Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод кнігаў адмысловую ролю здаўна займалі біяграфіі. Займальныя біяграфічныя кнігі былі падручнікамі жыцьця й асэнсаваньнем мінулага. Я назаву пяць беларускіх біяграфій -- пяць іхніх тыпаў -- яны зьмяняліся ў часе й самі зьмянялі час.





Аповесьць жыцьця і сьмерці сьвятой і блажэннай і найпадобнейшай Еўфрасіньні, ігуменьні манастыра Сьвятога Спаса і Найсьвяцейшай Ягонай Маці, што ў горадзе Полацку


Біяграфія, дакладней, агіяграфія сьвятой Еўфрасіньні Полацкай — гэта абраз, намаляваны з дапамогаю словаў. Агіяграфічны жанр — кананічны.
Аўтар твору жыційнага твору — звычайна, невядомы. А лепей сказаць так: аўтарам «Аповесьці» зьяўляецца сама Еўфрасіньня — яна аўтарытэт, а іншы чалавек толькі занатаваў ейнае жыцьцё. Але й Еўфрасіньня — аўтар толькі таму, што дакладна сьледуе за Хрыстом.


Аповесьць пра ажэнства караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Жыгімонта Аўгуста з Барбараю Радзівіл


На першы плян выходзяць любоўныя пачуцьці, нястрыманыя, палкія — якія зьдзівілі, а то й абурылі сучаснікаў Барбары й Жыгімонта. Гэта біяграфія, прасякнутая мэлядраматызмам. Мэлядрама — тыповы буржуазны жанр, і «Аповесьць пра Жыгімонта Аўгуста і Барбару Радзівіл» — гэта першая беларуская біяграфія нашага часу.

«Загадка Багдановіча» Міхася Стральцова

Гэта біяграфія, дзе любоў набывае грамадзкае вымярэньне, а сам герой-паэт зьяўляецца Дэміюргам, які стварае нацыю; зрэшты, як і сам Міхась Стральцоў.

Зь біяграфічных кнігаў пра «культурных герояў» беларускай нацыі — гэтая, бадай, самая стылёва вытанчаная. Што зусім ня дзіўна: Стральцоў — стыліст найвыбітны.

Творца Стральцоў захапляльна й зграбна піша пра творцу Багдановіча.
Біяграфічных кнігаў такога тыпу — з «аўтарамі» пра «аўтараў» — вельмі шмат і яны для нас звыклыя: зь дзяцінства нас вучаць мэмарыяльнай пашане да зорак й помнікаў.

Дарэчы, не магу абмінуць удалыя кнігі Алега Лойкі — «Як агонь, як вада» — пра Янку Купалу й «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае». А вось яшчэ кніга — Лідзіі Савік «Космас беларуса» — пра Барыса Кіта.

І тут мы пераходзім да чацьвёртага тыпу біяграфій.

Біяграфіі калектыўныя

Алег Гардзіенка «Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі»

Адна з апошніх і тыповых калектыўных біяграфій, зробленая па ўсім іхнім правілам. Ёсьцёка калектыўныя й паасобныя партрэты. Маюцца разнастайныя дакумэнты: прыватныя лісты, фатаграфіі, бібліяграфіі; пастаронкавыя сьпісы імёнаў. І самае галоўнае — героі аб'яднаныя агульным лёсам.

Менавіта па прынцыпе калектыўных біяграфій складзеныя «Нарысы гісторыі Беларусі» Генадзя Сагановіча і «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях» Янкі Запрудніка, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага этапны твор і «Нарыс гісторыі Беларусі 1795-2002» Захара Шыбекі.

У калектыўных біяграфіях жыцьцё не пачынаецца з нараджэньнем толькі аднаго чалавека — і не завяршаецца зь ягонаю сьмерцю; гэта супольная біяграфія народа.

І нават «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага і прадмовы да вершаў Францішка Багушэвіча — творы калектыўнае біяграфіі.

Але мы занадта адышлі ад дня сёньняшняга.

«Сучасьнікі» Адама Глёбуса вось вам сучасныя біяграфіі.

(Прашу ўголас не лямантаваць — я таксама туды трапіў на ролю чарговага пыхлівага ідыёта). Недарэчнасьці й непрыемнасьці чужых жыцьцяў (часам зь імёнамі асобных шчасьліўцаў) ахайна сабраныя ў калекцыю Адама Глёбуса — дзесьці паміж пашаноўнай абразай і гратэскна-вытанчаным анекдотам.

Але кунсткамэра Адама Глёбуса — гэта амаль самазабойчая спроба ўтаіць распад аўтарства дый інфляцыю «зорных» біяграфій у эпоху постмадэрнізму. Калі сам аўтар згубіўся ў натоўпе сучасьнікаў, цынічная маска не схавае болю. Як казаў Ігар Бабкоў у «Адаме Клакоцкім і ягоных ценях» ёсьцека «галюцынагенная прысутнасьць Сябе як іншага».

Набліжаецца час новай калектыўнае біяграфіі Беларусі. І тут лепей зьвярнуцца да першакрыніцы - якая й спарадзіла калектыўныя біяграфіі.

Да Старога Запавету.

Новы мы яшчэ не забылі.
XS
SM
MD
LG