Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі актывіст выклікае раённую адміністрацыю на суд


Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў падаў скаргу ў Чыгуначны райсуд, і працэс прызначаны на 13 кастрычніка. На яго выклікаюць супрацоўнікаў адміністрацыі Чыгуначнага раёну, якія 8 разоў запар адмовілі віцебскім актывістам у правядзеньні вулічных акцый, а таксама прадстаўнікоў ЖКГ, хуткай дапамогі і міліцыі.

Хрыстафор Жаляпаў распавёў, што сьведкамі ў судзе выступяць і іншыя заяўнікі, якія са сьнежня мінулага году спрабавалі правесьці ў Віцебску мітынгі і пікеты:

“Усяго ў Чыгуначную раённую адміністрацыю было пададзена 8 заявак, і ніводную зь іх не задаволілі: ні акцый у падтрымку палітвязьняў, ні імпрэзаў да Дня Волі 25 сакавіка і Дня Незалежнасьці 27 ліпеня, ні мітынгу перад угодкамі Чарнобыльскай катастрофы, ні пікетаў супраць зьбядненьня насельніцтва ва ўмовах сучаснай эканамічнай палітыкі. Усе акцыі мы хацелі праводзіць у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў – гэта вызначанае ўладамі месца для правядзеньня вулічных імпрэзаў. Першыя некалькі разоў нам адказвалі, што акурат у той самы дзень і час у парку заплянаваныя іншыя мерапрыемствы, а потым выкарысталі стары бюракратычны прыём – спасылацца на адсутнасьць папярэдніх дамоваў зь міліцыяй, ЖКГ і хуткай дапамогай.”

«Гэтыя службы, - працягвае актывіст, - адмаўляліся падпісваць любыя паперы, пакуль ня будзе дазволу з раённай адміністрацыяй. Тая, у сваю чаргу, спасылалася на адсутнасьць такіх дамоваў і дасылала адмовы заяўнікам.»

«Віцебскія актывісты патрабавалі зьмяніць парадак атрыманьня дазволу на акцыі,» - гаворыць юрыст Аляксей Гаўруцікаў, які дапамагаў складаць скаргу ў суд:

“Нам даслалі афіцыйны адказ, што парадак атрыманьня дазволу на акцыі прайшоў юрыдычную экспэртызу і ўнесены ў дзяржаўны рэестар прававых дакумэнтаў. Таму, маўляў, зьмяніць яго нельга. Таксама мы зьвярталіся ў гарвыканкам наконт павелічэньня колькасьці месцаў для масавых акцый – калі ўжо адно занята, дык няхай у нас будзе нейкі выбар. Але гэтае пытаньне чыноўнікі ўвогуле пакінулі без адказу”.

Аляксей Гаўруцікаў кажа, што такіх судовых працэсаў, які мае адбыцца ў Віцебску, у Беларусі яшчэ не было. Мэта актывістаў – дамагчыся, каб суд пастанавіў абавязаць Чыгуначную адміністрацыі і іншыя службы забясьпечыць умовы для рэалізацыі канстытуцыйнага права на публічнае выказваньне палітычных поглядаў, а не ствараць штучных перашкодаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG