Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За замежную валюту жыхарам Беларусі даводзіцца аддаваць усе больш айчынных рублёў. Сёньня, у прыватнасьці, афіцыйны курс даляра ў банках павысіўся да 4500 беларускіх рублёў, а адзін эўра каштаваў звыш 6300 рублёў. Аднак і па гэтым курсе набыць валюту немагчыма. А на чорным рынку курс даляра ўжо перавысіў адзнаку 5000 рублёў за даляр.

ГОРАДНЯ


"Няма валюты. А калі зьявіцца, то па такім курсе, што яе будзе не дакупіцца"

Ля абменьніка побач з абласной філіяй Нацбанку ў Горадні на вуліцы Карбышава няма ніводнага чалавека. Няма й валюты. Курс: даляр — 4480—4500, эўра — 6340—6360. У некаторых іншых банках за даляр даюць на дзесяць рублёў болей, але наяўнай валюты нідзе няма.

Чыгуначны вакзал — месца, дзе крыху болей шанцаў, што нехта можа здаць валюту. Але наяўнай тут таксама няма. На вакзале, калі я прыйшоў, чакалі каля абменьнікаў пяць чалавек. Задаю пытаньне: да якой рысы павінен узьняцца курс, каб валюта зьявілася, прынамсі каб насельніцтва больш ахвотна яе здавала?

Спадар: "Ня зьявіцца, а калі зьявіцца, то па такім курсе, што яе не дакупіцца будзе, гэтага ўсе чакаюць. Увечары, чуткі ходзяць, за шэсьць тысяч будзе… Але яна ня зьявіцца, хоць за дзесяць тысяч. Тое, што людзі здаюць, тое й будзе, больш нічога. Не даюць, каб тут была, таму што трэба задушыць гэта ўсё, каб не маглі купіць".

"Тры тыдні стаіш у чарзе, і абавязкова трэба хадзіць адзначацца"

Гэты гарадзенец тлумачыць, што нават на чыгуначным вакзале набыць хоць крыху валюты амаль немагчыма:

"Купляюць толькі тыя, хто банкрутуе, каб хоць вярнуць тое, што выдаткавалі. Тры тыдні стаіш у чарзе, каб купіць гэтыя пяцьсот даляраў. І хадзіць адзначацца трэба. І ўсё залежыць ад выпадку: здалі пяць даляраў —купіў, здалі дзесяць — купіў. Пад абменьнікамі стаяць тыднямі ў чарзе дзеля таго, каб купіць даляры".

"У крамах у два разы паднялі цэны на беларускія прадукты!"

Сам гэты спадар — прадпрымальнік:

"Даляры патрэбныя для працы. Няма валюты — значыцца, няма працы… Цэны ўзьвінціліся. У крамах у два разы паднялі на свае айчынныя прадукты! Яйка курынае, каўбаса, мяса — у два разы! Гэта за кошт валюты хіба, у іх валюта ідзе на гэта?".

Пры мне адной спадарыні пашанцавала, нехта здаў у абменьнік валюту:

"Вось што ўдалося, здалі, і я купіла. Начавала тут, спала там на крэселках, семсот рублёў за ноч".

"За валюту Беларусі няма чаго прадаваць, я так лічу"

Людзі ўпарта чакаюць на вакзале, але ня маюць спадзяваньняў, што валюта зьявіцца ў свабодным продажы.

Другі спадар: "Ні па якім курсе, калі ў дзяржаве няма валюты, я лічу, што так. Пакуль не дадуць крэдыт. Крэдыт ніхто ня дасьць. Ня дасьць, таму што страцілі давер. На мой погляд, у нас неканкурэнтаздольная, напэўна, прадукцыя. Прадаем менш, чымсьці купляем. Няма чаго прадаваць у нас, я так лічу".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Прасьцей цяпер зачыніць свой дробны бізнэс, чым набываць новы тавар"

Берасьцейскія прадпрымальнікі заяўляюць, што ў сёньняшняй сытуацыі, магчыма, будуць вымушаныя спыніць дзейнасьць. З-за інфляцыі працаваць даводзіцца сабе на страту.

Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандар, які каля Цэнтральнага рынку ў Берасьці мае свой шапік, кажа, што цяпер мяркуе згарнуць свой гандаль. Па яго словах, эканамічная сытуацыя цалкам адкацілася да ўзроўню 1990-х гадоў:

"Востра адчуваецца недахоп абаротных сродкаў. Да прыкладу, я сёньня прадаў тавар, у які ўклаў 30 мільёнаў. Еду набываць новы тавар, а ён ужо каштуе 50 мільёнаў рублёў. Інфляцыя проста жахлівая. Адкуль браць грошы? Выходзіць, што прадпрыемствы працуюць сабе на страту. А трэба, акрамя іншага, заробкі выплаціць прадаўцам і падаткі сплаціць. Дзе на гэта грошы? Які сэнс працаваць у гэтай краіне?".

"На аптовых базах даляр ужо лічаць па 7000 рублёў"

Гараджане намагаюцца зрабіць запасы прадуктаў па старых коштах. Як кажа прадпрымальніца Ірына, часам бывае, што практычна ўсе тавары людзі скупляюць, не чакаючы павышэньня цэнаў. А як купляеш новы тавар на аптовых базах, то даляр там лічаць нават па 7000 рублёў:

"Учора такі ажыятаж быў. У маёй краме разабралі соль, цукар, воцат, муку, харчовую соду. Кажуць, што нават соль будзе каштаваць па 6000 рублёў".

Прадпрымальніца новы тавар не завозіць. Паліцы практычна паўпустыя. Жанчына кажа, што ня бачыць у далейшай працы сэнсу. Прасьцей прадаць краму.

"Працаваць у Беларусі робіцца немагчымым"

Старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі "Пэрспэктыва" Ўладзімер Катрыч адзначае: паколькі валюты няма, то на аптовых базах ёсьць тавар толькі айчыннай вытворчасьці, якім немагчыма запоўніць ня толькі краму, але нават шапік:

"Прадпрымальнікі проста ў шоку. Ніхто ня ведае, што рабіць далей. На аптовых базах няма тавару. Расейскага і ўкраінскага тавару няма наагул, ёсьць тавары толькі беларускай вытворчасьці".

Але і гэты тавар сёньня ня кожнаму па кішэні, гаворыць прадпрымальнік Аляксандр:

"Інфляцыя страшная. Грошай не хапае. Не кажу пра валюту, размова ідзе пра беларускія рублі. Да гэтага варта дадаць вялізарныя падаткі. Трэба неяк плаціць заробкі наёмным работнікам. Працаваць у нашай краіне становіцца немагчымым".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG