Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынкі пусьцеюць, паніка ў крамах, чэргі ля банкаматаў…


У рэгіёнах па-ранейшаму нястача валюты ў банкаўскіх абменьніках. Акрамя таго, усё часьцей здараюцца перабоі з наяўнасьцю беларускіх рублёў у банкаматах. З-за гэтых фінансавых праблемаў многія прадпрымальнікі пачалі згортваць бізнэс, рынкі пусьцеюць, а ў крамах здараецца паніка пры набыцьці таньнейшых харчовых і прамысловых тавараў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У чэрвені наш рынак апусьцее…»

Ужо зараз на гарадзенскім рынку «Цэнтральны» шмат якія прадпрымальнікі сыходзяць у вымушаныя адпачынкі з-за немагчымасьці весьці бізнэс. У чэрвені чакаецца, што прадпрымальнікі могуць масава прыпыніць працу. Шмат гандлёвых месцаў пустуюць, пакупнікоў таксама небагата. Пытаюся ў прадпрымальніка — чаму ягоныя калегі не працуюць?

Спадар: «З-за таго, што няма даляраў у банках і купіць іх практычна немагчыма. Людзі начуюць пад абменьнікамі, б’юцца там, многія ўсё роўна ня могуць купіць. Таму цяпер зручней нават пайсьці ў адпачынак, заплаціўшы падаткі, і зрабіць пераразьлік на наступны месяц».

Няма сэнсу працаваць — няма валюты.
Побач прадпрымальнік кажа, што ён днямі таксама прыпыняе бізнэс. Пытаюся: чаму?

Спадар: «Чаму ў адпачынак? Бо няма сэнсу працаваць, няма валюты, каб ехаць па тавар, а яе нідзе не купіць. І па якіх цэнах прадаваць, таксама ніхто ня ведае. Людзі нічога ня могуць купляць. Я мяркую, што як пачнецца лета, то бальшыня прадпрымальнікаў з рынку пойдуць, так, як і я, у адпачынак».

Карэспандэнт: «Выходзіць, вы ня маеце прыбытку?».

Спадар: «Страты такія, што тавар можна прадаць толькі зь мінусам у лепшым выпадку — па сабекошце».

Да размовы далучаецца яшчэ адзін прадпрымальнік. Ён кажа:

«Гандаль зараз вядзецца паводле прынцыпу: бяру сёньня дорага, бо заўтра будзе яшчэ даражэй. Таму мы сабе зараз і робім альбо па сабекошце, альбо з маленькім-маленькім прыбыткам».

Яшчэ адзін прадпрымальнік кажа, што летам гандлёвыя рады значна апусьцеюць, і прыводзіць свае аргумэнты:

Спадар: «Таму што тавар робіцца непрадавальны. Яшчэ месяц таму, калі даляр каштаваў 3 тысячы, то 20 даляраў каштавала 60 тысяч, а зараз калі падлічыць, то гэта выліваецца ў суму, ад якой людзі, як гаворыцца, проста шалеюць».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Проста катастрофа — канец бізнэсу!»

Цэнтральны гомельскі рынак

У Гомелі шмат хто з дробных бізнэсоўцаў, якія перайшлі працаваць у новы паркінг ля Цэнтральнага рынку, наважаны з 1 чэрвеня прыпыніць сваю дзейнасьць.

Прадпрымальніца са стажам, якая гандлюе жаночым адзеньнем: «Сытуацыя крытычная! Даляраў купіць ня можам, ніякай валюты няма. Таму мы стаім, а першага чэрвеня зачыняемся. Увесь другі паверх паркінгу на месяц спыняе сваю дзейнасьць. Грошай няма дзе ўзяць, тавар мы купіць ня можам, адпаведна й падаткі заплаціць ня можам. Проста катастрофа — канец бізнэсу».

Асобныя ралеты ў паркінгу ўжо цяпер пустуюць. Людзі працуюць да канца траўня таму, што заплацілі падаткі й арэндную плату.

Калі за бліжэйшыя дзесяць дзён на валютным рынку нічога ня зьменіцца, ніхто на страту працаваць ня будзе.

«Мы пакуль чакаем, бо заплацілі ўжо арэнду. Проста чакаем моманту.
Прадпрымальніца Натальля: «Калі даляр будзе расьці й надалей, вядома, будзем спыняць працу — мы ж сабе на страту працаваць ня будзем. Мы пакуль чакаем, бо заплацілі ўжо арэнду. Проста чакаем моманту».

Больш аптымістычна глядзяць на падзеі толькі тыя з дробных бізнэсоўцаў, у каго пакуль ёсьць тавар. Астатнія гатовыя забраць рэшткі дадому — і на цэлае лета пакінуць працу.

Грамадзяне бяруць у аблогу банкаматы

Тым часам шараговыя гараджане, у каго заробкі пераводзяць на электронныя карткі, бяруць у аблогу банкаматы, каб займець наяўныя грошы.

Чуткі пра абмежаваньне выдачы гатоўкі да 60 тысяч на дзень пакуль ня спраўджваюцца. Прынамсі, у банкаматах «Беларусбанку» ля рынку можна было атрымаць значна больш.

Апавядае гамяльчук сярэдніх гадоў, які толькі што атрымаў грошы праз банкамат:

«Максымальная сума, якую можна зьняць, — 1 мільён 250 тысяч. Так напісана на банкамаце на таблё — гэтулькі можна зьняць. І ўсё!».

Мужчына кажа, што гатоўка патрэбная найперш, каб разьлічыцца за крэдыты. У запас набываць харчы й побытавую тэхніку не выпадае, бо бракуе вольных сродкаў. Дый кошты ўжо падскочылі вышэй галавы. На тым жа Цэнтральным рынку добрую сьвініну прадавалі па 40 тысяч беларускіх рублёў.

Гарадзкая кабета так падсумоўвае цяперашнюю сытуацыю, у якой апынулася бальшыня насельніцтва краіны:

«Нестабільнасьць палохае — гэта самае страшнае ў нашым жыцьці. Чым далей жывем, тым страшней робіцца».

ВІЦЕБШЧЫНА


«У рэгіёне менавіта расейцы і ствараюць у нас вялікі ажыятаж — вязуць свае грошы ды скупляюць беларускае»

Чарга да банкамату ў Віцебску.

Масавае спусташэньне крамных паліц на Віцебшчыне працягваецца. Прычым як у абласным цэнтры, так і ў рэгіёнах людзі імкнуцца хутчэй укласьці беларускія грошы ў нейкія тавары.

У райцэнтры Глыбокае гандляры й пакупнікі чакаюць новай хвалі падаражэньня і таму бяз жалю разьвітваюцца з «зайчыкамі», якія абясцэньваюцца на вачах.

Спадарыня Тацяна: «Гэта тут гандлярка адна зь нейкай жанчынай размаўляе, кажа: «Мятуць з паліц усё, нават соль і запалкі, нібыта тут вайна ўжо!». А другая: «І праўда! Гэта, можа, паніку паднялі, каб склады пачысьціць. А потым зноў панавязуць усяго, і ўсё будзе зноў па старых коштах». Так і хацелася сказаць: «Ды не спадзявайцеся вы ўжо! Ну сапраўды! Можа, і мне час ужо солі кіляграмаў пяць набыць?».

Спадарыня Тацяна жартуе наконт солі ў запас, але вось коўдру на ўсялякі выпадак набыла. А заадно паглядзела, як імкліва зьнікаюць іншыя тавары:
Людзі хапаюць мэблю, лядоўні, пральныя машыны…

«Цётка адна схапіла дзьве коўдры. Адну купляе, а другую адклала. Тут я бяру. І яна назад: «А не! Давайце мне і другую! Думаю, пайду мэблю зірну. Гляджу, скураныя гэтыя гарнітуры, што па 9, па 11 мільёнаў нават — паўсюль напісана: „Прададзена“. Людзі хапаюць усё: мэблю, лядоўні, пральныя машыны…».

Ва ўсходніх рэгіёнах Віцебшчыны назіраецца падзабытая ўжо з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя зьява: пакуль тутэйшыя жыхары раздумваюць, як патраціць апошнія грошы, прыбываюць усходнія суседзі ды раскупляюць усе чыста. Таму што беларускі рубель таньнее, а расейскі расьце — па чорным курсе за яго даюць ужо 230 беларускіх «зайчыкаў», так што для жыхароў бліжэйшай Смаленшчыны вельмі выгадна мяняць грошы ды купляць беларускае, кажа аршанец спадар Андрэй:

«Расейцы „дапамагаюць“! Менавіта расейцы і ствараюць у нас самы вялікі ажыятаж, вязуць свае грошы ды пакідаюць у нашых крамах. Для беларусаў для масавага хапуна тут кошты занадта высокія, а як для расейскага хапуна — самы раз! Лядоўні ўсе павымяталі, бытавую тэхніку — усё ідзе!».

Паводле назіраньняў спадара Андрэя, расейцы ў асноўным скупляюць дарагія прамысловыя тавары, а беларусы — перадусім харчы. Прытым у дзяржаўных крамах, бо прадпрымальнікі рэагуюць на масавы попыт хутчэй і ўжо ўзьвінцілі цэны:

Урад маўчыць, Нацбанк маўчыць — усе маўчаць!
«Прыватныя крамы мігам рэагуюць, а дзяржаўным трэба чакаць загаду, каб узьнімаць кошты. Дык пакуль ён прыйдзе — усё выграбай! У нас яшчэ можна недзе цукар знайсьці па 3200 і рыс па 4000. Учора знаёмы кажа: бяры тушонку сьвіную ў бляшанках, а то ўжо прыйшоў загад кошты падвышаць! І падвышаюць салідна, на 50% недзе. Так што будзе, як у 90-я гады, — пустыя паліцы!».

Спадар Андрэй паспрабаваў разабрацца, што ж адбываецца ў эканоміцы, таму набыў «Советскую Белоруссию» ды ўключыў тэлевізар. Але адказу на свае пытаньні не атрымаў:

«Урад маўчыць, Нацыянальны банк маўчыць — усе маўчаць! Хоць бы нейкія брыфінгі былі, каб вы сказалі, як будзеце расхлёбваць сытуацыю… Ну, а раз вы маўчыце, мы будзем рабіць так, як разумеем — разьмятаць усё зараз! Пакінем у вашых крамах вашы грошы, якія абясцэньваюцца, а тавар застанецца ў нас. Тады вось і думайце, што вам рабіць далей!».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На некаторых рынках у Берасьці беларускі рубель ужо нехадавы

Гандлёвыя кропкі нават у самых ажыўленых месцах зачыніліся да першага чэрвеня

Прадпрымальнікі на Берасьцейшчыне працуюць сабе на страту. Але толькі частка гатовая прыпыніць сваю дзейнасьць.

У Берасьці ў сувязі з валютным крызісам узьнікаюць некантраляваныя сытуацыі. Лідэр абласной арганізацыі «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі:

«Прадпрымальнікі на рынку „Стары Горад“ адмаўляліся прымаць беларускія рублі. Проста ніхто ня ведае, які курс даляра будзе заўтра і па якім курсе лічыць тавары сёньня. Аналягічная сытуацыя — на будаўнічым рынку ў Берасьці, на аўтарынку. На рэчавым рынку ўвогуле катастрофа. І да гэтага пакупніцкая здольнасьць была мізэрная. Увогуле можна з упэўненасьцю казаць, што 100% гандлёвых аб’ектаў працуюць сабе на шкоду».
Апошняга пазбавяцца, абы толькі ня страціць сваё месца на рынку.

Прадпрымальнікі прызнаюць, што працуюць зь мінусам. Але толькі нязначная частка гатовая сысьці ў адпачынак і перачакаць крызіс.

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус: «Баранавічы знаходзяцца ў заходняй частцы Беларусі. Цяжка, каб усе сышлі ў адпачынак. Падаецца, апошняе аддадуць, абы сядзець на рынку. Але тыя, хто лічыць і разумее сытуацыю, ня будуць пакуль працаваць. Гэта прыкладна каля 20% прадпрымальнікаў, астатнія будуць варыцца і далей. Баяцца прадпрымальнікі ўсяго. Нават простае пытаньне задаць».

Прадпрымальнікі, якія гандлююць «хіміяй», ужо цяпер ня маюць магчымасьці працаваць. Тычыцца гэта і тых прадпрымальнікаў, якія гандлююць імпартнымі таварамі. На рэчавым рынку ў Івацэвічах прадпрымальнікі кажуць, што мусяць скарачаць колькасьць працоўных дзён, каб менш плаціць падаткаў. Тыя, хто мае некалькі кропак, будуць працаваць толькі ў адной, кажа івацэвіцкі прадпрымальнік Ігар:

«У чэрвені наўрад ці ўсе спыняць дзейнасьць. Але гандлёвых кропак стане менш. Калі ва ўласнасьці адна кропка — то ў любым выпадку трэба неяк існаваць, там будуць працаваць. А калі некалькі кропак у прадпрымальніка, то будзе працаваць толькі адна. Жыць неяк трэба, няхай нават сабе на страту».

Лідэр берасьцейскай гарадзкой арганізацыі «Пэрспэктыва» Ўладзімер Катрыч адзначае, што многія прадпрымальнікі сыдуць на два-тры тыдні ў адпачынак:

«Паводле нашага маніторынгу аптовых баз высьветлілася, што база „НВК-Цэнтар“ зусім не функцыянуе. На базе „Бакалея“ прадпрымальнікі скупляюць практычна ўвесь тавар. Цыгарэт як не было, так і няма. Што тычыцца ўкраінскага і расейскага тавару, то яго таксама на базах зусім няма».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Зьявіліся чуткі, што ў банкаматах будуць блякаваць беларускія грошы

Чарга ў банкамат у адным са спальных раёнаў Магілёва

У Магілёве ўсьлед за валютнымі чэргамі зьявіліся чэргі да банкаматаў па беларускую гатоўку.

Ля банкаматаў людзі рознага ўзросту. Некаторыя нават з малымі дзецьмі. Каб зьняць свае наяўныя, людзі мусяць прастойваць у чэргах па гадзіне й болей. Чым выкліканы ажыятаж на беларускую гатоўку — меркаваньні розныя, але ўсе зводзяцца да аднаго: не давяраем беларускай фінансава-банкаўскай сыстэме.

Спадарыня: «У інтэрнэце напісалі пра ажыятаж. Вось у Гомелі ўчора нельга было зьняць грошы. Муж абышоў сёньня тры банкаматы. У ніводным грошай не было. Гэта банкаматы «Беларусбанку».

Апэрацыі з плястыкавымі карткамі не праводзяцца

Спадар: «Прайшла пагалоска, што грошы будуць блякаваць. Вось мы тут і стаім. Намагаемся нешта зьняць. Народ жа заўжды паддаецца паніцы».

У некаторых спальных раёнах у банкаматах ужо няма грошай. Людзі скардзяцца, што паніку ўзмацняюць абвесткі ў банках і ашчадных касах. Гаворыць жыхар аднаго са спальных раёнаў. У чарзе да банкамата ён стаіць больш за гадзіну:

«З карткамі не праводзяць апэрацыі ў банках. Нельга ні за кватэру заплаціць па картках, ні зьняць грошы. Вось тут у акенцы напісана: „Апэрацыі з плястыкавымі карткамі не праводзяцца“. Калі я прыйшоў плаціць за кватэру, то я не магу заплаціць. І па картцы не магу зьняць грошы».

У ашчаднай касе прызналі той факт, што зьняць грошы з банкаўскай карткі нельга. Сытуацыю тлумачыць загадчыца:

«Калі чалавек хоча зьняць грошы, каб, дапусьцім заплаціць за кватэру — а навошта ім здымаць грошы? Мы ж можам іх сьпісаць на аплату на плацяжы. Вось жа, ідзе ажыятаж пры зьняцьці наяўных грошай, і можа проста ня быць наяўных, каб атрымаць іх і аплаціць».

Грашовую сытуацыю пагаршае і тое, што неўзабаве людзі пачнуць выпраўляць дзяцей у летнікі. Для гэтага дзятву трэба падрыхтаваць, а на гэта трэба наяўныя грошы. Усе імкнуцца на рынкі, бо там таньней. А там мала хто з гандляроў працуе з карткамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG