Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Беларусі спрабуе стабілізаваць валютны рынак, уводзячы розныя абмежаваньні, скарачаючы дзяржаўныя сацыяльныя праграмы . У прыватнасьці, як напярэдадні заявіў віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, у 2011 годзе праграма жыльлёвага будаўніцтва будзе скарочана на 220 тысяч квадратных мэтраў — гэта больш як пяць тысяч стандартных трохпакаёвых кватэраў.

Тэму скарачэньня жыльлёвага будаўніцтва дасьледавалі сёньня ў Менску і рэгіёнах журналісты "Свабоды".

МЕНСК


У Менску ўжо 280 000 чалавек маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў

У Менску на сёньня самая вялікая ў Беларусі чарга з тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні ўмоваў жыльля — у ёй амаль 280 тысяч чалавек. Старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька ў мінулы аўторак вылучыў некалькі новых прапаноў, як скараціць яе. У прыватнасьці, тэрмін пражываньня ў сталіцы, каб атрымаць права пастаноўкі на чаргу, прапануецца павялічыць з 5 да 10 гадоў. Адначасова з гэтым прапануецца зьменшыць крытэрый патрэбы ў жылой плошчы для пастаноўкі ў чаргу — з 15 да 10 квадратных мэтраў на чалавека.

Супрацоўніца УКБ Менгарвыканкаму: "Пакуль працуем бязь зьменаў"

Ва ўправе капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму, які вядзе долевае будаўніцтва новых кватэраў у Менску, не камэнтуюць прапановы Мікалая Ладуцькі. Адзначаюць, што ў працы з кліентамі пакуль нічога не зьмянілася:

"Мы працуем, як і раней. Калі адбудуцца якія зьмены, то нам давядуць гэта праз афіцыйныя дакумэнты. Пакуль ніякіх новаўвядзеньняў не адбылося", — паведаміла ў тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам "Свабоды" адказная супрацоўніца ўправы капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму.

Экспэрт "Свабоды" Леанід Заіка: "У валютны крызіс дзяржава скасуе грашовыя крэдыты на жыльлёвае будаўніцтва"

Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што ў час валютнага крызісу дзяржава скасуе танныя грашовыя крэдыты для будаўніцтва жыльля:

"Ніякіх танных крэдытаў і раздачы грошай ня будзе. Таму што на ўнутраным рынку ўжо створаныя калясальныя запасы беларускіх рублёў, а валюты фактычна няма. І гэта вынік 2010 году і таго курсу, пра які на так званым усебеларускім сходзе было заяўлена: "Правільнай дарогай ідзем!".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Скарачэньне і падаражэньні на рынку жыльлёвага будаўніцтва

Берасьцейскія рыэлтары мяркуюць, што ня ўсе прыватныя будаўнічыя фірмы перажывуць валютны крызіс. Жыльлёвае будаўніцтва будзе весьціся толькі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, найперш для сацыяльных мэтаў. На абласным рынку нерухомасьці — самыя розныя прагнозы і меркаваньні.

Экспэрты агенцтва нерухомасьці "Гарант Посьпеху" адзначаюць, што за апошнія дзесяць гадоў рынак нерухомасьці перажываў крызісныя моманты пяць разоў. Цяперашні крызіс, паводле экспэрта, адназначна прывядзе да скарачэньня жыльлёвага будаўніцтва:

"Найперш будаўніцтва скароціцца. На рынку застануцца толькі дзяржаўныя і самыя буйныя прадпрыемствы, як, да прыкладу, "Брэстжылбуд". Яны накіраваныя на будаўніцтва сацыяльнага жыльля, таму фірма працягне працаваць пры любых варунках. Далей можна казаць пра "Навуковапрам". А вось астатнія арганізацыі наўрад ці змогуць перажыць гэты крызіс".

Увогуле, як адзначае прадстаўніца агенцтва нерухомасьці, у людзей няма грошай, каб набываць жыльлё. Прагнозы ў цяперашняй сытуацыі практычна немагчымыя:

"Мы, шчыра кажучы, нават і ня маем прагнозаў, проста зараз назіраем за сытуацыяй і чакаем, таму што ўсё гэта непрадказальна. Але мне падаецца, што кошты будуць падаць на другаснае жыльлё. Тое ж было ў 2008 годзе, калі адбылася дэвальвацыя рубля. Але калі казаць пра першаснае жыльлё — дык тут пакуль няма ніякіх прагнозаў".

Кошт квадратнага мэтра жыльля ў Берасьці — 1200 даляраў

Прадстаўнік дзяржаўнай будаўнічай фірмы Берасьця Генадзь кажа, што пакуль крызіс не адбіўся на прадпрыемстве. Але, паводле яго слоў, варта чакаць павышэньня цэнаў як на першаснае, так і на другаснае жыльлё. Крэдыты стануць менш даступнымі, будаўніцтва жыльля будзе скарачацца:

"Жыльлё будзе даражэць. Магчыма, што ня будзе істотных скачкоў, але ўжо зараз кошт квадратнага мэтра перасягнуў 1200 даляраў. Што да крэдытаў, дык таксама больш за мільён рублёў варта чакаць штомесячнай выплаты".

У адрозьненьне ад дзяржаўных фірмаў, прыватныя будаўнікі моцна адчулі валютны крызіс. Працы на будоўлях прыпыніліся, кажа прадстаўнік адной з прыватных будаўнічых фірмаў Берасьця Ўладзімер:

"Напрыклад, мы нядаўна ўзялі яшчэ адзін аб'ект. Але мы ня можам распачаць працы, бо няма грошай. Як пачалося ад замарозкі грошай на рахунках, так усё і спынілася. Да таго ж цэны на будаўнічыя матэрыялы вырасьлі капітальна. Калі раней мы набывалі неабходнае па тры тысячы, то цяпер прывозяць па шэсьць тысяч рублёў".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Будоўлі ў мікрараёне "Спадарожнік" амаль мёртвыя

На Магілёўшчыне леташні плян жыльлёвага будаўніцтва застаўся нявыкананы.

У рэгіёне сёлета плянуюць узьвесьці 850 тысяч квадратных мэтраў жытла. Летась плян быў сьціплейшы — 790 тысяч. Але і яго ня выканалі. Прычыны агучыў прадстаўнік дзяржкантролю:

"Недастатковая матэрыяльна-тэхнічная база будаўнічых арганізацыяў вобласьці. Нізкая кваліфікацыя працаўнікоў. Асабліва інжынэрнага складу. Дужа шмат нараканьняў з боку грамадзян на працу будаўнікоў. Хібы практычна ўва ўсім — вокны, дзьверы, сьцяжкі, сьцены".

"На аплату прыпісак у будаўніцтве зь бюджэту выцягнулі чатыры мільярды рублёў"

Паводле афіцыйнай інфармацыі, камітэт дзяржкантролю выявіў 40 будаўнічых арганізацыяў, якія завышалі сабекошт сваіх прац. Яны незаконна прыцягнулі зь дзяржаўнага бюджэту сродкаў на чатыры мільярды рублёў.

Паведамленьняў пра сёлетнія тэмпы жыльлёвага будаўніцтва ў рэгіёне няшмат. Вядома толькі, што старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка асабіста інспэктаваў будаўнічыя пляцоўкі ў мікрараёне "Спадарожнік" і застаўся вельмі незадаволены:

"Спадарожнік" амаль мёртвы. Дом маналітны як стаяў месяц таму, так і стаіць. Некалькі толькі дамоў панэльных вымалёўваюцца — тры ці чатыры. То бок пачатак году ў нас — раскачка. Будзем потым плён гэтай раскачкі пажынаць у выглядзе нэрвознасьці. І дай бог, каб гэта потым не адбілася на якасьці".

У будаўнічых арганізацыях рэгіёну кажуць, што жыльлё ўзводзяць за банкаўскія крэдыты заказчыкаў. Таму да апошняга часу вялікіх праблемаў у фінансаваньні не было. Але, як прызнаецца прадстаўнік адміністрацыі будаўнічага трэсту № 18 Магілёва, у выпадку карэкціроўкі пляну жыльлёвага будаўніцтва давядзецца скарачаць колькасьць каапэратываў:

"Мы будуем жытло, якое цалкам сфармавалі каапэратывы. І калі плянавая палітыка будаўніцтва будзе скарэктаваная, то, адпаведна, і колькасьць такіх каапэратываў будзе скарочаная".

"Многія будаўнікі з райцэнтраў звальняюцца на Расею"

Будаўнічыя арганізацыі, асабліва ў райцэнтрах, цяпер сутыкаюцца зь іншай праблемай — зь нястачай кваліфікаваных працаўнікоў. Гэта прызнае прадстаўнік адміністрацыі Круглянскай ПМК.

"Цякучасьць кадраў дужа вялікая. Пачынаецца пік будаўнічых прац. Многія звальняюцца на Расею. Там больш актыўна ажыўляецца гэты працэс".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG