Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень у лесе зарабляюць столькі, як у калгасе за месяц


Стыхійны базар у Віцебску

Стыхійны базар у Віцебску

Многія вясковыя жыхары ўлетку і ўвосень са значна большай ахвотай, чым на калгаснае поле, ідуць у лес — па грыбы і ягады. За сабраныя лісічкі ці журавіны можна атрымаць грошы, несувымерныя з калгаснымі заробкамі. За адзін дзень у лесе некаторыя зарабляюць столькі, як у калгасе за месяц. Такія прызнаньні пачулі сёньня карэспандэнты «Свабоды» на Берасьцейшчыне, Віцебшчыне ды ў іншых рэгіёнах.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У калгасе — скарачэньне, а заробак — ад продажу ягад ды грыбоў

Жыхары Лельчыцкага раёну ўлетку зьбіраюць на продаж чарніцы, лісічкі, бліжэй да восені — брусьніцы, а зь верасьня да лістапада падаюцца на балоты. Акурат у гэты час пасьпяваюць журавіны. На балота выходзяць і старыя, і малыя. Праца хоць і цяжкая, але зарабіць можна нашмат лепш, чымсьці ў калгасе.

Апавядае 49-гадовая спадарыня Ганна зь вёскі Глушкавічы:

«Хто ходзіць, той заробіць. А ў калгасе ў нас — скарачэньне. Вось я, хоць у мяне пяцёра дзяцей, але мяне скарацілі, і я ўжо тры гады на біржы. А на журавінах што можна зарабіць — адзець дзяцей. Дзеці адзенуцца добра».

Спадарыня кажа, што яе дзятва толькі на чарніцах зарабіла 4 мільёны рублёў. Пасьля ўсёй сям’ёй хадзілі ў брусьніцы. Цяпер — у журавіны:
Мой хлопчык у шостую клясу ходзіць. Ён і школу прапусьціў два дні. Адзін дзень назьбіраў дванаццаць трохлітровых вядзерцаў журавін, а другі — восем.

«Мой хлопчык у шостую клясу ходзіць. Ён і школу прапусьціў два дні. Адзін дзень назьбіраў дванаццаць трохлітровых вядзерцаў журавін, а другі — восем. І вось, лічы, зарабіў — цяпер бярэ ровар».

Нарыхтоўшчыкі прымаюць сёлета журавіны па 15 тысяч за кілё. Гэта на 2 тысячы болей, чымсьці летась. Аднак шмат хто зь лельчукоў лічыць гэты кошт непрымальным, бо летась бутэльку алею можна было купіць у краме за 5 тысяч, а цяпер яна каштуе 17–18 тысяч. Таму заўзятыя зьбіральнікі журавінаў ня ўсё аддаюць нарыхтоўшчыкам, а чакаюць, пакуль цана на гэтыя ягады падрасьце.

Зьбіральніцтвам папраўляюць сваё фінансавае становішча й жыхары «чарнобыльскіх» вёсак.

Спадар Анатоль з напаўвыселенай вёскі Гдзень Брагінскага раёну паведаміў, што летам аднавяскоўцы, хто меў сілы, кінуліся ў лес па лісічкі. Радыяцыя не радыяцыя, а лісічкі зьбіраюць:

«Лісічкі здавалі. Я таксама чатыры разы хадзіў — на 130 тысяч здаў лісічак. Я ў нашым лесе браў. А некаторыя нашы вяскоўцы ў запаведнік хадзілі — гэта 12–14 кілямэтраў ад атамнай станцыі. Па 30, па 40 кіляграмаў здавалі. Памнож гэта на 8 тысяч. Лісічкі праходзяць па радыяцыі, і гэта ўсё ідзе за мяжу на экспарт. Закуплялі прыватныя нарыхтоўшчыкі. І гэта добра, што яны нам дапамагаюць — і самі заробяць, і мы заробім».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Журавіны ратуюць палешукоў. Цяпер чакаюць цаны 20–25 тысяч рублёў за кіляграм

Журавіны—паратунак для многіх жыхароў Ганцаўшчыны, Лунінеччыны, Століншчыны і іншых забалочаных рэгіёнаў Берасьцейскай вобласьці.

Як расказаў жыхар Ганцавічаў Пятро Гузаеўскі, журавіны ў насельніцтва ў гэтым годзе нарыхтоўшчыкі скупляюць па 15–17 тысячаў за кіляграм. Суразмоўца тлумачыць, што калі рублёвы прыбытак ад продажу ягад пераводзіць у даляры, то сёлетняя цана ня надта высокая. Калі ў мінулым годзе чалавек мог выручыць за кіляграм журавінаў каля чатырох даляраў, то цяпер — толькі два. Тым ня менш зборам журавінаў займаюцца многія сем’і разам зь дзецьмі.

Гузаеўскі: «Калі пад’ехаць да лесу, то там стаяць сотні людзей. Сам быў у нядзелю, то бачыў, якая гэта нялёгкая праца… Здаюць цяпер і па гэткай цане, але многія трымаюць, многія чакаюць, таму што гэта — капейкі. Таму чакаюць, што цана падымецца хаця б да 20–25 тысяч».

Спадар Пётар кажа, што за сьветлавы дзень спрактыкаваныя людзі зьбіраюць яшчэ й болей — да 30–35 кіляграмаў.

Гузаеўскі: «За дзень можна зарабіць па 250–300 тысяч рублёў. Нават па гэтых коштах. Гэта адзіная магчымасьць зараз неяк людзям выжыць. Таму што больш яны такіх грошай нідзе не заробяць. У калгас хадзіць за 250–300 тысяч? Яны фактычна за месяца паўтара заробяць свой ня тое што гадавы, а нават і больш чым гадавы заробак. Таму людзі нават кідаюць працу на гэты пэрыяд».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Дзякуючы лесу мы дзяцей адправілі ў школу і бязь іхніх крэдытаў…»

Жыхары вёсак і невялікіх гарадкоў на Гарадзеншчыне кажуць, што лес сёлета стаў для іх сапраўдным паратункам. Дзякуючы сабраным грыбам і ягадам вяскоўцы выжываюць самі і дапамагаюць дзецям.

Мая суразмоўца з Астравеччыны спадарыня Людміла распавядае, што сёлета як ніколі раней ацаніла выгаду ад лесу — у цяперашні крызісны й безграшовы час сабраныя ягады і грыбы папросту ратуюць людзей.

За кіляграм лісічак нарыхтоўшчыкі плацяць па 15–16 тысяч рублёў, а за кіляграм брусьніцаў — 10–12 тысяч. Гэта спадарыня называе вельмі значным дадаткам да свайго асноўнага заробку:
Што мы зараз у вёсцы зарабляем — гэта сьмех. Мы толькі на лесе выжываем.

«Бо што мы зараз у вёсцы зарабляем — гэта сьмех. Мы толькі на лесе выжываем. Вось сёлета, дзякуючы лесу, сем’і змаглі нармальна адправіць дзяцей у школы — абулі, адзелі і ня бралі іхняга крэдыту».

Спадарыня Людміла кажа, што разам з мужам у дзень на ягадах і грыбах зараблялі нават па 200 тысяч рублёў. Распавядае, што ў лес выходзяць цэлымі сем’ямі, прычым і дзеці, і пэнсіянэры, калі могуць яшчэ хадзіць.

У Смаргонскім раёне спадарыня Любоў таксама распавядае, што тутэйшых людзей сёлета ратуе лес: грыбы й ягады. Яна кажа:

Спадарыня: «Мая сяброўка, якая працуе ў школе, выдае дачку замуж — рыхтуецца да вясельля. Зьбірала чарніцы, грыбы і адразу здавала. А яшчэ адна былая вучаніца распавядала, што адных ягад здала больш чым на 4 мільёны. А ў яе трое дзетак, мужа няма, то для яе гэта вельмі значная дапамога».

Зьбіральніцтва — праца нялёгкая

Спадарыня Любоў, нагадваючы пра збор ягадаў, кажа, што гэта нялёгкая праца:

«Так, гэтая праца зусім ня лёгкая, але калі паехаць а 5-й раніцы ў лес, то да абеду можна назьбіраць 5-літровае вядзерца ягад. Праўда, там і камары, і кляшчы, і гадзюкі, бо лета вільготнае было. І гэта ўвесь час, як казаў наш КВН-шчык, у нахіленым стане. І тое, што палову Смаргоні нахілілі — гэта дакладна».

Таксама сёньня наш гарадзенскі карэспандэнт цікавіўся грыбным пытаньнем — распытваў у пакупнікоў й прадаўцоў, наколькі сёлета шмат грыбоў ды які іх кошт у горадзе?
Грыбы сёлета там, куды дождж трапляе.

Спадарыня зь лісічкамі: «Усё жыцьцё жылі і грыбы зьбіралі. Якіх больш? Калі дождж пройдзе, усіх будзе шмат».

Другая спадарыня: «Я зьбіраю, але цяпер грыбоў няма. Няма грыбоў, бо сонца. Як дождж пападае, то ёсьць грыбы, але я цяпер ня ежджу, бо няма. Трэба заехаць, за транспарт заплаціць, транспарт даражэйшы атрымліваецца, чым грыбы. Невыгодна, канечне, невыгодна стала. Вось калі паехаць, я вам скажу, дзе я ежджу — за Азёры, гэта недзе трыццаць кілямэтраў, палічыце — бэнзін колькі будзе? І грыбы дарагія атрымліваюцца, усё дорага».

Трэцяя спадарыня: «Зьбіраем, нарыхтоўваем, чырвонагаловікі, на палігоне. Вой, гэта вы мяне паказваць будзеце? Не, ня трэба, муж, муж зьбірае, а я ня ежджу ў грыбы, бульбу, бульбу выбіраю».

Бабуля: «Не, я не пры лесе, я ў горадзе жыву, ня маю».

Спадарыня: «Я грыбы люблю, але зьбіраць сілаў ня маю, а купляць — грошай, таму што вельмі ўсё дарагое. Але я ня бачыла нідзе грыбоў нават, я жыўлюся сваім гародам, чым магу, тым і жыву».

Наступная спадарыня: «На рынку грыбы прадаюць, я многа бачыла, але сама не зьбіраю, бо я хворая і не магу ехаць у лес. Вы кажаце, што нядорага, але баюся, бо, кажуць, шмат чарвівых і якіясьці не такія, як трэба, то я ўжо ня ведаю».

ВІЦЕБШЧЫНА


5-літровае вядро журавін — 100 тысяч рублёў

Апошнімі днямі амаль каля кожнай віцебскай харчовай крамы разгортваецца міні-кірмаш. Гэта вяскоўцы з бліжэйшых раёнаў вязуць у абласны цэнтар сабраныя «дары лесу» — журавіны, брусьніцы, а таксама грыбы — апенькі, грузды, абабкі, падасінавікі. Удакладняе Браніслава Станкевіч.

Пэнсіянэрка просіць за пяцілітровае вядро журавін 100 тысяч рублёў ды распавядае, як нялёгка дастаюцца тыя ягадкі:

«Я іх прывалакла ў Віцебск, бо ў нас у Гарадку столькі не даюць за ягады, а значна меней. Дый не на кожным балоце яны ёсьць, і тыя ўжо выцягнулі! Усе як рынуліся! Мы прыехалі, калі было ўжо дазволена, дык усё павыбрана, мох калупалі… Ідзеш там і сьвету ня бачыш, па балоце цягаесься. Грошы зарабляю!».
Я іх прывалакла ў Віцебск, бо ў нас у Гарадку столькі не даюць за ягады.

Спадарыня спадзяецца, што журавіны купяць расейцы, якія прыяжджаюць у Віцебск купляць танныя харчы — яны гатовыя плаціць даражэй, чым беларусы. Спадзяецца на гэта і спадар, які прадае грыбы — грузды і абабкі. На кірмаш ён вырашыў ня ехаць:

«І тут добра купляюць расейцы. Дык я вядро сабе — вядро сюды»…

Пакуль пакупнікоў няма, спадар распавядае, што жыве ў вёсцы, але цяжкую працу рабіць ня можа, бо мае інваліднасьць. Таму грыбы ва ўраджайны год — гэта добрая прыбаўка да пэнсіі.

На сапраўдным кірмашы, а не на «пятачку» каля крамы і ягады, і грыбы можна набыць таньней. Журавіны — ужо па 60–70 тысяч за вядро. Можна тут паслухаць і розныя жыцьцёвыя гісторыі. Да прыкладу, спадарыня паехала ў журавіны, каб на выручаныя грошы адзначыць мужу юбілей — іншага спосабу, каб зарабіць, у ейнай вёсцы няма:

Зялёныя журавіны перад продажам фарбуюць у марганцоўцы

«Ну, што рабіць? Трэба неяк паправіць фінансавае становішча. 50 гадоў, трэба адзначаць… Дык я ўчора, калі вылезла з таго балота, была мокрая ўшчэнт! І не таму, што там вільготна, а ад поту! Замучылася так, што цяпер не магу нават акуляры зьняць — вочы як у рака варанага! Але калі трэба — дык куды падзенесься!».

На кірмашы распавядаюць, што, каб болей зарабіць, шмат хто сёлета зьбіраў журавіны «браканьерскім мэтадам» — без дазволу і яшчэ белыя, каб потым, перад продажам, пафарбаваць у марганцоўцы. А грыбнікоў зь Віцебшчыны ўжо тройчы шукалі сваякі і выратавальнікі — людзі блукалі ў лесе да раніцы. Але пакуль абышлося без ахвяраў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Зьбіральніцтва — занятак ня толькі беспрацоўных

На Клічаўшчыне зьбіральніцтва стала шмат для каго прафэсійным заняткам. Гэты промысел ратуе ад безграшоўя, кажа жыхарка райцэнтру Вольга.

«Я ежджу ў журавіны. У нядзелю я на 285 тысяч здала. Гэта такая дапамога! Асабліва калі падлічыць — у мяне пляменьніца, у яе заробак 460 тысяч, а ў мяне толькі 200 тысяч. Ёсьць людзі, якія па дзесяць мільёнаў толькі на адных чарніцах зарабілі. Тыя, хто працуе, — па выходных, а беспрацоўныя штодзень езьдзяць».
Прадпрымальнікі менш падманваюць. У іх электронныя вагі. А вось, напрыклад, адзін ёсьць у нас нарыхтоўшчык ад райпо, ён дужа падманвае.

У ягады людзей возяць прадпрымальнікі. Найчасьцей ім жа і здаюць сабранае. Цэны ў прадпрымальнікаў і дзяржаўных нарыхтоўшчыкаў аднолькавыя, зазначае спадарыня Вольга.

«Прадпрымальнікі менш падманваюць. У іх электронныя вагі. А вось, напрыклад, адзін ёсьць у нас нарыхтоўшчык ад райпо, ён дужа падманвае. Яму выдалі электронную вагу, а яна ў яго на наступны дзень чамусьці зламалася. Прадпрымальнікам здаваць выгадней. Яны ж возяць у Горадню. Журавіны прадаюць у Польшчу».

У Дрыбінскім раёне лесу няшмат. Ягады ды грыбы людзі зьбіраюць для сябе. Некаторыя маюць іншы прыработак. Яны займаюцца шапавальствам. Як спадар Аляксандар. Ён валіць валёнкі ўжо не адзін год. Свой тавар прадае на расейскім рынку:

«Я за год параў 100–150, болей не раблю. У Беларусі даюць у сярэднім каля трохсот тысяч за пару. Матэрыялы й праца дарагія. Каб зрабіць адну пару, трэба гадзінаў дзесяць. Людзі бяруць, канечне. У Беларусі заробкі цяпер не дазваляюць людзям набываць. У Расеі ўдвая даражэй выходзіць. У нас прадаць практычна нічога немагчыма».
XS
SM
MD
LG