Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Спрынчан — пра самую сьпеўную паэзію


Аксана Спрынчан

Аксана Спрынчан

Хто з нас ня ведае, што беларуская мова адна з наймілагучнейшых у сьвеце? Хто засумняецца, што яна паэтычная? Таму і нядзіўна, што беларускія вершы былі, ёсьць альбо будуць песьнямі. Сьпеўныя паэтычныя кнігі, у якіх ёсьць песьні, любімыя беларускім народам, альбо вершы — патэнцыйныя песьні, складаюць сёньняшняе пяцікніжжа.




Янка Купала. Поўны збор твораў.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1995–2003.

Янка Купала, песьню зямля ўскалыхала.
Янка Купала, высьпела — песьняю стала.

У каго ня ўзьнікне ахвоты засьпяваць найвядомейшыя і найпраўдзівейшыя радкі зь песьні Ўладзімера Някляева «Янка Купала» (муз. Уладзімера Будніка). Гэтая песьня першапачаткова мела назву «Веснавыя званы», і сапраўды Янка Купала ў беларускай песьні 20 стагодзьдзя стаўся «веснавым звонам». Музычнасьць купалаўскай паэзіі ад пачатку натхняла на песьні. Першыя зь іх, створаныя народам, сьпяваліся ўжо ў 1906-07 гадах. А ў 1910-м прафэсійны кампазытар Людамір Рагоўскі стварыў харавы твор «А хто там ідзе?», які пасьля фальклярызаваўся ды стаўся неафіцыйным гімнам Беларусі. Да гэтага верша зьвярталіся і пазьней як вядомыя кампазытары (Сяргей Картэс, сьпявалі з 1981-га «Песьняры»), гэтак і маладыя барды дваццаць першага стагодзьдзя (Вадзім Клімовіч). І верш, і песьня, якім ужо споўнілася 100 гадоў, застаюцца сучаснымі. На жаль. Але ж як сьцьвярджае другі гімн на верш Янкі Купалы — «Не загаснуць зоркі ў небе» (муз. Міколы Янчука, гарм. Міколы Равенскага). Гэты верш-прысьвячэньне «Нашай Ніве» быў дасланы паэтам зь Пецярбургу ў 1911 годзе да ейнага пяцігодзьдзя (№ 47–48). Лірычным гімнам беларусаў сталася і купалаўская «Спадчына» (муз. Ігара Лучанка, «Песьняры»).

Песенная спадчына Янкі Купалы ці не найбольшая ў беларускай літаратуры і музыцы. На некаторыя вершы існуе да 6 варыянтаў. Так, песьні «Я — калгасьніца…» стварылі ў 20 стагодзьдзі Самуіл Палонскі, Рыгор Пукст, Аляксей Туранкоў, Мікалай Чуркін, Васіль Яфімаў, а ў 21-м адбылося пераасэнсаваньне гэтага твора гуртом «Жаба ў каляіне». Адна з апошніх песень на верш Янкі Купалы — «Гэй, наперад!» Лявона Вольскага з альбому «Белая яблыня грому». Чытайма і сьпявайма:

К новай долі шлях нам ляжа.
Як на небе Млечны Шлях,
Слова, дум ніхто ня зьвяжа,
Жыць, цярпець ня будзе страх!

Максім Багдановіч. Поўны збор твораў у 3 т.

Менск, «Навука і тэхніка», 1992 — 1995.

«Музыка перш за ўсё» — гэтыя словы Поля Верлена Максім Багдановіч абраў эпіграфам да вершу «Па-над белым пухам вішняў».

І ліецца хваляй песьня, —
Ціхі, ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца навявае,
Напявае яго мне.

Безумоўна, сэрца паэта «навявала», «напявала» вершы-гімны. Інакш бы не было ў нас змагарнага гімну «Пагоня» (муз. Уладзімера Мулявіна). Упершыню гэтая песьня прагучала на канцэрце «Песьняроў» у Нью-Ёрку ў 1991 годзе. Выконвалася канцэртная праграма «Вянок», у якую ўвайшлі таксама «Па-над белым пухам вішняў», «Эмігранцкая песьня», «На чужыне» і іншыя.

Інакш не было б гімна закаханых «Зорка Вэнэра» (муз. Сымона Рака-Міхайлоўскага). Інакш бы не сьпявалі замест замежнай песьні — «Слуцкія ткачыхі» (муз. Міколы Равенскага). Іначай не называлі б дзяцей Максім і Вераніка і ня слухалі б, як «Песьняры» сьпяваюць «Вераніку»:

Хай нерухомы словы сьпева:
Чым болi сходзiць дзён, начэй,
Тым iмя мiлае вышэй.

Словы Максіма Багдановіча застаюцца «нерухомы», а песьні зьяўляюцца новыя, упрыгожваючы сьпеўны «Вянок» клясыка.

Уладзімер Караткевіч. Збор твораў у 8 т.

«Мастацкая літаратура», 1987.

Уладзімер Караткевіч першы напісаў «Беларускую песьню» зь вялікай літары, песьню-клятву, песьню-пытаньне («Дзе мой край?») і адначасова песьню-адказ («Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа…»; муз. Зьмітра Вайцюшкевіча).

«Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі…». Такой «неўміручай песьняй» стаўся для Беларусі сам Караткевіч, які сваімі творамі ствараў і стварае «хор» сапраўдных беларусаў, хор, які можа чытаць і сьпяваць на сваёй мове. Калі многія пісьменьнікі пачынаюць зь вершаў, а пасьля пераходзяць да прозы, дык шмат хто з чытачоў Уладзімера Караткевіча напачатку захапіўся прозай, а пасьля зьвярнуўся да вершаў. Магчыма, таму «са спазьненьнем» пачалі нараджацца і песьні. Але затое цяпер яны ёсьць у рэпэртуары ці ня кожнага выканаўцы: Кася Камоцкая і Алесь Камоцкі, Вольга Цярэшчанка і Раман Яраш, Зьміцер Дзядзенка і Міхал Бараноўскі, Нэўра Дзюбель і Ulis…

Караткевіча можна сьпяваць, Караткевіча трэба сьпяваць, Караткевіча будуць сьпяваць. Бо ён таксама «волі сьцяг», як і тыя, пра каго сьпявае Лявон Вольскі ў песьні «Павешаным 1863 года» («Калі ідуць на абардаж»):

І сёньня ў вечны наш працяг,
У неба на сьвітаньні дня
Уздымуць нас, як волі сьцяг,
Якога й Богу нельга зьняць.

Леанід Дранько-Майсюк. Цацачная крама.

Менск, «Мэдысонт», 2008.

«Мой лепшы твор — верш «Полька беларуская», мая лепшая кніга — «Цацачная крама» — гэтае прызнаньне Леаніда Дранько-Майсюка ў пэўнай ступені ўнікальнае. Унікальнае тым, што паэт лепшым вершам абірае той, які стаўся ўсенародна вядомым як песьня (муз. Ігара Лучанка), а лепшай кнігай — тую, што напачатку (2001) выйшла альбомам у выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча. Усе героі кнігі — Гаспадар і цацкі-жывёлы — сьпяваюць. У кнізе сьпеваў — болей, на кружэлцы — меней. Таму варта не абмяжоўвацца праслухоўваньнем, а ўзяць і пачытаць. Кніга цікавая і дзецям, і дарослым, бо хіба мала ў нашым жыцьці «калгасных Бараноў», ці «памяркоўных Мядзьведзяў», ці «няшчасных Казлоў»… Ці нават «Сяброў», якія заклікалі скакаць «Польку беларускую», а цяпер заклікаюць таньчыць пад чужую дудку.

«Цацачную краму» можна набыць у кніжнай і музычнай і, безумоўна, у цацачнай краме. Можна намаляваць ці выляпіць з плястыліну… «Гуляць дык гуляць», як напісаў сябар паэта.

Уладзімер Някляеў. Выбраныя творы.

Менск, «Кнігазбор», 2009.

Што за сумныя песьні
сьпяваеш ты, Белая Русь!
Як валошкі на ўзьмежку
тужліва яны прарастаюць.
«Ой ляцеў белы гусь…»
А куды ён ляцеў, белы гусь,
Калі ў небе тваім
толькі шэрыя гусі лятаюць?

Гэта радкі зь пятага вершу Ўладзімера Някляева з «Выбраных твораў». Ён з тых паэтаў, якія адмыслова стваралі тэксты для песьняў. І што цікава — усенародна вядомымі сталіся якраз ня сумныя песьні: «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок», «Белае віно і чырвонае» і інш. 17 песень (а ўсіх дзесьці каля 500) паэт зьмясьціў у разьдзел «Паэзія».

У 2006 годзе з’явіўся альбом «Танга з ружай» Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra на вершы Ўладзімера Някляева. Упершыню паэт прапанаваў менавіта свае вершы, і Зьміцер Вайцюшкевіч абраў іх з кніг «Знак аховы» (1983), «Прошча» (1996) і «Так» (2004). Вершы ва Ўладзімера Някляева надзвычай сьпеўныя. Песьні ў Зьмітра Вайцюшкевіча надзвычай сэнсавыя, бо на сапраўдныя вершы.

Скончылася лета… Не сумуй!
Звыклаю хадою час прастуе.
Ад спакою ён цябе ўратуе,
Ад самоты сам сябе ратуй!

А як у самога не атрымліваецца, паслухай беларускія песьні. А слухаючы песьні, не забывайся пацікавіцца: чые словы?
XS
SM
MD
LG