Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьяўленьне добрых дэбютных кніжак – справа сама па сабе зусім не дзіўная: у кожнага вядомага пісьменьніка калісьці мусіла выйсьці першая кніга. Дзіва ў іншым – многія дэбютныя кнігі, якія выйшлі апошнім часам, падаюцца такімі ўдалымі, што пакрысе пачынаеш сумнявацца ў прымаўцы “першы блін комам”.



Антон Францішак Брыль. Не ўпаў жолуд.

Менск: І.П.Логвінаў, 2011

Кніга Антона Францішка Брыля, што выйшла ў сэрыі “Галярэя Б”, – гэта адна з самых незвычайных кніг беларускай літаратуры. І незвычайная яна з некалькіх прычынаў. Па-першае, калі чытаеш яе, з’яўляецца ўражаньне, што яна магла быць напісаная альбо дзьвесьце гадоў таму – калі рамантыкі зацікавіліся старадаўнімі руінамі, а Ян Баршчэўскі толькі-толькі пачаў пісаць першыя старонкі “Шляхціца Завальні”, альбо сто гадоў таму – калі Ўільям Батлер Ейтс расказаў сваім суайчыньнікам пра Фэргуса і дзяцей багіні Дану. Але І.П.Логвінаў не дасьць схлусіць: кніга выйшла не далей як некалькі тыдняў таму, і спазьненьнем гэтую акалічнасьць назваць нельга, бо зборнік “Не ўпаў жолуд” – гэта такая клясыка, якой у нас не было, а вельмі хочацца, каб была. Па-другое, кніга абапіраецца не столькі на беларускую (хаця і на яе таксама), колькі на заходнеэўрапейскую і нават старажытнарымскую вэрсіфікацыйную традыцыю. Побач з Гольшам, Гедрусам і Радзівіламі ў зборніку ёсьць месца і чароўнаму народу, і Гельвію Цыне, а верш “Жалуды” пабудаваны на аснове міту пра Кадма, хаця народ лірычнага героя і нараджаецца не з зубоў цмока, а з жалудоў, насеньня сьвятарнага дрэва ці то друідаў, ці то старажытных славянаў. І калі Нёман можа вынесьці падарожніка наўпрост да Корамні-дэла, чытачу застаецца толькі здагадвацца, якія дзівы адбываюцца ў кнізе Антона Францішка Брыля, як толькі загортваецца яе апошняя старонка…

Віталь Рыжкоў. Дзьверы, замкнёныя на ключы.

Менск: І.П.Логвінаў, 2010

Першая кніга вершаў Віталя Рыжкова “Дзьверы, замкнёныя на ключы” (нават першыя дзьве кнігі – пад вокладкай папяровага асобніка хаваецца дыск з аўдыёзапісамі) зьмяшчае ня толькі ўласныя творы паэта, але і яго пераклады з ангельскай, польскай, грузінскай і ўкраінскай моваў. Гэтая кніга вельмі цэльная і расказвае пра жыцьцё аднаго асобна ўзятага лірычнага героя ў адной асобна ўзятай краіне – і выдае на тое, што гэты асобна ўзяты лірычны герой мае ўсе шанцы ўвасобіць сваё пакаленьне і зрабіцца... не, не героем свайго часу (назваць яго героем свайго часу было б занадта жорстка, калі ўспомніць гісторыю гэтага панятку), а хутчэй чалавекам ці нават паэтам свайго часу: слэм, самота (хоць яна і пазачасавая), Жадан, дарога (пакуль яшчэ не доўгая) дадому і іншае. Наш час – такі, які ён ёсьць, і паэту гэтага часу даводзіцца прыдумляць новую вершаваную форму – чорна-белы верш. Ці замацуецца мода на чорна-белыя вершы ў беларускай літаратуры трывала, пакажа толькі сам час і наступны зборнік Віталя Рыжкова.

Ігар Кулікоў. Паварот на мора.

Менск, 2011

Зборнік Ігара Кулікова “Паварот на мора” складаецца з пяці безназоўных частак, якія разьдзяляюць творы аўтара згодна з фармальнымі прыкметамі: пятая частка – гэта пераклад, чацьвёртая – падарожныя нататкі, трэцяя – вэрлібры, другая – вершы, якія на першы погляд падаюцца традыцыйнымі, і першая – вершы, якія не падаюцца традыцыйнымі нават на першы погляд. Здаецца, што аўтару падабаецца гуляць з традыцыяй і трошкі яе цьвяліць. Але больш, чым з традыцыяй, аўтару (“стваратару чуйнага слова”) падабаецца гуляць з мовай. Ён выцягвае са слова прыхаваныя і патэнцыйныя сэнсы і дастае зь нябыту словы, якія маглі б быць, робячы выгляд, што яны ня проста маглі б быць, а ёсьць. Лірычныя героі паэта – бадзягі дхармы, якія ўжо пасьпелі пакінуць межы слоўнікаў і павярнуць да Mare Tenebrarum. Цікава, на якія берагі вынесе іх у наступнай кнізе Ігара Кулікова…

Эдгар По. Маска Чырвонае Сьмерці: выбраныя навэлы, вершы, эсэ.

Менск: Кнігазбор, 2011

Зборнік перакладаў выбраных навэлаў, вершаў і эсэ Эдгара По зрабіўся дэбютнай кнігай “Прайдзісьвета” – інтэрнэт-часопіса беларускіх перакладаў, – якая адкрыла сэрыю “Postscriptum”. У кнізе зьмешчаныя дэбютныя працы шэрагу перакладчыкаў, што супрацоўнічаюць з інтэрнэт-часопісам і наведваюць перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім калегіюме: Кацярыны Маціеўскай, Юлі Цімафевай, Аляксея Арцёмава, Марыны Дзергачовай, Натальлі Лабанавай, Кацярыны Дубоўскай, а таксама маладых літаратараў, якія даслалі пераклады твораў Эдгара По на конкурс ПЭН-цэнтру: Юлі Шадзько, Веранікі Сідарэнка. Такая колькасьць дэбютантаў не робіць выданьне менш сур’ёзным і грунтоўным, а хутчэй наадварот – дэманструе магчымасьці новага пакаленьня перакладчыкаў, якія трапілі пад адну вокладку з Сяргеем Шупам, Алегам Мінкіным, Уладзімерам Шчасным, Лявонам Баршчэўскім і Андрэем Хадановічам. Расказваць пра творчасьць самога амэрыканскага пісьменьніка наўрад ці мае сэнс – ён даўно заняў сваё месца ў гісторыі сусьветнай літаратуры, аднак у гісторыі беларускага перакладу ён урэшце зрабіў вялікі (калі не сказаць сямімільны) крок наперад. А заяўленая дэбютантам-“Прайдзісьветам” сэрыя дае спадзявацца, што кніга Эдгара По – гэта толькі пачатак…

Тувэ Янсан. Камэт над далінай мумітроляў / Пераклад з швэдзкай Насты Лабады і Алесі Башарымавай.

Менск: Зьміцер Колас, 2011

Над перакладам другой кнігі з сэрыі казачных аповесьцяў пра мумітроляў швэдзкамоўнай фінскай пісьменьніцы Тувэ Янсан працавалі адразу дзьве перакладчыцы, для адной з якіх, Алесі Башарымавай, кніга стала дэбютнай. Кніга “Камэт над далінай мумітроляў”, шчыльна заселеная абаяльнымі хемулямі, скрутамі, кнютамі і іншымі стварэньнямі, уяўляла сабой сур’ёзны выклік для перакладчыкаў – беларускія істоты мусілі атрымацца ня менш сымпатычнымі за сваіх фінска-швэдзкіх субратоў, цікавымі для дарослых і простымі для дзіцячага ўспрыняцьця. І, здаецца, так яно і атрымалася: мумітролі і іх перакладчыцы перамаглі ўсе складанасьці швэдзкай і беларускай моваў. Ёсьць спадзяваньне, што хуткім часам дэбют Алесі Башарымавай падмацуецца выхадам перакладу (гэтым разам зробленага ёй адной) чарговай кнігі пра мумітроляў.
XS
SM
MD
LG