Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі Беларусі значна скараціла сьпіс беларускіх харчовых тавараў, на якія распаўсюджваюцца абмежаваньні па гандлёвай надбаўцы. З прычыны гэтага даражэюць рыба і рыбныя кансэрвы, цукар, мясныя паўфабрыкаты, вараныя каўбасы, вяршкі, тварог, сыры ды іншыя малочныя прадукты. Адначасова з продажу зьнікаюць некаторыя групы імпартных тавараў, а іншыя — істотна даражэюць.

Рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды" наведалі сёньня мясцовыя крамы і рынкі і паназіралі, як адбіўся востры валютны крызіс на спажывецкім рынку.

ВІЦЕБШЧЫНА


Дзіцячыя пампэрсы падаражэлі амаль у два разы

Маладая маці спадарыня Аксана адзначае, што рэзка падаражэлі дзіцячыя пампэрсы ды іншыя гігіенічныя сродкі:

"Быў пэрыяд, што пампэрсаў увогуле не было. Мы шукалі, замест нашых "Active Baby" знайшлі "Huggies", і яны былі даражэйшыя. Раней яны каштавалі 86 тысяч, цяпер 119, а "Active Baby" каштавалі раней 77 тысяч, а цяпер 139 тысяч, амаль у два разы падаражэлі! А яшчэ падаражэў дзіцячы пральны парашок "Вушасты нянь", якім мы карыстаемся: раней маленькі пачак, 400 грамаў, каштаваў 3 600, а цяпер — 7 600. Усё ж ад расейскага рубля і ад даляра залежыць, вось яно і падаражэла!".

Утрымліваць жывёлу становіцца не па кішэні

Рэзкае падвышэньне коштаў адчулі на сваёй кішэні і віцебскія ўладальнікі хатніх жывёлаў. Асобныя гатункі кармоў увогуле зьніклі, кажа спадарыня Натальля:

"Я таго корму, да якога мая котка звыкла, ня бачу ў продажы ўжо тыдні тры. Гэта такія кансэрвы для жывёл, бо сухі корм мы не даем. Дык тых кансэрваў нідзе набыць ня можам — у краме пустыя паліцы. Набылі "лівэркі", а яна ня есьць. Мабыць, там ужо ні мяса, нічога натуральнага ўжо няма!".

Цана на сухі корм для катоў "Фрыскас" за месяц павысілася ў паўтары раза: зараз ён каштуе 23 тысячы за кіляграм — даражэй за пэўныя гатункі мяса ці каўбасаў. А ў рэгіёнах увогуле зьнік камбікорм, кажа спадар Зьміцер:

У Пастаўскім раёне зьнік з продажу камбікорм
"Наколькі я ведаю, у Пастаўскім раёне, і тут у нас у Глыбоцкім, зьнік камбікорм — ня могуць яго набыць тыя, хто гадуе сьвіней. Гандляры кажуць, што хутка зьявіцца, — але хто ведае!"

Спадарыня Тацяна распавядае пра рост цэнаў і на глыбоцкім кірмашы:

"У нас у Глыбокім усё дарагое, я ў шоку! Рыс падаражэў на тысячу, мыла падаражэла на тысячу, ужо алей па 11 тысяч стаіць. Ды ў людзей на такое грошай няма! Гарбату, кажу, больш ужо купляць ня буду — "Грынфілд" у пакеціках каштуе ўжо 12 800, такія ў нас ужо кошты".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Людзей палохае, што заробкі меншаюць, а цэны растуць

Цэны на харчовыя тавары не перастаюць зьдзіўляць гарадзенцаў. Шмат хто з пакупнікоў кажа, што цяпер на харчы сыходзіць увесь сямейны заробак і пры гэтым яшчэ даводзіцца эканоміць.

Выходнымі днямі гарадзенскі рынак "Цэнтральны" яўна ажывае, на ім шматлюдна. Праўда, апошнім часам атмасфэра рынку больш посная, меней жартаў. Людзі без настрою падыходзяць да прылаўкаў, дзівяцца на цэны і моўчкі ідуць далей.

Вось спадарыня прыглядалася да прылаўкаў і нічога не набыла. Пытаюся — што яна думае пра цэны?

Усё для нас стала дорага…
Спадарыня: "Вельмі страшна, страшна тое, што заробкі малыя, а цэны высокія. Цяпер нават няма ніякага падзелу паміж таннымі і дарагімі харчамі — усё стала дорага".

Карэспандэнт: "А што, напрыклад?".

Спадарыня: "Я вось памятаю, раней мяса было таньнейшае і даражэйшае тое, што бяз косткі, а зараз яно ўсё зраўнялася. Вось паглядзіце, курыца каштуе зараз на ўзроўні тых самых вантробаў".

Да нашае размовы далучаецца яшчэ адна спадарыня і кажа, што цэны зараз не задавальняюць нікога. Такога росту, кажа, нельга прыгадаць.

Спадарыня: "Ды ўсё ўжо кусаецца, нават кефір і той кусаецца, і малако таксама, і масла, і сыр — усё абсалютна. Нават звычайныя крупы, якія раней каштавалі 5 тысяч, цяпер — 10 тысяч".

А вось спадарыня выбірае садавіну й гародніну. Спрабую пацікавіцца ў яе — што яна думае пра цэны на рынку?

Не ўяўляю, як жыць з такімі заробкамі і з такімі цэнамі…
Спадарыня
: "На садавіну і гародніну цэны вельмі высокія: гуркі каля 8 тысяч, памідоры каля 11 тысяч. Цэны проста жах, яны шакуюць чалавека і з кожным днём растуць, не па днях, а па гадзінах. Не ўяўляю, як жыць з такімі заробкамі і з такімі цэнамі…".

Пытаюся ў спадарыні — колькі цяпер з свайго сямейнага бюджэту яна траціць на харчаваньне?

Спадарыня: "Мой заробак цалкам ідзе на харчаваньне, і пры гэтым даводзіцца эканоміць, бо тое, што хацелася б есьці кожны дзень, цяпер не атрымліваецца…".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


За адны суткі цэны падрастаюць на 30—40%

На прадуктовых рынках штодня растуць цэны. Берасьцейскія прадпрымальнікі апраўдваюцца перад спажыўцамі, кажучы, што не яны вінаватыя ў гэтым.

На Цэнтральным рынку ў Берасьці гандляры адзначаюць, што вострых перабояў з таварам пакуль не ўзьнікае. Аптовыя базы пастаўляюць гародніну і садавіну. Вось толькі цэны растуць ледзь ня штодня, кажа прадпрымальніца Аляксандра:

Што будзе далей — невядома. А цяпер проста жахліва!
"Ну вось, напрыклад, бананы яшчэ ўчора каштавалі 6000 рублёў за кіляграм, а сёньня раніцай цана падрасла да 8000 рублёў. Той жа часнык у крамах прадаюць па 40 тысяч рублёў. Пакуль ён на рынку ў нас па 25 тысяч рублёў. Пра іншае нават гаварыць не выпадае. Што будзе далей — невядома. А цяпер проста жахліва!".

Прадпрымальнікі адзначаюць, што за суткі кошты могуць падрасьці на 30—40%. У такіх умовах, як кажа прадпрымальніца, можна чакаць дэфіцыту на некаторыя харчовыя тавары, найперш імпартныя:

"Пакуль аптовыя базы працуюць безь перабояў. Але мне падаецца, што гэта пакуль. За суткі цана можа павялічыцца на 40%. Да гэтага прадпрымальнікі дадаюць таксама 10%. Атрымліваецца, што сэнсу працаваць практычна няма ніякага. Мне падаецца, што можа быць дэфіцыт. Акрамя гэтага, і ад нас жа будуць вывозіць гародніну. Тут наагул можа нічога не застацца".

Наведнікі рынку кажуць, што сытуацыя надзвычай непрыемная. Уся эканоміка завязаная на імпарт, а валюты ў краіне востра не хапае, кажа жыхар Берасьця Віктар:

Дэфіцытам могуць стаць нават самыя нязначныя дробязі
"А што без валюты магчыма набыць? У нас жа практычна ўсё імпартнае: з Кітаю, Індыі, Бразыліі, Польшчы, Расеі. Калі пералічваць тавары, то гэта амаль усё без выключэньня. А для таго каб набыць — патрэбная валюта. Нават нязначныя дробязі — усё гэта можа стаць дэфіцытам".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Бульба ўжо даражэйшая за хлеб

У Магілёве, як і паўсюль у Беларусі, цэны растуць амаль на ўсе харчовыя тавары. Цэньнікі на іх мяняюцца дзень пры дні.

Пытаньне пра цэны цяжкое, як нашы торбы з харчамі — так рэагавалі на пытаньне журналіста наведнікі крамаў і рынкаў. Людзі стараюцца накупляць як мага болей, бо ня вераць, што заўтра цэньнікі не перапішуць. Дык што ж даражэе найперш?

"Бульба самая дарагая. Даражэйшая за хлеб. 3500—4000, нават і болей выходзіць. Мяркую, што восеньню аддалі ўсё танна ў Расею, а цяпер самі прывозім бульбу. Цяпер і польская прывозіцца вось так", — зазначае спадарыня сталага веку.

Тавары ёсьць, але каб набыць іх, у людзей нестае грошай

Яшчэ адна немаладая спадарыня цягне ў абедзьвюх руках дзьве торбы. Спынілася адпачыць. Цікаўлюся — што ў торбах. Адказвае: тое, што даражэе:

"Мука, крупы рысавыя, крупы ячныя, крупы пярловыя. Макарона".

Падыходжу да яшчэ дзьвюх спадарыняў з тым жа пытаньнем — што даражэе найперш?

"Тыя ж крупы, алей. Дый на мясныя прадукты цэны заўважна растуць. Па-мойму, дэфіцыту асаблівага няма. Былі б у людзей грошы. А тавару даволі любога".

Сяброўка спадарыні, жанчына яшчэ ня дужа сталага веку з інвалідным кійком, дадае:

"Я стараюся меней у крамы хадзіць, каб грошай хапіла да наступнай пэнсіі".

Карэспандэнт: "На якія тавары найбольш растуць цэны?".

Спадарыня: "Рыба, садавіна й гародніна".

Цэны зашкальваюць, бо даляр даражэе
Пералік харчоў, якія імкліва даражэюць, яшчэ адна спадарыня папаўняе прысмакамі:

"Арэхі дужа падаражэлі. Яны мне дужа патрэбныя для здароўя. А іх ужо ня купіш. Цэны шалёныя. Вы ж паглядзіце, колькі даляр каштуе, і ўсё стане зразумелым, чаму цэны зашкальваюць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG