Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў прадпрымальнікам — стаў беспрацоўным


На працягу апошніх месяцаў тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі страцілі працу альбо апынуліся на мяжы банкруцтва. Зьбяднелыя беларускія пакупнікі ня могуць купляць тавары ў тых аб’ёмах, як гэта было да крызісу.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Станем беспрацоўнымі альбо зьедзем працаваць у Расею»


У Гомелі ў аднайменным гандлёвым комплексе на Прывакзальнай плошчы, а таксама ў гандлёвым цэнтры «Старт» пустуе ці не дзясятак ралетаў. Прадпрымальніца Надзея так тлумачыць, чаму няма яе суседзяў:


«Сышлі, згарнуліся. Абставіны такія. Гандлюем чым ёсьць, а пасьля паглядзім на пакупніцкі попыт. Магчыма, таксама згорнемся».


Найбольш прадпрымальнікаў турбуе тое, што яны ня могуць за беларускія рублі набыць тавар нават у суседняй, так званай саюзнай, Расеі:


«Яшчэ ніхто не купляў за беларускія ў Маскве ці дзе-кольвечы ў Расеі. Гэта казка якаясьці».


Прадпрымальнікаў, хто яшчэ не спыніў свой дробны бізнэс, выручаюць пакуль запасы тавараў ды імклівы рост цэнаў.

Прадавачка Сьвятлана, якая гандлюе рознымі побытавымі й падарункавымі таварамі, кажа, што запасаў хопіць яшчэ на пару месяцаў, ня болей:


«Болей — не. Выручка — за кошт таго, што цэны падрасьлі. За кошт гэтага можам неяк выжываць. Зарабляеш на падаткі, на арэнду. Шмат расейцаў да нас прыяжджае — для іх нашы цэны яшчэ прымальныя. Але ніякай пэрспэктывы на будучыню».


У паркінгу, што насупраць Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, таксама пустуе шмат ралетаў. Больш за тое, тут пачалі красьці тавары.


Апавядае маладая прадпрымальніца Ляона:


«Нас на мінулых выходных абрабавалі на некалькі тысяч даляраў. Людзі ад безвыходнасьці кідаюцца ў крымінал. Ахоўнікі й адміністрацыя сказалі, што ніякай адказнасьці не нясуць. Яны ахоўваюць толькі ралеты. Вось каб яны ўзламалі дзьверы, пашкодзілі ралет, а так — нібыта нічога й не было. А з таварам як хочаце, так і разьбірайцеся».


Спадарыня Ліля з гандлёвага комплексу «Гомель», дзе адміністрацыя спрабуе ўзьняць настрой прадпрымальнікаў вясёлай музыкай, надзеі на будучыню зьвязвае з усталяваньнем адзінага курсу валюты і продажам яе ў абменьніках:


«Чакаем новага курсу валюты. Магчыма, нейкая стабілізацыя будзе, калі, вядома, дацягнем. Не дацягнем — папоўнім лік беспрацоўных альбо паедзем працаваць у Расею».


Пра немагчымасьць зацягваць сытуацыю з валютай кажа й прадпрымальнік, грамадзкі актывіст Уладзімер Няпомняшчых:


«У любым выпадку хацелася б, каб вырашылася. Каб валюта была ў абменьніках. Па якім курсе — гэта ўжо іншае пытаньне. Калі будзе валюта, тады й будзем вырашаць — працаваць на месцы альбо зьяжджаць у Расею ці ва Ўкраіну».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Колькасьць прадпрымальнікаў, якія ня плацяць падаткі, павялічваецца штодзень»


У Горадні прадпрымальнікі пачынаюць спыняць сваю дзейнасьць, перастаюць плаціць падаткі. Сытуацыю ўдакладняе Сяргей Івановіч.


Складаныя эканамічныя ўмовы, валютныя праблемы, рэзкі спад пакупніцкай здольнасьці людзей — вось асноўныя прычыны спыненьня бізнэсу. Гаворыць адзін з гарадзенскіх прадпрымальнікаў:


«Колькасьць людзей, якія не закрываюцца, але і ня плацяць падаткі, павялічваецца з кожным месяцам. Словам: закрывацца страшна, там доўгі працэс, таму проста ня плацяць пакуль падаткі і чакаюць, што будзе далей. Я ведаю прыклады адносна буйнога ці сярэдняга бізнэсу, там увогуле вывозяць свой капітал — хто на Ўкраіну, хто ў Расею, хто ў Польшчу. Гэта адназначна ідзе працэс. Бізнэс сыходзіць, таму што — дзе купіць валюту, па якім курсе?».

Хто першым вымушаны адмаўляцца ад прыватнага бізнэсу?


Прадпрымальнік: «Людзі ня бачаць ніякай пэрспэктывы, асабліва цяжка працаваць стала для тых, у каго былі невялікія аб’ёмы. З-за гэтага масава пачалі закрывацца пэнсіянэры, якія працавалі на рынках, мелі да сваёй пэнсіі невялікі прыбытак. Яны першыя сыходзяць. А як будзе складацца сытуацыя далей, пакажа час. Цэнавы сэгмэнт падняўся ўжо да такога ўзроўню, што ў людзей для рынку застаецца ўсё менш і менш сродкаў, прадукты падаражэлі ў некалькі разоў. У чалавека няма грошай пайсьці на рынак, а калі ў прадпрымальніка не купляюць, у яго не застаецца грошай, каб інвэставаць у тавар, каб заплаціць падаткі, пракарміць сям’ю. Па нашых назіраньнях, „дзявяты вал“ яшчэ павінен быць».


Гэты прадпрымальнік кажа: людзі перастаюць купляць скураны абутак, пара каштуе 260–300 тысяч. Больш ахвотна бяруць са скуразамяняльніка, такія чаравікі каштуюць 120 тысяч рублёў. Наступны прадпрымальнік расказвае пра сваю суседку, якой пагражае закрыцьцё:
Палова рынку пустуе папросту.

«Многія закрываюцца, вось па суседзтве закрыты бокс. Дык самая асноўная прычына — ня ведаю, як на іншых, але ў нас на Цэнтральным пытаньне стаіць так: працуеш ці не? У нас чалавек хварэе, бальнічны ад яе не прымаюць і хочуць забраць ралет, хоць яна за яго плаціць. Атрымліваецца, што нават элемэнтарныя патрабаваньні Канстытуцыі не выконваюцца. Рынак дыктуе свае законы. Яна тры месяцы хварэе, аплочвае, але гатовая ўжо аддаць ралет, бо нерэальна працаваць становіцца. Калі сёньня ўзяць Цэнтральны рынак і проста прайсьці па ніжняй пляцоўцы і паглядзець: палова рынку пустуе папросту».


Гэты прадпрымальнік таксама наракае на тое, што наведнікі пераважна разглядаюць тавар, але амаль ніхто не купляе. Але зьніжаць цану няма магчымасьці, кажа ён:


«Праблема, па-мойму, адна: на дадзены момант нідзе не купіць валюты. Трэба, каб валюта стала даступнай, тады і тавар стане таньнейшым, і ўсё будзе нармальна. Пакупніцкая здольнасьць людзей упала адсоткаў на пяцьдзясят дакладна. У нас паднялася плата за арэнду на трыццаць адсоткаў, а з кастрычніка абяцаюць — ледзь ня ў два разы. Падатак яшчэ захаваўся, але ўсё абяцаюць падняць. Але да Новага году па-любому дажывем, бо дзявацца няма куды, на дзяржаўную працу ня пойдзеш, няма для нас такой працы. Да Новага году дацягнем, а там — невядома».


МАГІЛЁЎШЧЫНА


У гандлёвых цэнтрах і на рынках — цішыня


Шмат якія гандлёвыя цэнтры Магілёва абязьлюдзелі. Безграшоўе. Замест людзкога тлуму — цішыня. Падобная сытуацыя й на рэчавых рынках.


Наведнікі гандлёвых цэнтраў наракаюць на дарагоўлю тавараў. Вінавацяць прыватных бізнэсоўцаў у наўмысным завышэньні цэнаў. Такія закіды прадпрымальнікі лічаць несправядлівымі.


«У мяне шалікі каштуюць па 25–30 тысяч. Такая цана была раней, засталася яна і цяпер. І попыт ніяк не павялічваецца. Няма ў людзей грошай. Цану ім называеш, і ўсё. Адразу: „Не, не, ня трэба“. Вось бачыце — цішыня. Адзінаццаць, ужо на дванаццатую гадзіну, практычна адзін чалавек ці два толькі прыйшлі. Паглядзелі й вышлі. Вось наш гандаль», — зазначае гандлярка з гандлёвага цэнтру «Прэстан».

У павільёне з абуткам Віленскага рынку сытуацыя падобная. Пакупнікоў вобмаль. Гандлю няма, прызнае прадпрымальнік:


«Па выходных яшчэ больш-менш, а вось у будні — проста жах. У далярах нібыта таньней, чым раней было, але ў беларускіх рублях гучыць цана дужа галосна. Я вось пляную на наступным тыдні ў Расею паехаць гандляваць. Многія зачыняюцца. У канцы тунэлю няма сьвятла».


Яшчэ адна прадпрымальніца, гандлярка таксама абуткам, згортвае свой бізнэс. Яму аддала больш за пятнаццаць гадоў:


«Арэнда зьядае ўсё. І потым — гэты даляр. Гэтыя незразумеласьці. Гэта так цяжка. Я ня бачу, напрыклад, што будзе заўтра, што будзе пасьлязаўтра. Калі па касе атрымліваеш нуль-нуль, то дома думаеш, а што прывезьці, а што прадаць».

А што на рынку харчоў? Прадпрымальнікі вымушаныя таксама зачыняць свае павільёны. Няма чым гандляваць, кажуць. Вось як гэтая гандлярка з харчовага рынку «Крыніца»:


«У нас мясныя кіёскі пазачыняліся ўсе. У малочным прадавец кажа, што няма чым гандляваць. Сыру цьвёрдага няма, бо не завозяць. Асартымэнт малочны напалову зьменшыўся. Некаторым даводзіцца адмаўляцца ад тавару з-за яго высокага кошту. Дэфіцыт тавару паўсюдна».

На рынку «Крыніца» бязьлюдна.
Віленскі рынак — з пакупнікамі тое ж. Гандляры згортваюць гандаль раней часу.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Згортваецца распаўсюджаны раней у памежжы прыватны аўтабізнэс


У Берасьці на сёньня фактычна паралізаваны прыватны аўтабізнэс. Да прыкладу, берасьцеец Алесь, які да сярэдзіны гэтага году займаўся дастаўкай аўтамабіляў з Эўропы, цяпер шукае іншай працы.

Алесь: «Я працаваў, я спраўна плаціў падаткі. Аднак сёньня, каб сплаціць мыта за аўтамабіль з аб’ёмам рухавіка 2.0, трэба заплаціць каля 8 тысяч эўра. Фактычна сам аўтамабіль зь Нямеччыны сёньня каштуе таньней, чым тое мыта. Таму сёньня ўвогуле большасьць маіх знаёмых у малым і сярэднім бізнэсе цяжка выжываюць або змушаныя зачыняцца...».

Віктар Чайкоўскі

+Намесьнік ГА «Пэрспэктыва»: «Варта ўздымаць палітычныя патрабаваньні аб адстаўцы цяперашняга ўраду»


Намесьнік старшыні аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі зь Берасьця кажа, што тутэйшыя прадпрымальнікі вельмі незадаволеныя ўмовамі працы і таму насьпявае крытычная сытуацыя.


«Да мяне часта падыходзяць людзі і кажуць, што трэба нешта рабіць, арганізоўваць які страйк, бо валюты няма, пакупніцкай здольнасьці няма, людзі выяжджаюць з краіны... Таму ў бліжэйшы час нейкія захады Рада грамадзкага аб’яднаньня „Пэрспэктыва“ будзе рабіць. Цяпер ужо выдатна ўсе разумеюць, што нейкія эканамічныя патрабаваньні высоўваць немагчыма... На сёньняшні дзень усе разумеюць, што тут варта ўздымаць палітычныя патрабаваньні аб адстаўцы існуючага ўраду...», — кажа Віктар Чайкоўскі.


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на сёньня зарэгістравана 217 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Па дадзеных беларускага грамадзкага аб’яднаньня «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» (зарэгістравана ў Кіеве 16.04.2008 г.) за 7 апошніх гадоў выехалі 52 тысячы прадпрымальнікаў, у якіх раней быў свой бізнэс у Беларусі.
XS
SM
MD
LG