міліцыяй, хуткай дапамогай і ЖКГ


Ян Дзяржаўцаў, Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў.
Ян Дзяржаўцаў, Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў.
У Чыгуначным райсудзе распачаўся працэс паводле скаргі віцебскіх апазыцыянэраў, якія патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці кіраўніцтва службаў, адказных за абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў, і пэрсанальна кіраўніка Чыгуначнай раённай адміністрацыі — сёлета ён забараніў 7 апазыцыйных мітынгаў і пікетаў.

Складальнік скаргі, Аляксей Гаўруцікаў — давераная асоба Мікалая Статкевіча ў часе мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, — запытаў падчас суду ў кіраўніка раённай адміністрацыі Юрыя Маскалёва, колькі ўвогуле дазволаў на акцыі атрымалі сёлета віцебскія апазыцыянэры. Выявілася, што ніводнага.

«Нам адмаўляюць раз за разам, хоць мы просім дазволу на мітынгі і пікеты ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў — гэта вызначанае ўладамі месца. І нам некалькі разоў адказвалі, што яно занятае пад імпрэзы ГА „БРСМ“. Відавочная прыкмета дыскрэдытацыі па палітычных поглядах: адным можна праводзіць свае акцыі, а іншым — не», — адзначае спадар Гаўруцікаў.
Адным можна праводзіць свае акцыі, а іншым — не.

Судзьдзя Алена Грабянчук спрабавала высьветліць, які мэханізм атрыманьня дазволу на акцыю. Выявілася, што ў адпаведнасьці з рашэньнем віцебскага гарвыканкаму заяўнікі мусяць сьпярша заключыць дамовы на абслугоўваньне з мэдыкамі, ЖКГ і міліцыяй і прыкласьці іх да свае заяўкі. Але хуткая дапамога, ЖКГ, раённы аддзел міліцыі і нават абласная ўправа МУС не заключаюць дамоваў, пакуль не атрыманы дазвол на акцыю.

Пакуль разьбіраліся, якім чынам можна выйсьці з гэтага заганнага кола, прадстаўнік управы МУС Сяргей Лазоўскі заявіў, што міліцыя — не камэрцыйная структура і ахоўваць парадак мусіць без усялякіх дамоваў. Гэтаксама і прадстаўніца ЖКГ Алена Сафаргаліева паведаміла, што дамовы не патрэбныя — усе гарадзкія паркі без дадатковых узгадненьняў прыбірае «Гарзеленбуд». Толькі прадстаўніца хуткай дапамогі Сьвятлана Балатоўская пацьвердзіла, што дамова на дадатковае дзяжурства мэдыкаў неабходная і яе падпішуць, калі не прагназуецца шмат выклікаў да хворых.

«Але кіраўнік адміністрацыі ўпарта стаіць на сваім: ня буду дазваляць, бо ў рашэньні гарвыканкаму гаворыцца, што патрэбныя дамовы. Што на гэты конт кажа міліцыя і ЖКГ, яго не турбуе», — адзначыў яшчэ адзін заяўнік, прадстаўнік КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Алена Грабянчук завяршыла судовы разбор, але пастанову агучыць толькі заўтра, 13 кастрычніка.

Старшыня абласной арганізацыі руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў, які быў ініцыятарам судовага пазову, кажа так:
Мы не імкнемся да таго, каб кагосьці пакаралі або звольнілі з пасадаў.

«Мы не імкнемся да таго, каб кагосьці пакаралі або звольнілі з пасадаў. Мы хочам урэгуляваць працэс, каб мець магчымасьць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на публічнае выказваньне сваіх палітычных поглядаў. Бо тыя імпрэзы, якія мы зьбіраліся правесьці, тычыліся важных грамадзкіх праблемаў — салідарнасьці з палітвязьнямі, зьбядненьня насельніцтва ва ўмовах сучаснай эканамічнай палітыкі і гэтак далей. Адміністрацыя Чыгуначнага раёну стварае штучныя перашкоды ў гэтым кірунку, спасылаючыся на рашэньне гарвыканкаму, якое нават суду падаецца супярэчлівым».

Аспрэчыць гэтае рашэньне актывісты спрабавалі раней, але ім паведамілі, што парадак падачы заявак на масавыя акцыі прайшоў дзяржаўную юрыдычную экспэртызу і ўнесены ў рэестар дзяржаўных дакумэнтаў. Унесьці зьмены ў яго можа толькі сам гарвыканкам, але там адмаўляюцца гэта рабіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG