Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: журналіст пакараны арыштам


Сёньня судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Ірына Ланчава пакарала незалежнага журналіста Алеся Асіпцова адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

Суды ў Магілёве над затрыманымі падчас апошніх пратэстных акцыяў, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце, распачаліся ў чацьвер у другой палове дня. Акрамя Алеся Асіпцова, арыштаваны на 5 сутак Аляксандар Кісялёў. Грашовы штраф у 30 базавых велічыняў атрымаў Віталь Заблоцкі.

Карэспандэнт «Свабоды» патэлефанаваў на кватэру да Алеся Асіпцова. Яго жонка Алена сказала, што яна й дзьве дачкі вельмі засмучаныя прысудам і лічаць яго несправядлівым:

«Алесь — выдатны муж, бацька і журналіст. Дзякуючы яму ўся Беларусь своечасова даведваецца пра падзеі на Магілёўшчыне. Мы разам з Алесем ужо шмат гадоў. Гадуем дзьвюх цудоўных дачок школьнага ўзросту. А пазнаёміліся зь ім у юнацкія гады праз удзел у БНФ.

Я падтрымліваю свайго мужа і падзяляю яго палітычныя погляды. Лічу, што наша краіна мае патрэбу ў пераменах, і лічу, што нашы дзеці павінны жыць у вольнай краіне. Жыве Беларусь!».

У сераду, 6 ліпеня, на акцыі ў Магілёве затрымалі 8 чалавек. Акрамя таго, ва ўласных кватэрах былі затрыманыя Алесь Асіпцоў, Віталь Заблоцкі і Аляксандар Сімановіч. Сёньня, 7 ліпеня, затрымалі праваабаронцу Барыса Бухеля. Да суду ўсе яны знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG