Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Асіпцоў: “Гэты рэжым сам нараджае герояў”


Алесь Асіпцоў

Алесь Асіпцоў


У Магілёве ў суботу пасьля 10-дзённага арышту выйшаў на волю незалежны журналіст Алесь Асіпцоў.

Пакараньне арыштам выносіла журналісту, затрыманаму пры асьвятленьні акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня, судзьдзя Ірына Ланчава.


Радыё Свабода: Разглядаючы вашую справу, ці ўзяла судзьдзя пад увагу, што вы журналіст?

Асіпцоў: Я ёй сказаў пра тое, што я журналіст, і міліцыянт, які мяне нібыта затрымліваў, таксама сказаў, што я журналіст, але судзьдзя проста праігнаравала гэты факт. Яна спыталася, ці агучвалі міліцыянты патрабаваньне да ўдзельнікаў акцыі пратэсту разысьціся. Я прызнаў факт, што такое патрабаваньне было, а судзьдзя мне на гэта задала пытаньне, чаму я не сышоў. Я ёй паспрабаваў проста патлумачыць, што я журналіст і гэта мая работа – прысутнічаць на месцы такіх падзеяў. Чалавек, аказалася, не разумее ў прынцыпе, што такое журналістыка. Відаць, ёсьць нейкі стэрэатып, што журналісты працуюць толькі на дзяржаўным тэлебачаньні і пішуць толькі для дзяржаўных газэт.

Радыё Свабода: Затрыманьне і пазьней пакараньне вас – гэта знак таго, што журналісцкае пасьведчаньне ў Магілёве ня можа прадухіліць арышту? Вы мелі пры сабе ў часе затрыманьня журналісцкае пасьведчаньне?

Асіпцоў: Меў журналісцкае пасьведчаньне, а на момант выцясьненьня ўдзельнікаў маўклівай акцыі са сквэру, што насупраць плошчы Леніна ў Магілёве, на мне была яшчэ й накідка з надпісам "Прэса". Але ўсё адно мяне затрымалі, і зноў той жа самы міліцыянт, які нібыта мяне затрымліваў, а насамрэч ён мяне не затрымліваў, ён таксама прызнаў факт, што ў мяне было пасьведчаньне.
Усё рабілася, каб не зьявіліся мае публікацыі аб тым, што адбывалася на афіцыйны Дзень незалежнасьці ў Магілёве...

Магу сказаць толькі адно, што ў Магілёве, як і ўва ўсёй Беларусі, улада дзеліць людзей на сваіх і чужых, на прыхільнікаў і непрыхільнікаў, адпаведна і журналістаў дзеліць на сваіх і чужых. Адсюль і такія дзеяньні. Акрамя таго, усё рабілася, каб не зьявіліся мае публікацыі аб тым, што адбывалася на афіцыйны Дзень незалежнасьці ў Магілёве. Гэта было проста беспрэцэдэнтна, як гвалтоўна выхоплівалі людзей проста на вачох у шматлікай грамады. Я гэта ўжо бачыў з аўтобуса міліцэйскага спэцназу.

Радыё Свабода: Якое было стаўленьне да вас як да журналіста ў ізалятары?
Наймацнейшае ўзьдзеяньне на наглядчыкаў ізалятару аказвалі перадачы – салідарныя дзеяньні людзей з волі...

Асіпцоў: Была паказушная такая строгасьць, але разам з тым я ўсё ж мушу адзначыць, што стаўленьне да мяне, відаць, было крыху лепшае, чым да звыклай катэгорыі адміністрацыйна пакараных. Безумоўна, наймацнейшае ўзьдзеяньне на наглядчыкаў ізалятару аказвалі перадачы – салідарныя дзеяньні людзей з волі. Гэта, безумоўна, рабіла ціск на псыхіку міліцыянтаў, уплывала на паводзіны супрацоўнікаў ізалятару. Напрыклад, ніколі такога не было, каб у камэру да асуджаных прыходзіў начальнік ізалятару і пытаўся, ці ўсё нам падабаецца, ці ёсьць нейкія просьбы, пытаньні да яго асабіста.

Але, вядома, турма ёсьць турма. У прынцыпе дзесяць сутак гэтыя прайшлі, скажам так, бесканфліктна, хаця ў камэры, дзе я сядзеў, хлопец, затрыманы пры разгоне маўклівай акцыі, трое сутак галадаў, пратэстуючы супраць затрыманьня. Міліцыянты ішлі на ўсялякія хітрыкі, каб ён спыніў галадоўку, але хлопец трымаўся мужна. Яго ўрэшце забрала “хуткая дапамога”, і ён не даседзеў суткі да заканчэньня тэрміну свайго арышту. Хлопец той сьцьвярджаў, што ня ўдзельнічаў у акцыі, але яго ўсё адно затрымалі. Судзьдзя Шандаровіч абвінаваціў хлопца ў тым, што ён парушыў два артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу і пакараў арыштам на пяць сутак. Для мяне гэта было проста адкрыцьцё новага чалавека, я зразумеў, што гэты рэжым сам нараджае герояў.

Радыё Свабода: Ці маеце намер абскардзіць вынесены вам прысуд?

Асіпцоў: Я, знаходзячыся ў ізалятары, напісаў абскарджаньне ў абласны Магілёўскі суд і павінен да панядзелка аплаціць судовую пошліну. На шасьці аркушах я напісаў скаргу і выклаў сваё бачаньне таго, як усё адбывалася, заявіў пра тое, што міліцыянт, які сьведчыў супраць мяне, у сапраўднасьці мяне не затрымліваў, што ён хлусіў.
Буду намагацца наагул давесьці гэтую скаргу да міжнародных судовых інстанцыяў...

Буду абскарджваць і буду намагацца наагул давесьці гэтую скаргу да міжнародных судовых інстанцыяў, бо гэта беспрэцэдэнтна. Беспрэцэдэнтна і таму, што ў Магілёве ўпершыню каралі журналістак і давалі ім найбольшыя тэрміны зьняволеньня: напрыклад, Ганьне Ільіной далі 6 сутак, а Аліне Скрыбуновай далі ажно 15 сутак. Я ня ведаю, як дзяўчына гэтыя 15 сутак вытрымлівае ў ізалятары. Гэта проста кашмар...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG