Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кругавы: У аснове валютнага крызісу ляжаць прыватныя інтарэсы


Дзяржаўныя экспэрты падлічылі, што беларускае насельніцтва трымае ў панчохах амаль паўтара дзясятка мільярда даляраў. Сутыкнуўшыся з вострым недахопам валюты, улады спрабуюць рознымі спосабамі атрымаць ад людзей гэтыя грошы. Нацбанк пасьля шматгадовых спробаў барацьбы з далярам крута зьмяніў стратэгію і сам прапануе асобным суб'ектам гаспадараньня актыўней ужываць у разьліках даляры ды эўра.

Браць валюту зь фізычных асобаў за тавары і паслугі ўжо могуць многія аўтазалівачныя станцыі, турыстычныя кампаніі, мэдычныя цэнтры, гатэлі, санаторыі, установы адукацыі. Учора сьпіс пашырылі афіцыйныя дылеры замежных аўтавытворцаў: новыя легкавікі ў салёнах таксама можна будзе набыць за даляры ці эўра. Праўда, каб валютны махавік рэальна запрацаваў, суб'екты гаспадараньня мусяць атрымаць адпаведную ліцэнзію Нацбанку.

Выціснуць беларускі рубель з разьлікаў з пакупнікамі намагаюцца і прыватнікі. Інтэрнэт-крамы прапануюць нашмат больш выгадныя ўмовы куплі тавараў за даляры, чым за рублі — бальшыня пералічвае даляр па 7500—8000 рублёў, тым часам як афіцыйны курс вагаецца каля 5000. На рэчавых рынках, як кажа прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка, каб завабіць рэдкіх кліентаў, курс закладаецца меншы — ад 5500 да 6200 рублёў за даляр. Праўда, наш суразмоўца ўдакладняе, што ў людзей на закупы застаецца ўсё меней грошай. Альбо яны іх наўмысна прытрымліваюць:

Алесь Таўстыка
"Сытуацыя на рынку пагоршылася. Скажу так: як быў больш незразумелы стан, ажыятаж, то прыходзілі і разьлічваліся за беларускія рублі. Хто меў, папросту іх скідаў, пакуль яны мелі хоць нейкую вартасьць. Але вось за гэты тэрмін — травень, пачатак чэрвеня — ужо перасталі набываць нават за беларускія грошы. А далярамі цягам гэтых месяцаў амаль што ніхто і не разьлічваўся. Людзі ўсё роўна прытрымліваюць да апошняга. Гэта як у тым цудоўным анэкдоце: як зусім нічога ня будзе есьці, тады пойдуць даляры здаваць. Яны атрымліваюць заробкі, са сваіх загашнікаў, што хацелі, ужо накупляліся, затарыліся. Да таго ж цяпер лета, здаюць гаражы, кватэры, зьяжджаюць на лецішчы. Заробкі ім крыху падвысілі, яны спакойныя. Наступіў мёртвы сэзон, таму можна сыходзіць у адпачынак".

Больш за тыдзень у фармальным адпачынку і міжбанкаўскі валютны рынак. Пасьля адноўленага Нацыянальным банкам распараджэньня не адступацца ў зьдзелках больш чым на 2% ад афіцыйнага курсу, біржавыя апэрацыі банкаў з кліентамі зьвяліся да нуля. Прадаваць даляр па курсе 5000 рублёў уладальнікі валюты адмаўляюцца. Зьдзелкі паступова перайшлі ў ценявы сэгмэнт, дзе зафіксаваліся ў сярэднім на адзнацы 8000 рублёў за даляр. Экспэрты не выключаюць, што, магчыма, нешта зьменіцца ў выпадку атрыманьня Беларусьсю крэдыту з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, канчатковае рашэньне пра які будзе прынятае 4 чэрвеня. Аднак няма ніякай гарантыі, што замест спробы стабілізаваць валютны рынак Нацбанк проста далучыць чаканыя 800 мільёнаў даляраў да золатавалютнага рэзэрву.

Былы дырэктар Беларускай фондавай біржы, экс-кіраўнік банку "Эўрапейскі" Валеры Кругавы, які папрасіў прытулку ў Польшчы, сочыць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі ня толькі, як кажа, са спартыўнага інтарэсу, але і з прафэсійнага. На яго перакананьне, даведзеная да абсурду сытуацыя на валютным рынку кіруецца ўжо не эканамічнай лёгікай, а карысьлівымі мэтамі канкрэтных асобаў. Адсюль і вострае нежаданьне адпусьціць рубель, каб рынкавым чынам вызначыць ягоную вартасьць:

"А навошта? Вось вы ў мяне пытаецеся, ці прафэсійна дзейнічаюць улады. Абсалютна непрафэсійна з пункту гледжаньня агульнаэканамічных
ўсё непрафэсійна з гледзішча законаў эканомікі. З пункту гледжаньня інтарэсаў, як у вас кажуць, кіроўнай клікі, кіроўнай сям'і, будзем так казаць, гэта ўсё робіцца вельмі прафэсійна ...

законаў. Але абсалютна прафэсійна з гледзішча асабістых інтарэсаў. І тут няма нічога, акрамя асабістых інтарэсаў. Трэба разумець розьніцу: прыкладам, у Польшчы ў прэзыдэнта ці ў прэм'ера могуць быць асабістыя інтарэсы ў эканоміцы? Ніякіх! А ў беларускай "сям'і" ёсьць прыватныя інтарэсы ў эканоміцы? Рытарычнае пытаньне, праўда? Вось і ўсё, яны зараз асабісты інтарэс шукаюць, толькі і ўсяго. Таму ўсё, што выглядае непрафэсійна, яно непрафэсійна з гледзішча законаў эканомікі. Аднак жыцьцё — гэта ж ня толькі законы эканомікі. З пункту гледжаньня інтарэсаў, як у вас кажуць, кіроўнай клікі, кіроўнай сям'і, будзем так казаць, гэта ўсё робіцца вельмі прафэсійна".

Карэспандэнт: "На чым грунтуецца ваша падазрэньне пра асабісты інтарэс?".

"Вы разумееце, калі ў вас асабіста заканчваюцца грошы, то што вы робіце? Вы ў першую чаргу перастаяце сябрам даваць, перастаяце даваць людзям, на якіх, скажам так, вам начхаць. Вы перадусім думаеце пра сябе. Так і тут: калі грошы сталі заканчвацца і ўзьніклі праблемы ў "сям'і", то яны ў першую чаргу вырашылі ў каго іх забраць? У насельніцтва. А як гэта зрабіць? Менавіта вось так, як зараз і робіцца. Гэта самы просты шлях забраць грошы ў насельніцтва, каб захаваць сваё. Чыста эканамічнымі мэтадамі забіраюць у людзей".

Па прагнозах спадара Кругавога, стагнацыя на фінансавым рынку Беларусі будзе працягвацца да таго часу, пакуль, з аднаго боку, улады не ажыцьцявяць даўно насьпелую валютную інтэрвэнцыю, зь іншага — пакуль ня выцягнуць зь людзей максымум валютных ашчаджэньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG