Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск. Не дазволілі адзначыць гадавіну незалежнасьці


Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

Паводле пададзенай заяўкі, 25 жніўня арганізатары меркавалі "адзначыць 20-годзьдзе наданьня акту незалежнасьці Беларусі канстытуцыйнага характару і выказаць салідарнасьць з асуджанымі за ўдзел у мірнай акцыі 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску з патрабаваньнем іх неадкладнага вызваленьня".

У лісьце, які атрымаў з Чыгуначнай раённай адміністрацыі віцебскі каардынатар руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў, прычынай забароны імпрэзы названа адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне імпрэзы службамі ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі.

"Мы штораз зьвяртаемся ў гэтыя службы, калі рыхтуем заяўку на акцыю. Але звычайна мэдыкі, міліцыя і ЖКГ адмаўляюцца заключаць любыя дамовы, пакуль на масавае мерапрыемства няма дазволу ад уладаў. Праўда было пару выключэньняў: да прыкладу, зь міліцыі нам мінулым разам даслалі адказ, што няма вольных супрацоўнікаў, каб ахоўваць нашу імпрэзу, бо ўсе міліцыянты занятыя "ў месцах масавага адпачынку грамадзян, дзіцячых летніках і на праваслаўным фэстывалі "Адыгітрыя". А цяпер з абласной управы МУС адказалі, што лічаць немэтазгодным заключаць з намі дамову наконт аховы грамадзкага парадку на мітынгу, бо ў той самы час у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў "заплянавана правядзеньне спартова-забаўляльнай праграмы для насельнікаў інтэрнатаў вытворчых прадпрыемстваў", — патлумачыў спадар Жаляпаў.

Другі заяўнік, Аляксей Гаўруцікаў, дадае:

"Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў — адно з трох месцаў у абласным цэнтры, вызначаных уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Нам неаднаразова адмаўляліся даць магчымасьць правесьці там нейкую акцыю, спасылаючыся на тое, што парк "заняты" пад правядзеньне нейкай афіцыйнай імпрэзы. Дый увогуле: па адным месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў на такі вялікі горад — гэта дужа мала. Мы зьвярталіся да ўладаў, каб дадаць яшчэ некалькі месцаў у пералік дазволеных — плошчу Свабоды, плошчу Перамогі, Прывакзальную плошчу, якія знаходзяцца ў цэнтры гораду, а не на ўскраіне… Але дамагчыся адмены ранейшага рашэньня гарвыканкаму пакуль не ўдалося".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG