Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка будаўнікам, якія працуюць за мяжой: плаціце камуналку 100% і за мэдычную дапамогу


Ільготнае крэдытаваньне будаўніцтва жытла будзе скарочанае, сталічныя жыхары павінны будаваць сабе жытло самі, будаўнікоў, якія працуюць за мяжой, будуць прымушаць на 100% аплачваць камунальныя паслугі і мэдычную дапамогу – пра гэта заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, наведваючы будаўнічую пляцоўку ў мікрараёне № 5 пасёлка "Ўсходні" ў Менску.

Пра ільготнае крэдытаваньне будаўніцтва жыльля

Людзям трэба прама сказаць, што ў такім аб'ёме льготна крэдытаваць мы ня зможам. Бясплатна ў такім аб'ёме больш будаваць жыльлё мы ня будзем.

Ільготнае крэдытаваньне ня будзе спынена, але яно будзе зьведзенае да таго аб'ёму, які дзяржава зможа вытрымаць.

Трэба вызначыць дакладна і выразна, каго мы будзем падтрымліваць, урад павінен вызначыцца, усё выразна прапісаць і людзям сказаць.

Мы ня можам бяздумна, у тым ліку і за кошт эмісіі, укідваць грошы ў жыльлё, сельскую гаспадарку.

Пра будаўніцтва жыльля ў Менску

Я схіляюся да таго, што менчукі павінны сабе будаваць жыльлё самі, калі хочуць жыць у Менску.

Менск -- гэта асаблівасьць, і да гэтай асаблівасьці трэба падысьці акуратна. Вастрыня ствараецца ў сувязі з тым, што ўсе хочуць жыць у Менску.

Ільгатаваць будаўніцтва жыльля і падштурхоўваць людзей трэба туды, дзе патрэбная рабочая сіла. Трэба зыходзіць з прынцыпаў, паводле якіх жыве сьвет, і льгатаваць тых, каго неабходна.

Пра будаўнічыя ашчаджэньні

Будаўнічыя ашчаджэньні павінны знаходзіцца толькі пад кантролем дзяржавы, ніякіх прыватнікаў. Калі "Беларусбанк", "Белаграпрамбанк" гэта практыкуюць, то гэта пад іх адказнасьць.

Пра беларускіх будаўнікоў, якія працуюць за мяжой

Мы павінны гэтым "летунам"сказаць: ты паехаў неарганізавана зарабляць у іншую дзяржаву і ў краіну грошай не прыносіш. Едзь. Але, першае: камунальныя паслугі стоадсоткава сям'я аплачвае. Мэдычнае забесьпячэньне тваё асабістае, а сям'ю, дзяцей мы не чапаем, стоадсоткава аплачваеш.

Ты сацыяльную нагрузку не нясеш, дзяржаве не дапамагаеш. Так давай за камуналку і мэдзабесьпячэньне заплаці. Тады ён тысячу разоў падумае: ехаць ці ня ехаць... А так, зламаў нагу, галаву яму там адвярнулі, а мы тут яго бясплатна лечым. Камунальныя паслугі аплачвае на 22-25%, а не 100%. Зарабіў грошы – плаці. Таму што мы, тыя, што засталіся тут, плацім падаткі, трымаем ахову здароўя, камуналку. Мы не забараняем ехаць, але плаці тут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG