Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе беларускае “фамільнае срэбра”?


Беларускі ўрад заяўляе, што гатовы прадаць актывы шэрагу стратэгічных прадпрыемстваў расейскім кампаніям. Напярэдадні прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч зазначыў, што вядуцца шчыльныя перамовы з зацікаўленымі кампаніямі наконт продажу лепшых прадпрыемстваў Беларусі.

Сустракаючыся ў Маскве са сваімі калегамі — прэм'ер-міністрамі Расеі і Казахстану, кіраўнік ураду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч расказаў, што Беларусь вядзе перамовы аб продажы акцый прынамсі сямі буйных прадпрыемстваў. У іх шэрагу — завод "Гродна Азот", на які нібыта прэтэндуюць расейскія "Роснефть" і "Сибур"; "Нафтан", які ня супраць прыватызаваць кампанія "Лукойл"; Мазырскі НПЗ, якім цікавіцца тая ж "Роснефть"; "Белтрансгаз", 50% акцый якога хоча набыць "Газпром". Ідуць перамовы з кампаніямі "Русские машины" і "Ростехнологии" аб продажы акцый Менскага аўтазаводу і "Інтэгралу"; беларускі бок таксама гатовы прадаць сваю частку акцый кампаніі мабільнай сувязі МТС.

Між тым некаторыя са згаданых расейскіх кампаній ужо абверглі заявы Мясьніковіча. Прэсавыя службы "Роснефти" і "Сибура" распаўсюдзілі паведамленьні, у якіх гаворыцца: у цяперашніх эканамічных умовах падобныя зьдзелкі расцэньваюцца як немэтазгодныя. Эканаміст Васіль Шлындзікаў лічыць, што ў дадзеным выпадку расейцы альбо сапраўды не рызыкуюць укладаць грошы ў непрадказальную эканоміку, альбо жадаюць зьбіць кошты:

"Можа быць і адно, і другое. З аднаго боку, спрабуюць цану зьбіць, а зь іншага — усьведамляюць, наколькі ўсё гэта небясьпечна. Яны ж добра разумеюць, хто ім прадае — можна сказаць, што нелегітымны рэжым. І гэта для іх бізнэсу небясьпечна. Ня выключана, што расейская дзяржава кагосьці абароніць — той жа "Газпром", калі ён набудзе "Белтрансгаз". Але ж усіх не ўратуеш, а ў нас знойдуць прычыну, па якой потым аспрэчыць гэтыя зьдзелкі. Усё можа быць, таму я не выключаю гэтыя пытаньні ў комплексе. Бо калі ёсьць рызыка — значыць, трэба максымальна зьбіваць цану, каб зьменшыць гэтую рызыку".

Экспэрты лічаць, што распрадаваць дзяржаўную маёмасьць беларускія ўлады пагадзіліся ад безвыходнасьці. Навуковы дырэктар Беларускага эканамічнага дасьледчага адукацыйнага цэнтру Міхайла Сальнікаў нагадвае, што арганізацыі і дзяржавы-донары ў якасьці першай падставы да адкрыцьця крэдытнай лініі называюць менавіта прыватызацыю. Аднак ва ўмовах Беларусі нават шырока разрэклямаваныя сумесныя праекты альбо "падвісаюць", альбо ціха згортваюцца. Прыкладам, прыватызацыя "Белтрансгаза" абстаўляецца шэрагам умоваў, на якія "Газпром" ісьці не жадае. Тое ж тычыцца і перамоваў паміж МАЗам і КамАЗам — бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў зацягваньні працэсу. А ў такіх умовах немагчыма дакладна сказаць, ці дастаткова названых актываў дзеля таго, каб забясьпечыць эканамічную стабільнасьць Беларусі:

"Галоўнай умовай выдзяленьня ўсіх крэдытаў будзе прыватызацыя. І хоць ацэнкай прадпрыемстваў я канкрэтна не займаўся, але ацэнка шэрагу стратэгічных заводаў, таго ж самага МАЗа, канечне ж, патрабуе дадатковых дасьледаваньняў. То бок зусім ня выключана, што, апроч згаданых суб'ектаў, трэба будзе яшчэ прыватызаваць некаторыя іншыя прадпрыемствы. Але ня выключана, што пры аб'ектыўнай ацэнцы будзе дастаткова і гэтага. Яшчэ раз кажу, усё гэта патрабуе вельмі грунтоўных дасьледаваньняў".

Адной з галоўных праблемаў у працэсе прыватызацыі стратэгічных аб'ектаў застаецца вызначэньне іх кошту. Калі няма фондавага рынку, аб'ектыўна ацаніць "фамільнае срэбра" практычна немагчыма. Адсюль і разыходжаньні ў лічбах: калі, прыкладам, Аляксандар Лукашэнка ацаніў МАЗ у 2 мільярды даляраў, то расейцы гатовыя заплаціць крыху больш за паўмільярда. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці ў красавіку агучыў лічбу ў 2,5 мільярда даляраў, але, як кажа дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, адкуль бярэцца такая арытмэтыка — зразумець цяжка:

"Калі зьяўляецца акцыянэрнае таварыства, хацелася б ведаць, колькі каштуе акцыя. Той жа Бароўскі, дырэктар МАЗа, летась казаў, што ёсьць дамоўленасьці, ухваленыя прэзыдэнтам, аб продажы 8—10% акцый МАЗа Вэнэсуэле. Узьнікае пытаньне: а па якой цане? І калі параўноўваць КамАЗ і МАЗ, то ў расейцаў акцыі круцяцца на рынку, на біржы; у іх ёсьць рынкавая капіталізацыя, рынак ацэньвае кошт акцый. Гэта моцна аргумэнт, на які можна арыентавацца. А ў МАЗа на ніводнай біржы акцый няма. Колькі ён каштуе, хто ацэніць? Трэба наймаць сур'ёзнага ацэншчыка зь міжнароднай рэпутацыяй, які гарантуе, што, як аўтарытэтная кампанія, будзе лічыць паводле мэтодык, і тады можна будзе гаварыць, што акцыі МАЗа будуць каштаваць столькі і столькі. Таму заявы Дзяржкаммаёмасьці пра ацэнку не зусім зразумелыя: ці гэта яны самі ацанілі, ці хто іншы, па якой мэтодыцы? Нічога не ўдакладняецца. Але, на маю думку, недаацэнены гэты актыў".

Завісла і пытаньне прыватызацыі "Беларуськалія". Кіраўніцтва расейскай кампаніі "Уралкалий" выказвала жаданьне набыць пакет акцый беларускага прадпрыемства і нават абяцала 1 мільярд даляраў перадаплаты ў кошт будучых паставак угнаеньняў. Аднак учора Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што расейскі бок не сфармуляваў зразумелых прапаноў, з чаго прэм'ер зрабіў выснову: мабыць, "Уралкалий" не гатовы да супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG