Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі рэзка падвышаюцца цэны на будаўнічыя матэрыялы. З гэтай прычыны часта спыняецца індывідуальнае будаўніцтва, згортваецца дзейнасьць некаторых жыльлёва-будаўнічых каапэратываў. Банкі згортваюць крэдытаваньне. Многія людзі не ў стане сплачваць раней ўзятыя крэдыты, бо зьнізіліся заробкі.

Крытычную сытуацыю, што склалася ў будаўнічай сфэры, дасьледавалі журналісты Радыё Свабода.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Усё ідзе да таго, што будоўлі будуць прыпыняцца…»

Рэзкае падаражэньне будматэрыялаў адбіваецца на будаўніцтве жыльлёвых каапэратываў і прыватных дамоў на Гарадзеншчыне.

Ва ўзьведзеным летась доме ў новым мікрараёне «Паўднёвы» больш за 60% кватэраў не заселеныя, далёка не ўва ўсіх кватэрах вядзецца рамонт. Прычына — падаражэньне будматэрыялаў.

Жыхар дома, у чыёй кватэры вядуцца ўнутраныя працы, кажа, што з-за падаражэньня матэрыялаў засяленьне зацягваецца, бо нястае грошай набыць усё неабходнае.

Спадар: «Ну, усё падаражэла вельмі значна. Вось патрэбны лямінат на падлогу: каштаваў раней ад 40 да 45 тысяч, а цяпер каштуе ад 110 да 140 тысяч. Плітку хацеў набыць, то была толькі такая, што ніхто не бярэ, а каштуе 45–50 тысяч за квадратны мэтар».
І дом не заклалі, і крэдытаў не выдзяляюць — поўная цішыня!

Спадарыня Ірына ўжо некалькі месяцаў як уключаная ў склад каапэратыву. Месца пад забудову выдзелілі ў новым мікрараёне, але падмурак пад дом дагэтуль не закладаюць. У гарвыканкаме ніхто ніякай інфармацыі пра пачатак будаўніцтва не дае.

Спадарыня: «І дом не заклалі, і крэдытаў не адкрываюць, нават дамовы не заключаюць — поўная цішыня. Сказалі толькі, што банкі ня ведаюць, якія даваць крэдыты. Да ўсяго, падаражэлі будматэрыялы, і будаўнікі ня могуць вызначыцца з цэнамі. Пайшлі чуткі, што наагул ня будуць даваць ільготных крэдытаў. Карацей — чакаем».

У гарадзенскім мікрараёне «Зарыца-5» канфіскуюць 60 зямельных надзелаў, дзе не распачата будаўніцтва жылых дамоў

Афіцыйная гарадзенская прэса паведаміла, што зараз толькі ў адным мікрараёне Зарыца-5, дзе вядзецца прыватная забудова, афармляецца 60 пратаколаў на канфіскацыю зямельных надзелаў, будоўля на якіх не пачалася ў належныя тэрміны.

У Зарыцы-5 я сустрэў спадара, які ўдваіх з сынам заліваў падмурак пад будучы дом. Ён ведае пра тое, што ў людзей забіраюць надзелы, і кажа, што дзеля гэтага наважыўся зрабіць хоць фундамэнт, каб захаваць надзел. А калі пабудуе дом — пра той час нават і марыць ня можа.

Спадар: «Калі да гэтага блёкі можна было набыць па прымальных коштах, то цяпер чарга і толькі праз пасярэдніка, на 20 кубах пераплата — 2 мільёны. А ўчора ў жылбудзе сказалі, што нават на трэст ня могуць набыць цэмэнту, бо завод у Краснасельску ўсё адпускае толькі на экспарт і за валюту. Так што будоўлі будуць прыпыняцца».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Тутэйшыя будматэрыялы ўжо па кошце імпартных»

Спадар Анатоль, які працуе ў фірме па ўсталёўцы плястыкавых вокнаў, адзначае дзьве тэндэнцыі: у прыватнае будаўніцтва людзі ўкладаюць наяўныя беларускія грошы, якія штодня абясцэньваюцца, а прадпрымальнікі могуць прапанаваць ім толькі тутэйшы тавар, але ўжо па кошце імпартнага:

«Тыя кантракты, мякка кажучы, страцілі — бо не было валюты, каб плаціць…Пераходзім на магілёўскі профіль. А па коштах беларускі выраб — такі самы, як нямецкі, турэцкі ці аўстрыйскі бралі… Ну, а попыт? Замоваў пакуль шмат, людзі імкнуцца пазбавіцца ад беларускіх грошай. Што будзе, калі грошы скончацца? Гэта іншае пытаньне, рытарычнае… Бліжэй да восені будзе зусім іншая размова».

Спадар Анатоль заўважыў, што ў фірму пачалі нашмат часьцей зьвяртацца прыватныя асобы, а не дзяржаўныя ўстановы, якія пару гадоў таму дужа актыўна мянялі драўляныя аконныя рамы на плястыкавыя:

«Да Дажынак у Воршы мы рабілі, потым у Віцебску, дом па вуліцы Гогаля, 14, высотка тая. А цяпер апэтыты зьменшыліся. Калі пачынаеш дужа прыгожа жыць, грошы хутка заканчваюцца»…

Тым ня менш рамонт ці будаўніцтва зрабілася дужа дарагім задавальненьнем, кажа спадар Анатоль. Некалькі месяцаў таму ён сам распачаў рамонт кватэры — і адчувае, што грошай катастрафічна не хапае:

«Я пачаў рабіць рамонт. Скажу канкрэтна: 18 тысяч каштаваў ліст гіпсакардону трохмэтровы. Потым стаў 38 тысяч. На наступны дзень тэлефаную знаёмаму: „Пакінь мне 15 лістоў гіпсакардону“. Кажа: „Усё, па 45 тысяч, меней не магу!“. А цяпер 100 тысяч такі ліст каштуе. Нармальны ход? Во так і расьцем!».
Мы не за крэдыт будуем, за ўласныя грошы. І мусілі „замарозіць“ будоўлю.

Глыбачанка спадарыня Тацяна будуе хату, але ў цяперашніх умовах мусіла прыпыніць будаўніцтва. Набыць будматэрыялы зрабілася праблемай, бо ў райцэнтры пазачыняліся адпаведныя крамы:

«Мы не за крэдыт будуем, за ўласныя грошы. І мусілі „замарозіць“ будоўлю.Некалькі крамаў у нас зачынілася. Мая сяброўка з Шаркоўшчыны распавядала, што там чалавек таксама быў зачыніў будаўнічую краму, дык яму з райвыканкаму патэлефанавалі, каб адчыняў — нешта набыць хацелі. Ён кажа: „А я ня ведаю, якія цэны ставіць“. Бо тады даляр „закладалі“ па 10 тысяч. А яму сказалі, каб адчыняў, бо інакш пазбавяць ліцэнзіі. Давялося адчыніць і „ад балды“ цэны ставіць».

Пакуль спадарыня Тацяна жыве ў кватэры ў доме, дзе даўно заплянаваны капітальны рамонт. Службы ЖКГ павінны былі распачаць працы яшчэ ў 2009 годзе, але ўгаворваюць жыхароў пачакаць:

«Я схадзіла. Мне кажуць: „Не, ваш дом яшчэ не… вось па пляне паглядзіце, толькі ў 2009 годзе“. Пытаюся: „А цяпер які год?“ — „Ой, дык у нас грошай няма“, — такую лабуду пачалі гаварыць. Так дагэтуль нічога і няма».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Як будзем выкручвацца, ня ведаю»

Сёлета ў Гомелі гарадзкія ўлады заплянавалі пабудаваць 500 тысяч квадратных мэтраў жыльля — на 20 адсоткаў болей, чым летась. Будоўля шматпавярховых дамоў з удзелам маладых сем’яў распачата ў чатырох мікрараёнах — 18-м, 20-м, 21-м, 104-м.

Сябраў жыльлёва-будаўнічых каапэратываў і таварыстваў непакояць няспынныя зьмены і ў кошце матэрыялаў, і ў кошце самога будаўніцтва, а цяпер яшчэ й у справе крэдытаў.

Апавядае спадарыня Натальля, сябра таварыства ўласьнікаў:
За квадратны мэтар было ўжо блізу 3 мільёнаў. Але людзі бяруць крэдыты на кватэры і за такі кошт квадратнага мэтра.

«Мяняецца кожны дзень усё, і невядома, што будзе. Людзі прыходзяць сёньня, а на наступны дзень усё мяняецца. Усё скача! За квадратны мэтар было ўжо блізу 3 мільёнаў. Але людзі бяруць крэдыты на кватэры і за такі кошт квадратнага мэтра. Людзям жа трэба жыць».

Спадар Ігар кажа, што яму ў жыльлёва-інвэстыцыйным аддзеле ўправы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму прапаноўвалі чакаць таньнейшага жытла ў панэльных дамах, якія мяркуецца неўзабаве ўзводзіць у 20-м мікрараёне. Аднак чакаць ён ня стаў — кажа, што прадбачыў абмежаваньне крэдытаў на будаўніцтва ў зьвязку з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне. Таму й пагадзіўся плаціць за двухпакаёўку 177 мільёнаў — амаль па 2 з паловай мільёны за мэтар жыльлёвай плошчы. Прыкладна столькі, колькі каштуе жытло ў Кіеве — сталіцы суседняй дзяржавы:

«Са 177 мільёнаў мне трэба было наяўнымі пагасіць 100 мільёнаў. Гэта 30 тысяч даляраў. Прычым сказалі, што паэтапна за тры месяцы я павінен усё гэта сплаціць. Ну, я ж не Ракфэлер».

Забудоўшчык перакананы, што калі толькі дзяржава абмяжуе выдачу 5-адсоткавых крэдытаў на будаўніцтва жытла, усе гэтыя праграмы пашырэньня жыльлёвага будаўніцтва разваляцца, як картачныя дамкі:

«Усе распавядаюць, што такія крэдыты перастануць даваць. Тады гэтая схема проста памрэ. Вось кажуць, што мы выйдзем з крызісу, бо нам даюць крэдыты. Я па сабе ведаю: чым больш крэдытаў бярэш, тым яшчэ больш трапляеш у крызіс».


Фотаконкурс «ДЗЕ МАЕ $500?»

Юлія: «У бульбяной дзяржаве ў крызіс цяпер вось так адносяцца да бульбы».
Юры Бондараў: «Старая зьбірае кветкі ля рынку „Экспабел“».

Што адбываецца там, дзе вы цяпер, як выглядае крызіс і выхад зь яго, што мяняецца і што застаецца бязь зьменаў? Летні фотаконкурс, сур’ёзныя прызы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG