Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без указу Лукашэнкі прыватызацыя "Гродна Азота" не пачнецца


Нягледзячы на заявы прэм’ер-міністра Мясьніковіча, што расейскія кампаніі вядуць перамовы наконт прыватызацыі "Гродна Азота", на самім прадпрыемстве пра гэта нічога ня ведаюць.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства "Гродна Азот" прэм’ер Мясьніковіч называў сярод сямі буйных беларускіх прадпрыемстваў, наконт якіх з буйнымі расейскімі кампаніямі нібыта вядуцца перамовы аб прыватызацыі.

Праўда, амаль адразу з Масквы пасьпяшаліся абвергнуць беларускага прэм’ера: маўляў, толькі не ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі.

Намесьніца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара ААТ "Гродна Азот" Людміла Балычова, пачуўшы маё пытаньне наконт перамоваў з расейскімі кампаніямі "Роснефть" і "Сибур" аб прыватызацыі гэтага прадпрыемства, адказала:

Балычова: "Мы пра такое нічога ня ведаем".

Карэспандэнт: "А ў кіраўніцтва прадпрыемства ёсьць свае пляны прыватызацыі?".

Балычова: "Наагул, прыватызацыя нашага прадпрыемства можа весьціся толькі паводле ўказу прэзыдэнта. Таму, пакуль ня будзе такога ўказу, я вам нічога сказаць не магу".

Кіраўнік Незалежнага прафсаюзу ААТ "Гродна Азот" Сяргей Антусевіч кажа, што і ён, і рабочыя ведаць пра перамовы з расейскімі кампаніямі толькі з паведамленьняў СМІ.

Зь яго слоў, гэта працоўных ня вельмі цікавіць, бо на руках яны маюць менш за адзін адсотак акцыяў і іхні голас ня зможа паўплываць на вынікі прыватызацыі.

З другога боку, Сяргей Антусевіч ставіцца цяпер да прыватызацыі прадпрыемства скептычна. Ён лічыць, што рэальныя шанцы і час, калі можна было эфэктыўна правесьці гэтыя працэсы, страчаныя.

Антусевіч: "Такія прапановы расейскім кампаніям рабіліся неаднаразова. Думаю, што і гэтыя спробы — безвыніковыя. Больш за тое, усе цудоўна разумеюць эканамічны стан рэчаў, умовы прыватызацыі пры цяперашняй уладзе — ня думаю, што яны пойдуць на нейкія сур’ёзныя крокі, каб нешта набываць".

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, нягледзячы на заявы Мясьніковіча, сытуацыя з прыватызацыяй беларускіх прадпрыемстваў расейскім бізнэсам выглядае даволі няпэўна і непразрыста.

Злотнікаў: "Я думаю, што нават калі Мясьніковіч і вядзе перамовы — гэта яшчэ нічога ня значыць. Бо калі ня будзе ўказу зьверху, то і нічога ня будзе адназначна. Да ўсяго, ва ўрадзе існуюць розныя погляды на прыватызацыю. Мясьніковіч кажа адно, а прэзыдэнт заяўляе, што мы ня будзем сьпяшацца, затанна не прадамо… Гэтыя размовы пра прыватызацыю цягнуцца ўжо вельмі даўно…".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG