Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: пачынаюць пілаваць уласнасьць


Беларускі ўрад заяўляе, што гатовы прадаць актывы шэрагу стратэгічных прадпрыемстваў расейскім кампаніям. Як ставяцца да гэтых заяваў адмыслоўцы?

Паводле прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, гаворка ідзе найперш пра акцыі "Гродна Азот", "Нафтана", Мазырскага НПЗ, "Белтрансгаза", Менскага аўтазаводу і "Інтэгралу". Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка адзначае, што ў расейскай тэрміналёгіі гэта называецца — "пачынаюць пілаваць уласнасьць".

Леанід Заіка

"Улада зайшла ў тупік. Уласных сілаў і ведаў для кіраваньня сытуацыяй няма. Рэсурсаў няма, даверу няма, таму пачынаюць прадаваць тое, што належыць вэтэранам працы. А гэта вельмі дрэнны знак. Гэта паказвае толькі тое, што Беларусь, практычна, — краіна, якая не адбылася".

Паводле спадара Заікі, расьпіл уласнасьці — гэта цана эканамічнай палітыкі, якая вялася цягам апошніх 15 гадоў.

"А толку ад гэтага ніякага ня будзе. Чым лепшая цяперашняя намэнклятура ад той, якая расьпілуе ўласнасьць? Гэта будзе расейскі бізнэс, беларуская намэнклятура, расейскія чыноўнікі. То бок сумесны такі пойдзе разьдзел уласнасьці. Гэта ж не прыватызацыя — гэта разьдзел уласнасьці".

Экспэрт расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін адзначае, што зьдзелка па продажы 50% акцый "Белтрансгаза", хутчэй за ўсё, адбудзецца, нягледзячы на тое, што яна зацягваецца.

Паколькі праблема з "Паўднёвым патокам" пакуль не вырашаецца, то поўнасьцю атрымаць кантроль над усёй транзытнай сеткай у Беларусі ўсё ж набывае нейкае значэньне ...

"Зацягвалася яна таму, што ў "Газпрома" асаблівай неабходнасьці ў ёй не было, бо кампанія ўжо кантралюе паўтара маршрута. Але з адкрыцьцём "Паўднёвага патоку" гэта было б залішнім. Аб'ёмы "Газпром" мог бы перавесьці на "Паўночны паток", які ўваходзіць у эксплюатацыю ўвосень, і на "Паўднёвы паток", і зьняць гэтыя аб'ёмы зь Беларусі. Паколькі праблема з "Паўднёвым патокам" пакуль не вырашаецца, то поўнасьцю атрымаць кантроль над усёй транзытнай сеткай у Беларусі ўсё ж набывае нейкае значэньне".

Што да шэрагу іншых прадпрыемстваў са сьпісу, агучанага Міхаілам Мясьніковічам, то, паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, расейскія фірмы, безумоўна, хацелі б іх набыць. Размовы наконт гэтых актываў марна вядуцца ўжо некалькі гадоў. Але ці вырашыць іх продаж эканамічныя праблемы?

"Я ня думаю, што за вялікія грошы можна прадаць "Нафтан", бо яго трэба мадэрнізаваць і ўкласьці туды вялікія грошы — 2—3 мільярды, каб потым можна было атрымліваць прыбытак. Таму ня ўсе аб'екты будуць прададзеныя за вялікія грошы, калі насамрэч яны будуць прададзеныя. "Азоту" таксама патрэбныя вялікія капіталаўкладаньні. Таму цяжка разьлічваць на вялікія грошы па нейкіх аб'ектах, бо яны ўжо састарэлі. Што да "Нафтану" і Мазырскага НПЗ, то глыбіня перапрацоўкі нафты невялікая адносна сучаснага ўзроўню. І таму пры цэнах усясьветнага рынку яны неэфэктыўныя. Гэта ж тычыцца і "Азота". Становішча цяпер сапраўды цяжкае, магчыма, нешта давядзецца і прадаць.Калі прададуць, то найперш акцыі "Белтрансгаза".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG