Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаце кватэру ў Менску? Будуйце за ўласныя грошы!


Банкі спынілі крэдытаваньне большасьці льготнікаў, што мелі патрэбу ў жыльлі. Сталічныя ўлады афіцыйна адмянілі рашэнне Менгарвыканкаму № 101 ад 15 студзеня 2009 года, згодна зь якім пяціпрацэнтныя льготныя крэдыты маглі атрымаць усе ахвотныя незалежна ад даты пастаноўкі на чаргу, у каго не хапала квадратных мэтраў. Што за гэтым стаіць, як да гэтага ставяцца тыя, хто яшчэ ўчора меў надзею пабудаваць жытло?

Да 1 чэрвеня атрымаць льготныя крэдыты магло даволі шмат катэгорый грамадзянаў – шматдзетныя, малазабясьпечаныя сем'і. А малазабяспечанымі лічыліся сем'і, у якіх даход на чальца быў меншы за 1 мільён 574 тысячы. Пад гэту катэгорыю траплялі амаль усе жыхары краіны. У сераду Аляксандар Лукашэнка заявіў: "Бясплатна ў такім аб'ёме больш будаваць жытло мы ня будзем". Банкі адрэагавалі імгненна. Супрацоўніца "Беларусбанка" тлумачыць:

"На жаль, прыпыненая выдача льготных крэдытаў. Гэта права захоўваецца пакуль за шматдзетнымі сем'ямі, і таксама для сельскага насельніцтва – у населеных пунктах з колькасьцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек".

Гэта азначае, што ў буйных гарадах, і тым больш у сталіцы будаваць кватэру давядзецца пад 17 – 19% гадавых для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэньне жыллёвых умоў, і пад 25–26% -- для ўсіх астатніх.Спадарыня Ірына, якая жыве з мужам і сынам у хрушчоўцы разам са сваімі бацькамі і сястрой, набыць уласнае жытло ўжо не спадзяецца:

Мы выстаялі два тыдні пад дзьвярыма забудоўцы ў кругласутачных дзяжурствах у чарзе, каб атрымаць гэтую кватэру для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў

"Мы пад 5% хацелі будавацца. Пад 17% -- гэта нерэальна. Я літаральна сёньня тэлефанавала, цікавілася ў банку – тых, хто мае патрэбу ў жытле, крэдытуюць пад 19%. Каб крэдытаваць будаўніцтва двухпакаёвай кватэры, у мяне будзе штомесячная выплата 4 мільёны 500 тысяч беларускіх рублёў. Звычайная сярэднестатыстычная сям'я, маючы дзіця, ня можа сабе такое дазволіць".

Дарэчы, і раней атрымаць крэдыт пад 5% было нялёгка – процьма даведак, дакумэнтаў, самому знайсьці забудоўшчыка. У сталіцы такіх шчасьлівых сем'яў, якія адстаялі ў чарзе менш за 20 гадоў– прыкладна 5 тысяч. Паліна, што называецца, пасьпела ўскочыць у апошні вагон – 31 траўня яна заключыла дамову

"Гэта было вельмі складана. Мы выстаялі два тыдні пад дзьвярыма забудоўцы ў кругласутачных дзяжурствах у чарзе, каб атрымаць гэтую кватэру для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Такіх ахвотнікаў было вельмі шмат. Сапраўды, атрымалі гэтую няшчасную аднушку і пасьпелі атрымаць крэдыт яшчэ да адмены 101-га рашэньня".

15 чэрвеня ў Нацыянальным прававым рэестры было зарэгістравана рашэньне Менгарвыканкама № 1601 ад 10.06.2011 "Аб прызнаньні страціўшым сілу рашэньня Мінгарвыканкама ад 15 студзеня 2009 г. № 101" – то бок у сталіцы на льготнае жытло можна не спадзявацца. Менгарвыканкам ніякіх тлумачэньняў не дае. У "Беларусбанку"
Радыё Свабода патлумачылі:

"Наагул, што тычыцца 5% крэдыта, гэта рашэньне прымаецца не банкам, а на ўзроўні выканкамаў прызначалі. А ў банк ужо дасылалі гатовыя сьпісы тых, каго неабходна пракрэдытаваць. У нас пакуль інфармацыя толькі пра тое, што прыпыненая выдача ільготных крэдытаў. На жаль, пакуль з нашых афіцыйных крыніцаў ніякай іншай інфармацыі атрымаць немагчыма".

Людзі ў адчаі. Некаторыя ўжо заплацілі першыя ўнёскі на будаўніцтва, а зараз даведаліся, што льготныя крэдыты не атрымаюць. Паліна, якая доўгі час правяла ў чэргах з жадаючымі атрымаць льготнае крэдытаваньне, кажа:

"Настрой, канечне, пэсымістычны. Людзі змагаюцца, пішуць ў Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, у "Беларусбанк", у Менгарвыканкам абуральныя лісты. Былі заключаныя дамовы, людзі аплацілі грошы, першыя ўнёскі, перавялі валютныя запасы ў беларускія рублі, страцілі на курсе. Таму, канечне, усе абураныя, расстроеныя, спрабуюць змагацца за свае правы".

Эканаміст Міхал Залескі наконт сытуацыі з будаўніцтвам жытла выказаўся так:


"Будавалі камяніцу, муравалі хмарачос... У краіне адсутнічае дзяржаўная жыльлёвая палітыка, у нас адсутнічае будаўнічая палітыка і прамысловая палітыка. Таму ўсе гэтыя заявы ёсьць праявай тыповай савецкай бездапаможнасьці. Лукашэнка, які лічыць сябе кіраўніком дзяржавы, ня ў стане кіраваць нічым".

Натуральна, у сталіцы жытла будавацца будзе менш. Менавіта такую задачу паставіў ў сераду Аляксандар Лукашэнка, які заявіў: "Я схіляюся да таго, што менчукі павінны сабе будаваць жытло самі, калі хочуць жыць у Менску... ".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG