Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі ёсьць. Жыльля — няма


Belarus – Minsk building 11Jun2008

Belarus – Minsk building 11Jun2008

Шэраг будаўнічых арганізацый прыпынілі заключэньне новых дамоваў на далявое будаўніцтва. Гэта адбылося адразу пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка, выступаючы у Кобрыне на Берасьцейшчыне, паведаміў: «Жыльля мы зараз будзем будаваць менш».

Прычына — востры валютны крызіс, няпэўнасьць курсу беларускага рубля. Праблему дасьледуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды». Ля мікрафона — Вячаслаў Кулік.

ВІЦЕБШЧЫНА


Кватэры ў Віцебску масава скупляюць жыхары Расеі

Нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што аб’ёмы жыльлёвага будаўніцтва трэба скараціць, прымусілі хвалявацца многіх жыхароў Віцебшчыны.

Жыхар абласнога цэнтру спадар Уладзімер чакае здачы свайго дома ў мікрараёне «Білева-2». Ён спадзяецца, што абвешчанае Аляксандрам Лукашэнкам скарачэньне будаўніцтва будзе тычыцца толькі Менску:

«Гэта тычылася толькі Менску. Ён сказаў, што ў Менску павінна быць ня больш за мільён семсот тысяч жыхароў, інакш гэта будзе „бардак з жалеза і бэтону“, непрыдатны для пражываньня… А пра Віцебск ён маўчаў. У нас, я думаю, будаўніцтва расьці будзе. „Білева“ хочуць вунь ці не да аэрапорта разбудаваць. Рапартуюць, як шмат у нас пабудавана і што нават не хапае магутнасьцяў, каб выканаць пастаўленыя Косінцам заданьні».

Будаўніцтва новых дамоў у Віцебску вядзецца часам у тры зьмены, але нестае рабочых рук і будматэрыялаў. Паводле афіцыйных крыніцаў, тэмпы будаўніцтва жытла на Віцебшчыне — ці ня самыя пасьпяховыя ў краіне: кватэру з прыцягненьнем ільготнага крэдыту цягам году могуць атрымаць тыя, хто стаяў на чарзе з 2007 году.

Але нестабільнасьць валютнага рынку выклікае ў жыхароў Віцебску трывогу, ці змогуць яны атрымаць банкаўскі крэдыт на будаўніцтва. Напрыканцы сакавіка некаторыя банкі ўвогуле прыпынілі прыём заявак на атрыманьне крэдытаў для будаўніцтва жытла. Знаёмы майго суразмоўцы ўжо займеў з гэтым праблемы:

Банкі патрабуюць 100% гарантыю вяртаньня грашовых крэдытаў

«Ён хацеў узяць крэдыт, але знайшлі кучу прычын для адмовы. Ён там праз знаёмых потым спрабаваў дамовіцца… З гэтым і раней былі праблемы. Таму што банк мусіць быць пэўны, што менавіта гэты чалавек аддасьць усе грошы, ды яшчэ й з працэнтамі»…
Ён хацеў узяць крэдыт, але знайшлі кучу прычын для адмовы.


Новыя кватэры, якія цяжка дастаюцца жыхарам Віцебску, масава скупляюць жыхары Расейскай Фэдэрацыі. Гэта ўжо характэрная зьява на тутэйшым рынку жытла. У толькі што збудаваным доме частка гаспадароў — прыежджыя з блізкага Смаленску ці з Масквы, кажа жыхар мікрараёну Білева Вадзім Кузьмін:

«Беларусам шмат што не па кішэні — крэдыты і гэтак далей. Але дужа шмат расейцаў! Для іх 40 ці 50 тысяч даляраў — гэта ня грошы. Яны робяць шыкоўныя рамонты, і атрымліваецца, што кватэра — гэта як ашчадная кніжка: 40 тысяч даляраў аддаў, і ў цябе ёсьць кватэра. А там, як дрэнна стане жыць у Маскве — яны сюды, горш тут — назад у Маскву».

Штомесяц 600 жыхароў Віцебску зьвяртаюцца для пастаноўкі ў чаргу на жытло.

Пакуль кватэры скупляюць замежныя ўсходнія суседзі, чэргі на атрыманьне жытла ў Віцебску растуць. Прыкладам, у 2005 годзе на ўлік у гарвыканкам сталі каля 600 чалавек, а цяпер амаль столькі ж зьвяртаецца штомесяц. Але ў цяперашняй нестабільнай эканамічнай сытуацыі пэрспэктывы пабудаваць уласнае жытло ў іх усё больш няясныя.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


За будаўніцтва «прэзыдэнцкіх» дамкоў ня плаціць ААТ «Александрыйскае»

З-за хістаньняў курсу валюты шмат якія будаўнічыя працы ў рэгіёнах трапілі пад пагрозу спыненьня. Складана цяпер пралічваць сабекошт прадукцыі, даводзіцца стрымліваць і прыняцьце рашэньняў.

Прадпрымальнік з гораду Горкі на Магілёўшчыне Андрэй Бажко вырашыў з чацьвярга прыпыніць галадоўку і згарнуць пікетаваньне, якое ён праводзіў ля адміністрацыйнага будынка перасоўна-мэханізаванай калёны № 1 (ПМК-1). Гэтае прадпрыемства на працягу паўгода, як сьцьвярджае бізнэсовец, не разьлічвалася зь ягоным прыватным прадпрыемствам «МБА Клеапатра+».

Напярэдадні з просьбай спыніць акцыю, кажа Бажко, да яго зьвярнуліся чыноўнікі райвыканкаму. Яны даведаліся пра пратэст прадпрымальніка з тэлефанаваньняў журналістаў.

Андрэй Бажко
«Прыехалі супрацоўнікі аддзелу эканомікі і будаўніцтва райвыканкаму. Выклікалі начальніка ПМК. Селі за стол перамоваў. Мне падпісалі ўсе працэнтоўкі ў прысутнасьці чыноўнікаў. Пакуль грошай у ПМК няма. Яны паабяцалі, што ўгавораць майго работніка не падаваць на мяне ў суд з-за нявыплаты яму заробку. Ён пачакае, пакуль ПМК не аддасьць мне грошы. Сплаціць мне грошы паабяцалі да канца тыдня. Я лічу, што на дадзены момант я сваёй акцыяй дамогся посьпеху. Інакш работнік пайшоў бы ў суд, і я б апынуўся ў яшчэ большым даўгу», — зазначае Андрэй Бажко.

Паводле прадпрымальніка, сума запазычанасьці ПМК перад ім складае каля 40 мільёнаў рублёў. За апошнія тры месяцы яму пералічылі толькі 50 тысяч рублёў.

«Заказчык у ПМК — „Александрыйскае“, што ў Шклоўскім раёне. Мне казалі, што яно ПМК завінавацілася больш за мільярд. Сёньня ж высьветлілася, што ПМК не дадалі 300 мільёнаў. Атрымліваецца, што казалі адно, а цяпер другое. Перад чыноўнікамі начальнік ПМК апраўдваўся тым, што ў яго няма грошай і яны гэта ведаюць. Грошы зьявяцца ў яго, калі пачнуць фінансаваць калгасы. Напрыканцы сустрэчы мне сказалі, што я зьняважыў раён на ўсю краіну».

Андрэй Бажко кажа, што цяпер ягонае прадпрыемства знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Ён думае зачыняць яго, бо працаўнікі пазвальняліся.

«Калі было фінансаваньне па каапэратывах, то бок калі людзі за свае грошы будаваліся — тады праблемаў не было. А вось з Александрыяй чамусьці выйшла замінка. Чаму, невядома. У мяне запазычанасьць па ўсіх выплатах. Калі я буду працягваць працаваць, даўгі будуць толькі расьці. Мяне зьдзівіла, што сёньня ўсё так проста было падпісана».

Прыватнае прадпрыемства «МБА Клеапатра+», паводле Андрэя Бажка, выконвала працы на ўмовах субпадраду з ПМК у акцыянэрным таварыстве «Александрыйскае» — рабіла ўнутранае аздабленьне катэджаў. Сваю акцыю прадпрымальнік распачаў 6 красавіка а 17-й гадзіне. У руках ён трымаў плякат: «ПМК-1, аддайце заробленае. Хачу есьці».

МЕНСК


У сталіцы адмаўляюцца ад удзелу «далевікоў» у будаўніцтве

У сакавіку 2009 году ў Менску прадалі амаль 800 кватэраў, а ў 2011-м за аналягічны пэрыяд заключылі толькі 550 такіх зьдзелак. І на сёньня ў інвэстыцыйным упраўленьні «Менскбуд» прыпынілі заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва. Пра гэта інфармуе нават тэлефонны аўтаадказьнік прадпрыемства.

«Прывітаньне! Вы патэлефанавалі ў дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне „Менскбуд“. Паводле стану на 7 красавіка прапановаў на заключэньне дамоваў няма».

«Менскбуд» на сёньня аб’ядноўвае амаль два дзясяткі дзяржаўных будаўнічых арганізацыяў. Прычым найбуйнейшых. Гэта — МАПІД, будтрэсты № 1, 4, 7, 35, а таксама Менскі домабудаўнічы камбінат і некаторыя іншыя. Усе яны ўзводзяць жыльлё якраз на замовы зь «Менскбуду».

Каб закрыць зараз фінансавыя разрывы, якія існуюць між беларускімі грашыма і валютай, Беларусі патрабуецца 2–3 мільярды даляраў. Але гэтыя грошы Беларусь можа атрымаць ад Расеі ці МВФ пад гарантыі скарачэньня бюджэтных выдаткаў. А гэта, у прыватнасьці, і ільготнае крэдытаваньне жыльлёвага будаўніцтва пад 1–2 працэнты гадавых. Увогуле, у іншых краінах такіх рэчаў проста не існуе, бо яны супярэчаць рынку. Узьнікае праблема: ці раздаваць ільготныя крэдыты, ці зьніжаць сабекошт будаўніцтва жыльля».

Леанід Заіка
Паводле дадзеных эканаміста Леаніда Заікі, цяпер у Менску на рынку долевага будаўніцтва сярэдні кошт квадратнага мэтра вагаецца ад $1300 да $1500.

Заіка: «У гэтай сытуацыі магчымыя два варыянты. Першы — трэба спыняць ільготнае крэдытаваньне. І другі — беларусы самі здольныя набываць жыльлё, калі яно будзе каштаваць у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі — гэта значыць, што кошт аднаго квадратнага мэтра адпавядае месячнаму заробку. А што адбываецца цяпер? Заробак — 450–500 даляраў, а кватэры ў Менску прадаюць з разьліку 1150–1300 даляраў за квадратны мэтар. Практычна ідзе рабаваньне працоўных. Прычым гэтае рабаваньне выгаднае намэнклятуры. Гэта цалкам падобна да рабунку ў 1991 годзе, калі насельніцтва страціла банкаўскія ўклады. А зараз людзей прывязваюць да крэдыту, прыкладам, пад 17% гадавых ды на 20 ці 40 гадоў…»
XS
SM
MD
LG