Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка – пра актульныя аўтарскія энцыкляпэдыі


Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

Цяперашні час – мэдыйны, шматслоў(й)ны, месцамі мазаічна-псыхапатычны – вымагае пошуку адаптаваных формаў выразнасьці. І для аўтара сёньня адным са спосабаў змаганьня з энтрапіяй знакаў і сэнсаў, добрым шляхам улагоджваньня гэтага хаосу, ёсьць стварэньне энцыкляпэдыяў. Не калектыўных акадэмічных (іх акурат катастрафічна бракуе), але – аўтарскіх.

Кожны блогер-графаман (а кожны блогер крышачку графаман) стварае сваю энцыклёпію (напрыклад, па альфабэтным сьпісе тэгаў альбо зацікаўленасьцяў). І цяперашні чытач пачуваецца ўжо ня борхесаўскім пэрсанажам, заблукалым у гіганцкай бібліятэцы альбо не картасараўскім падарожнікам па загадзя пракладзеным аўтарам маршруце. Сёньняшні чытач, узброены навігатарамі-пашукавікамі пракладае сабе маршруты сам.
Найлепшыя аўтарскія энцыкляпэдыі – імёнаў, паводзінаў, страваў, хворасьцяў і нацыянальных фэномэнаў – пагартаў Анатоль Івашчанка.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды.

(Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2007

Аўтарская энцыкляпэдыя, адрозна, скажам, ад мастацкага твору, не вымагае чытаньня ад першае да апошняе старонкі. Наадварот – яна скіроўвае да чытаньня ўраздроб, залежна ад зацікаўленасьцяў кожнага канкрэтнага чытача. То бок аўтарская энцыкляпэдыя – рэч не аўтарытарная. Дэмакратычная, так бы мовіць.
Зусім інакш – для аўтара, абмежаванага пэўнай колькасьцю знакаў, у якія трэба ўкласьці-адфільтраваць максымум зьместу ды экспрэсіі, адсекшы, рыхтык скульптару ад каменнае глыбы, усё лішняе.
Уладзімер Арлоў зрабіў нават больш. Кожны ягоны партрэт – на мяжы эсэістыкі й бібліяграфічнае навукі. Яркі, бы водбліск бліскавіцы сярод цямрэчы забыцьця, звонкі, бы пошчак пугі ў пустэльні немачы, ён прапушчаны праз аўтарскую самасьць ды загостраны на высокім пачуцьці волі й патрыятызму. Як цьвік у труну ворагам беларушчыны.

Сяргей Дубавец. ЯК? Азбука паводзінаў.

(Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2009

Усім вядомая беларуская показка пра тое, як пасьля вясельля госьць наракае на гаспадароў, маўляў, усё нібыта й добра, але прымусу не было. Беларус любіць прымус, і гэтую мэнтальную асаблівасьць Сяргей Дубавец скарыстаў як формаўтваральную для сваёй энцыкляпэдыі (няхай сабе ва ўводзінах аўтар і адхрышчваецца ад дыдактычнага чыньніку, якога тамака і напраўду амаль няма: “мая “азбука паводзінаў” ня мае на мэце ані прымушаць, ані навучаць”).
“ЯК?” – суплёт эсэяў, завязаны, як тое й належыць гэтай жанравай адзінцы, на ўласным досьведзе, гермэтычны (праз усю тую ж знакавую абмежаванасьць), сваім мысьленьнем скіраваны да пошуку парадоксаў і разбурэньня стэрэатыпаў. Вось і парадокс: банальныя ісьціны выкладаюцца небанальнаю мовай. Карацей, гэта яшчэ адна спантанная і ўвадначасьсе добра сплянаваная правакацыя найлепшага айчыннага публіцыста.

Падобна, што паводле аўтарскае задумы, кніга вучыць ня столькі таму, як жыць, колькі – як выжываць. Нездарма ж ангельскі варыянт – у рэзюмэ – мае дадатковы назоў “Дапаможнік па этычным выжываньні ў дыктатурах”.

І яшчэ – кніга зробленая на файнай паперы.

Юры Качук. Моц смаку: беларуская кухня. Беларуская кухня.

Беласток: Ортдрук, 2010

Вядома ж, аднаго прымусу, каб выклікаць гасьцёўскую ўхвалу, недастаткова. Патрэбнае яшчэ й майстэрства (якога не прап’еш).

Гэта самая смачная беларуская кніга. 400 рэцэптаў беларускіх страваў, палова зь якіх – аўтарскія. Цудоўны дызайн. Падрабязныя фотасэсіі працэсу гатаваньня. Што тут яшчэ можна дадаць? Гэта трэба бачыць. Але – толькі добра падсілкаваўшыся. Смачнага чытаньня!



Альгерд Бахарэвіч. Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча.

(Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011

Калі мяне папрасілі наўскід сказаць штосьці пра “ММЭ(Б)”, я, хаця й ведаючы, што магу гэтым пакрыўдзіць аўтара, параўнаў стыль кнігі з маналёгамі Жванецкага. Вядома ж, Жванецкі са сваім адэскім гумарам поруч з халоднай, а часам і бязьлітасна жорсткай іроніяй Бахарэвіча, – кацянё, пухнаты ручны зьвярок. Але што я меў на ўвазе? Перадусім – тоеснасьць задачаў. І там, і тут – сатыра як спосаб змаганьня з хваробамі грамадзтва. Гэтае вось “мы не ўрачы, мы – боль”. Чаму менавіта Жванецкі? Я б з радасьцю прапанаваў параўнаньне з айчынным сатырыкам, але штосьці ня згадваецца ніхто. У беларускай літаратуры ні гогалеўскай, ні салтыкоўска-шчадрынскай традыцыі не зарадзілася. Нашыя аўтары заўжды ішлі сьледам за чытачом, за яго “замовамі”, прыхамацямі. Абы чытаў. Нам і цяпер, мяркуючы па камэнтах, у тым ліку й на свабодаўскіх форумах, ня дужа падабаецца слухаць пра сябе праўду. Як і наагул – слухаць і чуць меркаваньні іншых. Ну вядома ж, мы самыя талерантныя, самыя верацярпімыя, самыя-самыя!.. Што там гэты ўпырхлік з-за бугра нас вучыць будзе, як жыць? Самі разьбяромся.
Бахарэвіч – самы сьмелы беларускі аўтар. Ягоная кніга – выклік. Толькі ці дойдзе ён да адрасату?

Павал Севярынец. Люблю Беларусь: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі.

Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008 (Кнігарня “Наша Ніва”)

Эстэты ганяць “Люблю Беларусь” за высокі градус патасу ды мэсіянства; Бахарэвіч параўноўвае яе з майн кампфам. Але калі я чую ад людзей, якія прачыталі “Люблю Беларусь”, што Севярынец – неадэкватны фанатык, то мне бачыцца два варыянты: альбо мы чыталі дзьве розныя кнігі, альбо – праз розныя шоры. Так, і патас ёсьць, і мэсіянства. Не бяз гэтага. Але ці будзе раздражняць патаснасьць у гімне ці, скажам, у рок-опэры, дзе ён ёсьць першым (і галоўным) складнікам?..

Севярынец падкладае дынаміт пад нашыя закасьцянелыя забабоны й комплексы нацыянальнай непаўнавартаснасьці, што культываваліся цягам стагодзьдзяў як захопнікамі, гэтак, цяпер, і некаторымі прадстаўнікамі айчыннай інтэлектуальнай элітай: “Гэтая кніга – выклік пашыранаму меркаваньню, што насамрэч Беларусі няма, што яна не адбылася як дзяржава, што беларусы “не дарасьлі” ці “збанкрутавалі як нацыя”. Беларусь ёсьць рэчаіснасьцю!”

“Люблю Беларусь” – кніга, якую мусіў бы стварыць дзяржаўны чыноўнік (прыкладам, начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня).
Севярынец знайшоў дзьвесьце нагодаў, каб любіць Беларусь. Праўда, сярод іх і “Чарка”, і “Шкварка”, і нават “Прэзыдэнт-алімпіец”. Але калі любіш насамрэч – то цалкам. З усімі хібінамі, пахібкамі й заганамі…
XS
SM
MD
LG