Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меней чым за тыдзень рубель у камэрцыйных банках абясцэніўся на 50%, але, як прагназуюць банкіры, гэта -- не мяжа. Як толькі Нацбанк спыніць кантраляваць памер пакрокавай дэвальвацыі, скачок на наяўным рынку можа паўтарыць рэкорды, якія штодня ставяцца на міжбанку — за даляр там даюць болей за 7 тысяч рублёў. Тым часам улады ніяк не тлумачаць вынікі сваёй палітыкі, якая прывяла да краху ў эканоміцы — за некалькі дзён заробкі з 500 даляраў у эквіваленце спаўзьлі да 300.

Валютны курс для камэрцыйных банкаў па-ранейшаму рэгулюецца вуснымі рэкамэндацыямі Нацбанку. На мінулым тыдні цэнтрабанк дазволіў узьняць максымальную плянку на вышыню 4000 рублёў за даляр, на пачатку гэтага тыдня — да 4500 рублёў. Аднак ні тады, ні цяпер палёгкі не адчулі ні банкіры, ні тыя, хто спадзяваўся на зьяўленьне валюты ў вольным доступе. Востры дэфіцыт сродкаў прывёў да таго, што каціроўкі даляра на пазабіржавым рынку дасягнулі 7 тысяч рублёў, а валютчыкі пачалі скупляць і прадаваць амэрыканскія грошы па курсах у дыяпазоне 4800—5500 рублёў.

Старшы дарадца Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Валеры Фадзееў кажа, што чарговае дазаванае Нацбанкам аслабленьне рубля прывяло толькі да страты кантролю над працэсамі:

"У нейкім сэнсе сытуацыя сапраўды выйшла з-пад кантролю. Мы бачым, што робяцца пэўныя захады, але яны не зусім адэкватныя, яны не сыстэмныя. Сёньня прымаецца адно рашэньне, заўтра зусім іншае. Таму ёсьць усе падазрэньні адносна таго, што яна выйшла з-пад кантролю".
Калі б было прынятае рашэньне аб дэвальвацыі, магчыма, курс такі высокі ня быў бы
Карэспандэнт: "Даляр б'е рэкорды на міжбанку. Калі Нацбанк усё ж адпусьціць наяўную валюту, ці могуць лічбы дасягнуць тых жа паказьнікаў?".

"Мне здаецца, што якраз калі адпусьціць (і гэта, відаць, трэба было рабіць нашмат раней), то тады, мабыць, усталюецца нейкі абгрунтаваны курс. Таму што цяпер, з майго гледзішча, усталяваўся спэкулятыўны курс. Гэта зьвязана з тым, што няма ніякай упэўненасьці ў пазыцыі ні ўраду, ні Нацыянальнага банку, людзі папросту ня ведаюць, што будзе далей. А калі б было прынятае рашэньне аб дэвальвацыі, магчыма, усё паступова "ўстаканілася" б і курс такі высокі ня быў бы. Дзесьці каля 5000 рублёў — так, але 7000 — ужо занадта".

Улады на хаос, які творыцца на фінансавым рынку, не рэагуюць. Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні толькі запэўніў, што празь месяц-другі беларусы забудуцца на ўсё "бязладзьдзе" з валютай. Усе астатнія камунікацыі паміж фінансавымі інстытутамі і грамадзтвам адбываюцца праз рэдкія камэнтары прэсавай службы Нацбанку. Аналітыкі лічаць, што самаўхіленьне чыноўнікаў ад праблемы, якая закранула літаральна ўсіх -- амаральнае. Дырэктар па разьвіцьці камунікацыйнага агенцтва "АРС Кам'юнікейшнз" Раман Касьціцын у відэакамэнтары на сайце infobank.by у гэтым зьвязку заявіў:

"У гэтай сытуацыі глыбокае зьдзіўленьне выклікае стойкае маўчаньне з боку дзяржаўных органаў, за выключэньнем некаторых прэс-сакратароў, чый статус не заўсёды адпавядае сур'ёзнасьці моманту для камэнтароў. А таксама асобныя заключэньні аб прычынах становішча, якое склалася. Замест таго, каб аналізаваць уласна сытуацыю ў эканоміцы — а яна не ўяўляе сабой нічога незвычайнага, бо поўна краінаў, дзе ёсьць складанасьці, дзе ёсьць інфляцыя — гаворым пра нешта зусім іншае. Пра нейкія гімнастычныя практыкаваньні, "наклоны" — пра гэта чуем пастаянна. Пра нейкіх зьнешніх ворагаў. А таксама пра тое, што беларускі народ сам сабе галоўны вораг, таму што ён купіў замежныя аўтамабілі. Магчыма, сэнс гэтых слоў іншы. Але я разумею гэта так, і беларускі народ, відавочна, таксама…".
Замест таго, каб аналізаваць сытуацыю ў эканоміцы, гаворым пра нешта зусім іншае. Пра нейкія гімнастычныя практыкаваньні, "наклоны" — пра гэта чуем пастаянна. Пра нейкіх зьнешніх ворагаў
Як і месяц, і два таму, сёньня ля абменных пунктаў людзі зьбіраюцца з адной мэтай — набыць валюту па камэрцыйным курсе, вызначаным банкамі. Але каб ухапіць 10 ці 20 даляраў, даводзіцца паляваць гадзінамі, калі ня днямі. Тыя, у каго даляры ці эўра ёсьць, здаваць іх па дзейным курсе не сьпяшаюцца. Як кажа фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, народ да таго напужаны непрадказальнасьцю фінансавай сыстэмы, што будзе трымаць валюту пры сабе да апошняга:

"Хто прытрымліваў даляр да апошняга, але на жыцьцё не хапае, то, магчыма, пойдзе і здасьць дзясятку, каб краму раз наведаць. Але астатнія — наўрад ці. Калі згадаць усе ранейшыя тузаньні па безнаяўным рублі сюды-туды, нейкія незразумелыя каманды — то давайце адпусьцім, то давайце нічога адпускаць ня будзем, — дык натуральна, што людзі разумныя будуць глядзець, што ў гэтай сытуацыі будзе адбывацца далей. Канечне, нельга казаць, што прынцыпова сытуацыя зусім не зьмяняецца. Трэба глядзець у тым аспэкце, што добра хоць гэтыя крокі зробленыя, што яны здарыліся хаця б цяпер, што ня сталі цягнуць яшчэ нейкі час. Але шкада, што гэта не было зроблена раней. Тады ўсё вырашылася б не такой крывёй".

Тым часам "Беларусбанк", у чыю кампэтэнцыю перададзена права складаць сьпісы чаргавікоў для набыцьця валюты на "сацыяльныя мэты", заявіў, што валюта будзе адпускацца не па афіцыйным курсе Нацбанку, а па бягучым, які значна больш высокі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG