Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыкрызісны плян ураду — шокавая тэрапія


Урад Беларусі абнародаваў плян дзеяньняў па забесьпячэньні збалянсаванага разьвіцьця эканомікі ва ўмовах зьмяненьня афіцыйнага курсу беларускага рубля. Плян быў зацьверджаны пастановай Савету міністраў № 662 ад 25 траўня 2011 году. 3 чэрвеня пастанова і плян разьмешчаныя на сайце ўраду.

У адпаведнасьці з разьдзелам пляну, які ўтрымлівае меры па рэгуляваньні сытуацыі на валютным рынку, у Беларусі прадугледжана «адмена льгот па абавязковым продажы замежнай валюты для пашырэньня доступу суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці да набыцьця замежнай валюты для абслугоўваньня зьнешняга карпаратыўнага доўгу».

Дакумэнтам таксама прадугледжана даваньне магчымасьці выплаты падаткаў і збораў (пошлін) у замежнай валюце. Адказныя выканаўцы па гэтым рашэньні — Мінфін і Мінэканомікі, якія павінны падрыхтаваць адпаведны дакумэнт да 10 чэрвеня.

Акрамя гэтага, плянуецца ўнесьці зьмяненьні ў дзейны парадак уліку курсавых розьніц для мінімізацыі іх уплыву на фінансавы стан арганізацый.

Прадугледжана часовае пашырэньне сфэры выкарыстаньня замежнай валюты пры разьліках зь фізычнымі асобамі на тэрыторыі Беларусі.

Таксама заплянавана, што Міністэрства фінансаў Беларусі і канцэрн «Белдзяржхарчпрам» «аптымізуюць стаўкі акцызаў на алькагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы для іх паэтапнага збліжэньня з узроўнем ставак, дзейных у Расейскай Фэдэрацыі».

Разьдзелам пляну, у якім утрымліваюцца меры па абароне ўнутранага спажывецкага рынку, заплянавана, што на працягу 2011 году Мінэканомікі, аблвыканкамы, Мінгарвыканкам ліквідуюць дыспарытэт цэнаў з сумежнымі дзяржавамі на спажывецкія тавары. Гэта адбудзецца ва ўвязцы з комплексам мераў па сацыяльнай абароне насельніцтва.

У краіне будзе праводзіцца пастаянны маніторынг розьнічных цэнаў на спажывецкія тавары, будуць прымацца адпаведныя меры рэагаваньня па фактах нядобрасумленнага цэнаўтварэньня ў гандлі. Прадугледжана вызначэньне пералікаў апэратараў па стварэньні стабілізацыйных фондаў тавараў, якія карыстаюцца павышаным попытам.

Акрамя гэтага, Мінэканомікі і Мінсельгасхарч на працягу году павінны забясьпечыць павышэньне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю з улікам парытэтнага росту цэнаў на харчовыя тавары на розьнічным рынку.

Таксама плянам прадугледжана, што фінансаваньне Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы будзе скарочана на 30% зь перадачай аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму паўнамоцтваў на разьмеркаваньне фінансавых рэсурсаў і адшуканьне дадатковых пазабюджэтных неэмісійных крыніц фінансаваньня. Адпаведны дакумэнт павінен быць прыняты да 1 ліпеня.

Мінфін Беларусі да 1 ліпеня ўдакладніць бюджэт 2011 году і зьнізіць яго дэфіцыт да памеру ня больш чым 1,5% ВУП.

Дакумэнтам таксама (у разьдзеле мераў па рэалізацыі фінансавай палітыкі) прадугледжана абмежаваньне чыстага эмісійнага крэдытаваньня дзяржаўных праграм у 2011 годзе ў памеры ня больш чым 4% ВУП.

Заплянаванае ўдакладненьне аб’ёмаў уводу і фінансаваньня ў 2011 годзе жыльлёвага будаўніцтва ў аб’ёмах, забясьпечаных неэмісійнымі крыніцамі, і з улікам сфарміраваных у абласьцях і Менску калектываў забудоўшчыкаў.

У ліку заплянаваных мер —
  • «індэксацыя тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
  • аптымізацыя розьнічных цэн на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, у мэтах устараненьня дыспарытэту цэн з сумежнымі дзяржавамі;
  • удакладненьне тарыфаў на паслугі гарадзкога транспарту, прыгарадных аўтаперавозак, перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам, на паслугі сувязі».

Акрамя таго, плянам прадугледжана забесьпячэньне да канца 2011 году 30-працэнтнага ўзроўню кампэнсаваньня насельніцтвам затрат на аказаньне жыльлёва-камунальных паслуг з павелічэньнем адпаведных тарыфаў у два этапы, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG