Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абуджэньне правінцыі


15 чэрвеня ў розных рэгіёнах краіны, як і ў Менску, адбыліся «акцыі маўчаньня», арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі. У многіх гарадах на плошчу ўпершыню за многія гады выйшла вялікая колькасьць людзей. Дзесяткі ўдзельнікаў былі затрыманыя. Падрабязнасьці пра наступствы акцый удакладняюць сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».



Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі, 15 чэрвеня 2011


ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Аўтарытарная ўлада баіцца»

Акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», праведзеная 15 чэрвеня на плошчы Леніна ў Гомелі, былы непрацяглай, але крэатыўнай.

Як толькі моладзь і частка старэйшых мінакоў выйшла на плошчу да помніка Леніну, стала гуртавацца ў купкі й размаўляць, міліцыянты замітусіліся. Адны праз узмацняльнікі гуку сталі патрабаваць разысьціся, іншыя здымалі людзей на відэа. Асобы ў цывільным аддавалі нейкія распараджэньні старшым афіцэрам, тыя — малодшым. А начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Цэнтральнага РАУС, падпалкоўнік Андрэй Пархоменка зь іншымі міліцыянтамі прычапіўся да сябра ГА «БАЖ» Ларысы Шчыраковай — забараняў здымаць людзей на відэа.

Мінакі заступаліся за журналістку: «Не чапайце, яна нас здымае!», але падпалкоўнік не зважаў на патрабаваньні.

І тут на плошчу падасьпеў аўтазак са спэцназам і памаранчавы аўтобус. Па загаду Пархоменкі міліцыянты паднялі журналістку Шчыракову за рукі й панесьлі ў аўтазак.

Ужо апасьля затрыманьня й асабістага дагляду ў Цэнтральным РАУСе журналістка апавяла:
За мяне сталі заступацца людзі, паспрабавалі неяк мяне абараніць.

«Я прыйшла на плошчу, пабачыла вялікі натоўп людзей і пачала здымаць. Прыйшлі міліцыянты, пачалі казаць, што я ня маю права здымаць. За мяне сталі заступацца людзі, паспрабавалі неяк мяне абараніць — трэба аддаць ім належнае. Адбывалася такое прававое бязьмежжа. Тыя, хто фіксаваў гэта, як я на камэру, былі міліцыянтам недаспадобы. Глядзець на сваё беззаконьне міліцыянты не захацелі, таму й затрымалі. За абедзьве рукі падхапілі й павалаклі. А там, у аўтазаку, сядзелі чалавек пятнаццаць амапаўцаў. Яны падхапілі мяне і ўсьцягнулі ў аўтазак. Я лічу, што гэта парушэньне маіх правоў. Я фіксавала ўсё, што там адбывалася і зьбіраюся абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру».

Пасьля затрыманьня Шчыраковай з аўтазаку на плошчу выскачылі зь дзесятак спэцназаўцаў. Яны й сталі выцясьняць людзей з плошчы. Адных — у бок рэстарацыі з забаўляльным цэнтрам «Эўропа», іншых — да будынку драмтэатру.


Спэцназ супраць чаргі да бочкі з квасам.

І тут нехта з мінакоў сьцяміў, што няблага папіць кваску, наталіць смагу марозівам. Ля перасоўнага шапіка «Гомельхлебпрама» імгненна утварылася

велічэзная чарга, хвост якой дасягаў цэнтру плошчы, адкуль мінакоў толькі што выціснулі.

Прадавачка квасу радавалася: столькі пакупнікоў! А спэцназаўцы сталі выштурхоўваць усіх запар, хто нечакана апынуўся у куце плошчы, блізу забаўляльнага цэнтру «Эўропа».
Калі муж пачаў абурацца, то спэцназаўцы схапілі яго за рукі, павялі й закінулі ў аўтобус.

Апавядае маладзіца, якую з мужам, супрацоўнікам выратавальнай службы МНС, і знаёмым спэцназаўская зачыстка засьпела ля «Эўропы»:

«Мы стаялі ля забаўляльнага цэнтру „Эўропа“. Нас пачалі, я сказала б, надзвычай груба падштурхоўваць у сьпіну гэтыя вялікія дзядзькі, амапаўцы. Усіх траіх, мяне ў тым ліку. Мы сталі пытацца, чаму супраць нас ужываюць сілу? Мы ж нічога ня робім, стаім на вуліцы, размаўляем. Нам кажуць: „Сыходзіце, праходзьце!“ І працягвалі нас праганяць, штурхаць. Муж стаў абурацца: „Чаго вы нас штурхаеце?“ Яго трое спэцназаўцаў узялі за рукі, павялі й пасадзілі ў аўтобус».

На плошчы й блізу яе ў парку міліцыянты затрымалі таксама рэгіянальнага карэспандэнта «Комсомольской правды» в Белоруссии» Паўлюка Міцкевіча, грамадзяніна Расеі Аляксандра Канавалава, які прыехаў з жонкай у Гомель з Хабараўскага краю, маладога жыхара абласнога цэнтру Руслана Усьціменку.

Пасьля дагляду ў Цэнтральным РАУС апошніх дваіх адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яны й правялі мінулую ноч.

Адзін з маладых удзельнікаў маўклівай акцыі так адазваўся на разгон мірных людзей:

«Гэта беззаконьне — яны ж нічога не рабілі. Баяцца нейкага сацыяльнага выбуху, баяцца людзей, іх салідарнасьці. Аўтарытарная ўлада — яна баіцца».

ВІЦЕБШЧЫНА


На акцыі 15-га чэрвеня міліцыянты затрымалі два дзесяткі чалавек

У Віцебску акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» адбывалася ўжо тройчы. Але ранейшыя на плошчы Перамогі былі нешматлюдныя.

У сераду на плошчы Перамогі сабралася каля 200 чалавек, зь іх каля 20 апынуліся ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі. Усім ім было абвешчана, што яны падазраюцца ў групавой бойцы, якая нібыта адбылася напярэдадні. Сытуацыя выглядала дужа камічнай, гаворыць адзін з затрыманых, спадар Сяргей:
Міліцыянты пачалі выдумляць, што мы разам зьбілі нейкага чалавека.

«Нас чацьвярых забралі першымі, потым яшчэ пачалі падвозіць, набралася чалавек 20. Калі нас прывезьлі, то пачалі выдумляць, што мы ўсе зьбілі нейкага чалавека, і што ён зараз прыйдзе на апазнаньне. Ніхто не прыйшоў. Я дужа сьмяяўся, а потым напісаў ім дзьве скаргі ў «Кнігу скаргаў».

Спадар Сяргей запатрабаваў з міліцыянтаў даведку, што ён некалькі гадзінаў правёў у пастарунку, але ні ў чым не вінаваты. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што такога напісаць ня могуць, працягвае спадар Сяргей:

«Яны ня ведалі, што пісаць, і самі сьмяяліся, казалі: «Мы б дома зараз сядзелі, а нас выклікалі, сказалі «на падмацаваньне»… Відаць было, што гэта нейкі загад нас забіраць. А потым прыйшоў нейкі начальнік у цывільным ды распарадзіўся: «Пішыце, што зь імі праводзілі прафіляктыку, і ўсё!»

Сярод затрыманых апынуўся і рэдактар незалежнага сайту «Народныя Навіны Віцебска» Сяргей Серабро, якога завезьлі ў пастарунак яшчэ да пачатку акцыі. З міліцэйскай рацыі ён пачуў фразу :

«Серабро ўжо „ўпакавалі“» — значыць, яго затрымлівалі прэвэнтыўна. Пакуль рэдактар знаходзіўся ў РАУС, на сайце ішло абмеркаванне акцыі, прычым людзі выказвалі гатоўнасьць ахвяраваць грошы на штрафы у выпадку неабходнасьці.
Паглядзім, колькі ў наступную сераду прыйдзе!

Затрыманьні ўвечары 15 чэрвеня былі толькі ў абласным цэнтры, хаця падобныя акцыі адбыліся ў Полацку, Наваполацку ды Воршы. У гэтых гарадох сабралася па некалькі дзесяткаў чалавек.

За людзьмі, якія сабраліся на плошчы ля помніка Леніну, пільна сачылі супрацоўнікі ў форме і ў цывільным, распавядае аршанец спадар Яўген:

«Хто вакол помніка стаяў, адразу было бачна, што гэта людзі прыйшлі на акцыю. 22 чалавекі прыйшлі. І былі міліцыянты, і супрацоўнікі КДБ у машыне сядзелі. Але страху асабліва ні ў кога не было, нават з дзецьмі людзі прыйшлі. Гэта ў Воршы першы раз такое, і добра, што хоць столькі людзей сабралася! Паглядзім, колькі ў наступную сераду прыйдзе!»

МЕНШЧЫНА


Жыхары Салігорску сабраліся 15 чэрвеня ў цэнтры горада на плошчы. Сустрэча пад назвай «Рэвалюцыя празь сацыяльныя сеткі» была арганізаваная карыстальнікамі сацыяльнай сеткі «Ў кантакце».

Па словах грамадзкай актывісткі Ларысы Насановіч, гэта ўжо ня першая такая акцыя ў Салігорску. Папярэдняя адбылася 8 чэрвеня. Таму, як паведамляе слухачка «Свабоды», мясцовая ўлада загадзя падрыхтавалася да акцыі, а спэцслужбы дзейнічалі нават нахабна.

Насановіч: «На плошчы да нас кінуліся двое бамбізаў ў цывільным. Загадалі ісьці да спэцаўтамашыны шэрага колеру. Адзін з гэтых невядомых схапіў мяне за плечы і без усялякага тлумачэньня пацягнуў аўтамашыну. У гэты час яшчэ двое паднялі на рукі маю дачку і таксама панесьлі да машыны, бо дачка вырывалася і гучна крычала, што нас забіраюць нейкія забойцы.

Пад прымусам нас прывезьлі ў Салігорскі РАУС, дзе ўжо знаходзіліся раней затрыманыя. Адпускаць пачалі празь гадзіны дзьве. Прычым, адпускалі ня ўсіх разам, а па адным. Верагодна, што баяліся, што мы зноў вернемся на плошчу».

Таксама напярэдадні «акцыі маўчаньня» адбыліся на Меншчыне ў Барысаве, Жодзіна і Маладзечна.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Гэта была трэцяя такая акцыя ў рэгіёне

У Магілёве й Бабруйску ў акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ўзялі удзел блізу паўтысячы чалавек. Плошчы, дзе меліся адбыцца акцыі, задоўга да іх пачатку ачапілі супрацоўнікі сілавых структураў.

У Магілёве гэта трэцяя акцыя, арганізаваная суполкай «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Дзьве першыя адбыліся на плошчы Леніна пад вокнамі аблвыканкаму. У іх узялі ўдзел каля сотні чалавек. Пра асаблівасьці ўчорашняй апавядае яе ўдзельніца Аксана Самуйлава:

«Учора, безумоўна, было цікавей за ўсё. Ну, па-першае больш людзей прыйшло, блізу 250-300 чалавек, а па другое, што не пусьцілі на плошчу. Улада ўжо пачынае рэагаваць на тое, што ёй не падабаецца. Радуе тое, што тыя людзі, якія хацелі прыйсьці, яны ад сваёй ідэі не адмовіліся. Акцыя прайшла дужа пазытыўна. Усе адзін аднаго падзякавалі аплядысмэнтамі й разышліся».

Плошчу Леніна ачапілі за гадзіну да акцыі. Тым, хто спрабаваў прайсьці на яе, міліцыянты тлумачылі, што на ёй павінна адбыцца нібыта нейкае рэжымнае мерапрыемства. Акцыя адбылася насупраць ачэпленай плошчы. Акрамя міліцыянтаў, за моладзьдзю сачылі й супрацоўнікі адміністрацыяў магілёўскіх ВНУ. Здымалі ўдзельнікаў на фотакамэры. За час акцыі і пасьля яе нікога не затрымлівалі.


Асаблівасьці акцыі ў Бабруйску

У Бабруйску акцыя праходзіла паводле аналягічнага з магілёўскім сцэнару. Тут таксама не было інцыдэнтаў удзельнікаў зь міліцыяй. Пра бабруйскія асаблівасьці «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» апавядае журналістка Алеся Скапінцава:

«Было больш за сто чалавек. Шмат хто проста спужаўся, стаяў па пэрымэтры плошчы. Было й шмат сьмельчакоў, якія не пабаяліся зайсьці ў той пэрымэтар і там стаялі. Намесьнік начальніка ўнутраных спраў бабруйскага гарвыканкаму Сяргей Малішэўскі папярэджваў, што гэта акцыя несанкцыянаваная й што за яе можам панесьці адказнасьць. Побач зь ім хадзіў чалавек зь відэакамэрай і здымаў ўсіх проста ў твар».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Нават праз тры гадзіны ніхто не сказаў, на якой падставе нас затрымалі»

Гарадзенцы падчас сацыяльнай акцыі 15 чэрвеня прыйшлі на дзьве плошчы ў цэнтры — Леніна і Савецкую, але асноўныя падзеі адбыліся менавіта на Савецкай. Па-першае, улады праводзілі там гучнае сьвята прафэсійнай адукацыі, паставілі сцэну, на ёй танчылі і сьпявалі. А ў гэты час дзясяткі міліцыянтаў хапалі людзей і цягнулі ў аўтазакі. Толькі ў Кастрычніцкім РАУС апынулася каля трыццаці пяці затрыманых. У іх узялі пісьмовыя тлумачэньні, а пазьней адпусьцілі.

Як і ў іншых гарадах краіны ў Горадні на Савецкую плошчу а 19-й гадзіне вырашылі прыйсьці людзі, знаёмыя толькі праз сацыяльныя сеткі. Яны хацелі паўгадзіны паразмаўляць пра сытуацыю ў краіне і разысьціся. Але затрымліваць людзей пачалі яшчэ да пачатку акцыі, аднаго зь першых —Дзьмітрыя Бандарчука, ён кажа: папрасілі дакумэнты, паказаў, але:

«Прымусам два міліцыянты пад рукі ўзялі і амаль што занесьлі ў аўтазак. Прычына затрыманьня — невядомая, усе ківалі на „старэйшага“, але яго было не відно».

У пастарунку ў затрыманых ўзялі тлумачэньні: зь якой прычыны яны знаходзіліся ў гэты час на Савецкай плошчы? А праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі.

Бандарчук: «І нават праз тры гадзіны ніхто не сказаў — на якой падставе нас затрымалі. Гэта можна расцэньваць як беззаконьне, калі людзей, якія знаходзіліся ў пэўным месцы, браць і адвозіць у пастарунак».
Ва ўлады страх перад аб’яднаньнем людзей і вулічнымі акцыямі.

Усіх трымалі па кабінэтах, а потым завялі ў актавую залю, там Зьміцер Бандарчук налічыў, што затрыманых было трыццаць-трыццаць пяць чалавек:

«Шмат хто кажа, што стараліся затрымліваць людзей, якія імкнуліся здымаць тое, што адбывалася на плошчы. З усімі працавалі супрацоўнікі міліцыі, каб мы паказвалі тэлефоны, каб зьнішчаць кадры. Але калі мы прыехалі дамоў, у інтэрнэце былі відэа і фоткі, таму ўсе гэтыя спробы схаваць ад людзей інфармацыю ні да чаго не прывялі. Таксама і журналістка польская была затрыманая, і пайшлі чуткі, што консул польскі прыяжджаў».

Камэнтуе здарэньне Юры Істомін — кіраўнік абласной арганізацыі АГП:

«Я думаю, што ўчорашнія падзеі ў Горадні зьвязаныя са страхам уладаў перад аб’яднаньнем людзей і вулічнымі акцыямі пратэсту. Такі абсурд: людзі зьбіраюцца, шпацыруюць, размаўляюць, а ва ўлады страх, што з гэтага вынікне пагроза ёй самой і эканамічнаму становішчу. Фактычна атрымліваецца: любы заклік, каб сабрацца разам, нават калі паедзе купа людзей на лецішча, то будзе кантралявацца ўладамі».

Берасьцейшчына


У Баранавічах удзел у акцыях бралі некалькі дзясяткаў чалавек. Трое былі затрыманыя. Сярод іх — дэмакратычны актывіст Уладзімір Гундар, інвалід другой групы.

Вось што расказаў Уладзімер Гундар пра сваю крыўду Радыё Свабода:

«Яны мяне ня білі, але павалілі на зямлю і пацягнулі волакам. Мне балюча ня толькі фізычна. Больш небясьпечна, што яны хапаюць людзей сярод белага дня без прычыны. Тым больш, што ў мяне былі адпаведныя дакумэнты. Я ж паказаў ім гэтыя дакумэнты!

Творыцца абсалютнае беззаконьне. Больш за тое, у пастарунку, дзе мяне трымалі, падпалкоўнік міліцыі Эдуард Міхайлавіч Суднік, калі я задаў яму пытаньне: „Мы цяпер жывем у Беларусі па законе, Канстытуцыі ці па паняцьцях?“ — адказаў: „Па паняцьцях!“. Вось так, бачыце. Гэта шмат пра што гаворыць — закону для людзей ніякага няма. Таму яны на гэтай акцыі і забіралі мяне па загадзе КДБ».

Уладзімер Гунтар патлумачыў, што спачатку міліцыянты прапанавалі яму паехаць на дактыляскапію, а пасля павялі ў аддзяленьне сілком. Там далі падпісаць паперу, што ён ня будзе надалей удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях. Гундар адмовіўся. Іншых затрыманых таксама вадзілі на так званыя гутаркі па адным. Адпусцілі ўсіх празь некалькі гадзін. Прычым Гундару заявілі, што яго... ніхто не затрымліваў і ён прыйшоў у міліцыю сам. Дактыляскапію яму так і не зрабілі.

Фрагмэнт аўдыёзапісу размовы Ўладзімера Гундара зь міліцыянтамі
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG