Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль валютай пераходзіць у цень


Сытуацыя на фінансавым рынку Беларусі не паказвае тэндэнцыі да паляпшэньня. Людзі ў разгар адпачынкаў ня могуць свабодна набыць валюту, каб выехаць за межы краіны, празь перабоі ў працы міжбанкаўскай біржы абмежаваныя ў магчымасьцях і кампаніі, якія пастаўляюць імпартную прадукцыю. Зьдзелкі як на наяўным, так і на безнаяўным рынку пераходзяць у ценявы сэктар.

Чэргі ля абменных пунктаў сьведчаць, што валютны крызіс не пераадолены. Нягледзячы на дэвальвацыю, СКВ у вольным продажы няма. Яшчэ ў канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асабіста забараніў Нацбанку прадаваць валюту камэрцыйным банкам для абменных пунктаў, параіўшы насельніцтву ісьці на чорны рынак і набываць даляры ды эўра ў мянялаў. Аднак людзі працягваюць "падпіраць" абменьнікі, спадзеючыся ашчадзіць грошы на курсе: калі ў банках тэарэтычна даляр можна набыць крыху больш чым за 5 000 рублёў, то ня кожны валютчык аддасьць яго і за 6500. Гаворыць адзін з пакупнікоў:

"За дзень, я так думаю, на абменьнік здаюць у суме прыблізна тысячу — паўтары тысячы даляраў. Але здаюць пераважна тыя, каму за нешта жыць трэба. То бок — па 10 даляраў, па 20 даляраў. 100 даляраў — гэта ўжо сума прыстойная. Адзінае, што калі быў ажыятаж і ў крамах усё "падмяталі", то тады здавалі па 200, нават па 300 даляраў. Усё пераводзілі ў рэчы, прадукты. Але цяпер зноў амаль не здаюць, толькі чыста на выжываньне".
Ніякіх эканамічных падставаў для падзеньня беларускага рубля ў тры разы няма. Аднак ёсьць вельмі сур'ёзныя інфармацыйныя падставы для спэкуляцыяў


Нацбанк па-ранейшаму чыніць перашкоды на шляху магчымасьці свабоднага курсаўтварэньня, не дазваляючы адхіляцца больш чым на 2% ад афіцыйнага курсу як у апэрацыях з наяўнай валютай, так і на безнаяўным рынку. У першым выпадку гэта прывяло да татальнага дэфіцыту наяўных даляраў, эўра, расейскіх рублёў, у другім — фактычна спаралізавала працу пазабіржавага рынку. Ценявыя зьдзелкі па курсе 8000 рублёў за даляр — адзінкавыя, экспартэры не сьпяшаюцца выкідаць валюту, чакаючы далейшых дэвальвацыйных працэсаў.

Па прагнозах адмыслоўцаў, стагнацыя будзе працягвацца да таго часу, пакуль у Беларусь не паступіць крэдытная падтрымка і зьявіцца магчымасьць валютных інтэрвэнцыяў. Дарэчы, паводле заяваў некаторых прадстаўнікоў уладнай вэртыкалі, у скарбонках насельніцтва трымае да 14 мільярдаў даляраў, а гэта значыць — рэзэрвы тут нават большыя, чым урад просіць у Міжнароднага валютнага фонду.

Аналітык камунікацыйнага агенцтва "АРС Кам'юнікейшнз" Раман Касьціцын зазначае, што ўлады асабліва не тлумачаць народу свае крокі на фінансавым рынку, падаючы іх як гатовыя факты:

"Вось зараз, шчыра кажучы, ніякіх эканамічных падставаў для падзеньня беларускага рубля ў тры разы і г.д. няма. Аднак ёсьць вельмі сур'ёзныя інфармацыйныя падставы для спэкуляцый на гэтую тэму. Гэта маё глыбокае перакананьне. Пакуль у нас ня будзе традыцыі тлумачыць такія рэчы, тлумачыць як найпадрабязьней, з эканамічнага гледзішча, а не з "гімнастычнага", то, на жаль, тым, хто жадае зарабіць на гэтым крызісе (а такіх людзей таксама досыць —разьдзімаючы курсы, спэкулюючы, стымулюючы чорны рынак), будзе поўнае раздольле".

Тым часам афіцыйны курс рубля штодня працягвае падаць адносна даляра, ушчыльную набліжаючыся да адзнакі ў 5000. На 3 чэрвеня Нацыянальны банк вызначыў новую прапорцыю: 4981 рубель за 1 даляр. Нагадаем, што ў выніку дэвальвацыі 24 траўня Нацбанк усталяваў гэты паказьнік на лічбе 4930.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG