Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Дароніным, Казаковым, Лобанам, Мацукевічам, Сакрэтам, Федаркевічам. Трэці дзень


10 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягваўся працэс над удзельнікамі Плошчы. На лаве падсудных: Дзьмітры Даронін, Сяргей Казакоў, Уладзімер Лобан, Віталь Мацукевіч, Яўген Сакрэт, Алег Федаркевіч. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 арт. 293 «Масавыя беспарадкі».

18:33 Абвешчаны перапынак да 10:00 11 траўня.



18:25 Судзьдзя зачытвае пратакол допыту Яроменка, які, нібыта, засьведчыў, што заклік «Беларусы, сюды!» яго натхніў біць шкло.

Абвінаваўца Мельнік заяўляе, што менавіта заклік Мацукевіча справакаваў біць шкло. Мацукевіч на прапанову пракурора тлумачыць, што ягоны заклік ня ўтрымлівае закліку да беспарадкаў. А сьведчаньні — кожны інтэрпрэтуе як хоча.

18.13 Судзьдзя спыніла прагляд відэаматэрыялаў і запрасіла сьведку. Андрэй Рашчупкін, начальнік аддзелу ў Заводзкім РУУС Менску.

Судзьдзя заявіла, што пра гэтага сьведку ёй паведамілі толькі што. Рашчупкін наведаміў, што, магчыма, бачыў Мацукевіча, якога ня ведае. Кажа, што дакумэнтаваў падзеі на плошчы. Кажа, што лёзунгі на плошчы былі пра тое, што выбары сфальшаваныя. Кажа, што праз гучную сувязь увесь час казалі, праз 10-15 хвілінаў, што дзеяньні незаконныя і людзям неабходна пакінуць плошчу. Сьведка памятае маладога чалавека, які выгукваў лёзунгі. Але ня памятае, як ён выглядаў, у што быў апрануты.

18:10 Працягваецца відэапрагляд. Судзьдзя паказала на відэа Федаркевіча, Казакова і Мацукевіча.

17.55 Судзьдзя паказвае на відэа Казакову ягоныя дзеяньні. Казакоў прызнае, што на відэа сапраўды ён сам. Што менавіта зафіксавана на відэа, у залі ня бачна і застаецца невядомым.

Судзьдзя з усьмешкай пытаецца ў Мацукевіча, ці пазнае ён сябе. Мацукевіч сябе пазнаў, але заявіў, што ён нічога супрацьпраўнага не ўчыняе.

17.03 — 17.25 Пачынаецца прагляд відэаматэрыялаў. Карцінкі практычна няма — толькі цёмны экран зь мільгаценьнем сьпінаў, зямлі, на гэтым тле — воклічы і галасы. Чуецца «жыве Беларусь!», «ганьба!».

Абвінавачаныя сябе на відэа не пазналі.

Абвінаваўца спыніў прагляд і паказаў на Федаркевіча, што ён біў па дзьвярах. Федаркевіч пацьвердзіў, што ён сапраўды ўдарыў па дзьвярах, але не разьбіваў іх.

17.00
Допыт сьведак скончаны. Судзьдзя глядзіць матэрыялы справы.

16.48
Чарговы сьведка з боку міліцынятаў — Кірыл Макасін, кіроўца палку міліцыі асобага спэцпрызначэньня.

Сказаў, што магчыма затрымліваў Лобана.

Цягам дня стаялі ў рэзэрве за Палацам рэспублікі да 20.00.

Каля 22.00 атрымаў каманду перамясьціццца да Дому ўраду.

Прыехалі, сядзелі ў транспарце, а пасьля па камандзе высадзіліся і адцясьнялі «натоўп» ад Дому ўраду.

Быў каля прыступак Дому ўраду. Міліцынтаў білі нагамі, палкамі, вудамі.

Заяўляе, што падзялілі «натоўп» на больш і не меньш актыўных. Больш актыўныя апынуліся каля Дому ўраду. Сам непасрэдна затрымаў чалавека, але ня здолеў патлумачыць менавіта за што. Маўляў, не хацеў добраахотна праходзіць у спэцтранспарт.

Абвінаваўца ўладкладняе: Ці ня быў чалавек, якога ён затрымліваў — чалавекам, які сядзеў у кагосьці на плячах?

Сьведка гэтага не падцьвердзіў, ягоны допыт закончаны.

16.35 Наступны сьведка — супрацоўнік ГУУС Менску Аляксандар Новік.

Кажа, што нікога з абвінавачаных раней ня бачыў і ня ведае.

Кажа, што 19-га аховаў грамадзкі парадак на Кастрычніцкай плошчы і пл.Незалежнасьці.

Заяўляе, што мітынгоўцы спрабавалі разарваць ланцуг, у якім ён стаяў, ягоных калегаў па службе спрабавалі вырваць з шэрагаў. Затым выконваў каманду пазатрыманьні асабліва актыўных удзельнікаў.

Чым і як білі шкло, ня бачыў. Толькі чуў каманду «Б’ем».

Адказы сьведкі выклікаюць ажыўленьне і ўсьмешкі прысутных.

Сказаў, што ён сам непасрэдна затрымаў шмат людзей.

Допыт сьведкі завершаны.

16.24 Наступны сьведка — супрацоўнік міліцыі Маскоўскага раёну Валеры Шчур.

Кажа, што меў задачу ахоўваць Дому ураду, унутры будынку. Быў у поўнай экіпіроўцы — у касцы, са шчытом, у абмундзіваньні. Кажа, што сталы ня ставіў і нічога ня ведае, навошта ставілі.

Кажа, што мітынгоўцы разьбілі дзьверы і аднаго зь іх разам са шчытом выцягнулі, а затым вярнулі. Кажа, што ён сам не пацярпеў — пра іншых нічога ня ведае.

Кажа, што ня чуў, каб папярэджвалі разыходзіцца. Кажа, што мітынгоўцы выкарыстоўвалі арматуру.

Кажа, што ўсё доўжылася гадзіны дзьве.

На пытаньні адваката кажа, што тры гадзіны сядзелі ў актавай залі пакуль паклікалі на абарону Дома ўраду, да дзьвярэй.

Кажа, што былі мэталёвыя прадметы, а якія менавіта ня памятае.

На падказку пракурора Мельніка ўзгадвае сякеры і вуды.

Кажа, што ня бачыў чым білі ў дзьверы.

Ці здымалі на відэа падзеі ўнутры Дома ураду? Кажа, што, пэўна.

Кажа, што адчувалі пах дыму і думалі, што дзесьці штосьці гарыць.

Допыт сьведкі закончаны.

16.00 Наступны сьведка — Аляксандар Нікіфарэнка.

Кажа, што нікога з абвінавачаных ня ведае і не пазнае.

Каля Дому ўраду займаўся аховай грамадзкага парадку, ў самім Доме ураду — у актавай залі.

Кажа, што каля 20.00 распачаўся штурм дзьвярэй, якія былі закладзенвыя сталамі. Чуў воклічы «Жыве Беларусь!»

Кажа, пра разьбітыя дзьверы і паламаныя сталы, якімі былі закладзеныя дзьверы.

Пасьля таго, як скончылася ўсё — яны прыбралі сталы і пабачылі ледаколы, рыдлёўкі. арматуры, пруты. Усё ляжала побач з Домам ураду.

Кажа, што чуў, як увесь час ва ўзмацняльнікі заклікалі разысьціся.

Чуў, што ў дзьверы білі нагамі, а як — ня бачыў.

Кажа, што ён, у тым ліку, разам зь іншымі міліцыянтамі, якія ахоўвалі Дом ураду застаўлялі дзьверы сталамі, калі людзі пайшлі штурмаваць.

Допыт ахоўніка Дому ўраду завершаны.

15.45 Наступны сьведка — Дзяніс Зыль.

Кажа, што ён сябра Дароніна. Сьведчыць аналягічна: чацьвёра выпілі адну пляшку гарэлкі і вырашылі пайсьці на плошчу. Даронін згубіўся, а яны трое пайшлі на піва.

Затым вярнуліся, сустрэлі Дароніна і паехалі дахаты. Даронін скардзіўся, што яго ўдарылі па руцэ.

Абвінаваўца цікавіцца: ць заяўляў Даронін, што яго падымалі на плечы, што ён біў па дзявярах?

Зыль адказвае, што нічога падобнага Даронін не распавядаў.

Судзьдзя нагадала сьведку, што ў пратаколе ягонага допыту ёсьць больш поўныя сьведчаньні і яны ў яе перад вачыма.

Папярэджаньняў разыходзіцца ня чуў.

Допыт сьведкі закончаны.

15.33 Наступны сьведка — Андрэй Пракапчук.
Маляр-тынкоўшчык, працуе ў прыватным прадпрыемстве. Заяўляе, што зьяўляецца сябрам Дароніна.

Судзьдзя Мельнік удакладняе: Ці распавядаў Даронін, што ён біў дзьверы?

Сьведка адказвае, што Даронін распавядаў, што патрапіў камусьці на плечы, але нічога і нікога ня біў.

Таксама сьведка кажа, што ніхто іх не папярэджваў пра незаконнасьць мітынгу і не заклікаў разыходзіцца.

Допыт Пракапчука закончаны.

15.23 Наступны сьведка —Аляксандар Ганчар, электрагазазваршчык, працуе на МАЗе.
Ведае Дзьмітрыя Дароніна — ягоны сябар. Сьведчыць пра яго, як добрага сябра.

Кажа, што разам з сябрамі, учатырох, сустрэліся і паехалі на плошчу ўвечары.

Дайшлі да плошчы Незалежнасьці, спыніліся каля гандлёвага цэнтру. Быў разам з Дароніным, але ён застаўся на плошчы пазьней.

Кажа, што чуў, як на плошчы выкрыквалі «Ганьба». Выскачылі міліцыянты. Ён сышоў і больш Дароніна ня бычыў.

Ня бачыў ў той вечар, але сустракаў пазьней і Даронін, нібыта, сам яму распавядаў, што яго паднялі на рукі і ён некалькі разоз ударыў па дзьвярах.

Палак, вогнетушыльнікаў і пляшак ня бачыў.

Біцьця шкла ня бачыў, папярэджаньняў міліцыянтаў ня чуў.

Кажа, што перад плошчай выпілі пляшку гарэлкі на чатырох.

Супрацоўнікаў міліцыі па дарозе з Кастрычніцкай да Незалежнасьці ня бачыў.

Ніякіх лёзунгаў з вуснаў Дароніна ня чуў. Допыт сьведкі закончаны.

15.17
У залю запрошаны чарговы сьведка Бурмістронак. Сказаў, што нікога з абвінавачаных не пазнаў і ня ведае.

Кажа, што ўчатырох селі ў машыну і паехалі на плошчу. Абвінаваўца цікавіцца ці выказвалі меркаваньні пра дзейную ўладу?

15.06 Наступны стведка — Шарстоў.
Ён таксама сьведчыць, што Мацукевіч тры-чатыры разы выкрыкнуў «Беларусы, сюды!» і ударыў нагой па дзьвярах Дома ўраду.

Кажа, што Мацукевіч выкрыкнуў ня з мэтай нешта граміць, а таму, што стан усіх прысутных быў узрушаны і ўсе нешта выкрыквалі.

Абвінаваўца Мельнік цікавіцца: ці шмат выпілі і ці бралі алькаголь з сабой на плошчу?

Сьведка кажа, што людзі на плошчы не рэагавалі на заклік Мацукевіча «Беларусы, сюды!», а дзьверы разьбівалі ўжо да гэтага закліку. Сьведка кажа, што ня бачыў прыладаў супраціву ў руках людзей.

Таксама кажа, што не бачыў, каб Мацукевіч біў дзьверы.

Ня чуў, каб супрацоўнікі міліцыі казалі праз узмацняльнікі пра незаконнасьць сходу і заклікалі пакінуць яго.

Допыт сьведкі Шарстова закончаны.

14.08 — 15.04 Дапытваюць сьведку Дзяніса Гусінцава.

Ён адразу заявіў, што сярод абвінавачаных пазнаў Мацукевіча. Кажа, што прыйшоў па плошчу з Віталем Мацукевічам, папярэдне выпіўшы гарэлкі. Пілі ў кавярні, ня шмат. Пайшоў каля 20.00.

Паехалі на таксоўцы, каб паглядзець што там адбываецца. Даведаліся пра магчымыя падзеі з выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта.

Кажа, што ішлі разам з усімі з Кастрычніцкай да Незалежнасьці.

Кажа, што на плошчы Мацукевіч некалькі разоў выкрыкваў"Беларусы, сюды!«.

Не ўзгадвае, каб нехта адгукнуўся на гэты заклік, не памятае іншых. Кажа, што ня бачыў, каб Віталь Мацукевіч біў дзьверы.

Кажа, што ня ведае, хто менавіта біў шкло. Тых, хто біў шкло, было каля 10 чалавек, але сярод іх не было Мацукевіча.

Калі выйшлі спэцназаўцы, Гусінцаў разам з сябрамі адыйшлі ад будынку.

Скончаны допыт сьведкі Гусінцава. Падчас папярэдніх допытаў у Гусінскага была яўка з павіннай.

14.05 Працэс аднавіўся.
Пасьля перапынку ў залю дапушчаныя адвакаты, сваякі, праваабаронцы. Сярод іншых — прадстаўнік АБСЭ, юрыст Уладзімер Лабковіч. Пасьля перапынку ў залю паседжаньняў прыйшоў Артур Фінькевіч.

13.06 Абвешчаны перапынак да 14 гадзіны.



12.45 — 13.05 Наступная сьведка — Марыя Вайнова.

Вайнова таксама пазнала Мацукевіча. Яна сьведчыць, што Мацукевіч заклікаў людзей «Беларусы, сюды!», жэстыкуляваў, каб да яго падыходзілі, а таксама падышоў да дзьвярэй.

Кажа, што бачыла, як Мацукевіч ударыў па дзьвярах нагой.

Перад гэтым на пытаньне пракурора Мельніка Мацукевіч адказваў, што ня біў па дзьвярах.

Кажа, што ў руках людзей ня бачыла палак і мэталёвых прадметаў.

Сьведчыць, што на заклік «Беларусы, сюды!» ніхто не адгукнуўся. Людзі падышлі бліжэй паглядзець, што адбываецца.

Вайнова кажа, што праводзіліся сьледчыя дзеяньні, падчас якіх яна пазнала Мацукевіча.

Судзьдзя запытваецца, як Мацукевіч патлумачыць, што сьведкі заяўляюць, што ён біў па дзьвярах?

Мацукевіч адказвае, што пацьвярджае свае ранейшыя паказаньні, што ня біў па дзьвярах.

Мацукевіч кажа, што сьведкі сымпатызуюць апазыцыі і маглі расцаніць ягоны заклік як дзеяньні правакатара, а таму і сьведчылі супраць яго падчас папярэдніх допытаў, а зараз мусяць пацьвярджаць ранейшыя паказаньні.

Допыт сьведкі завершаны.

11.50–12.44 У судовую залю запрашаецца сьведка Крысьціна Шацікава.

Шацікава кажа, што бачыла Мацукевіча і чула ягоны заклік.

Абвінаваўца Мельнік і судзьдзя дамагаюцца ад Крысьціны, каб яна назвала прозьвішчы тых, з кім яна была на плошчы. Яна не пагаджаецца.

Пасьля настойваньняў з боку судзьдзі Шацікава назвала прозьвішча сяброўкі, зь якой прыехала з Магілёва і пайшла на плошчу.

Шацікава сьведчыць, што бачыла на плошчы супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія ўсё здымалі на камэру.

Шацікава сьведчыць, што бачыла чалавека, які першым ударыў па дзьвярах, гэтага чалавека сярод абвінавачаных у залі суду няма.

Яна сьведчыць, што памятае Мацукевіча і ягоны заклік. Шацікава заяўляе, што Мацукевіч дзьвярэй ня біў.

Шацікава падкрэсьлівае, што першы малатком па дзьвярах ударыў чалавек, які першы прыйшоў на плошчу.

Судзьдзя настойліва запытвае адносна заклікаў «Беларусы, сюды»: ці можна іх расцаніць як заклік біць шкло?

Пракурор перапытвае: колькі разоў Мацукевіч выгукваў лёзунг, што яшчэ выгукваў?

На пытаньні адвакатаў Шацікава сьведчыць, што на заклікі Мацукевіча «Беларусы, сюды!» людзі рэагавалі так, што ён хоча ўчыніць правакацыю.

На пытаньні адвакатаў Шацікава распавядае, якія паказаньні давала на допытах КДБ.

Кажа, што на ўсіх допытах паказвала на фота і відэа чалавека, які першы прыйшоў на плошчу і першы пачаў біць дзьверы.

На пытаньні адвакатаў Шацікава сьведчыць, што каля таго чалавека, які першы разьбіваў шкло, былі яшчэ 45 чалавек, і іх ніхто не спыняў. Шацікава сьведчыць, што за дзьвярыма ў гэты момант ужо былі драўляныя загародкі.

Шацікава кажа, што пакінула плошчу каля Дома ўраду, калі хтосьці з кандыдатаў на прэзыдэнта заявіў, што адбываецца правакацыя.

Кажа, што ніякаіх заклікаў разысьціся ня чула. У руках мітынгоўцаў ня бачыла мэталёвых, драўляных ці якіх іншых прадметаў.

Шацікава сьведчыць, што стаяла на прыпынку, калі па вуліцах пабеглі «касманаўты». Судзьдзя абурылася такой характарыстыкай і пацікавілася, адкуль сьведка ведае слова «зачыстка».

Шацікава таксама заявіла, што ня бачыла на плошчы ніякіх прадметаў, падобных да зброі. На хадайніцтва адваката Мельнікава, што сьведчаньні супярэчлівыя, судзьдзя Алена Шылько зачытвае пратакол допыту Шацікавай.

Паводле пратаколу допыту Шацікавай, яна сьведчыць, што моцнага целаскладу хлопцы зьявіліся на плошчы да зьяўленьня мітынгоўцаў і ўсё фіксавалі на відэа. А таксама адзін зь іх падышоў да дзьвярэй і прадметам, падобным да малатка, ударыў па дзьвярах. Паводле Шацікавай, яны хацелі застацца незаўважанымі, але актывізаваліся пасьля таго, як прыйшлі мітынгоўцы.

Яна кажа, што менавіта пасьля гэтага да іх далучыліся людзі, каб біць вокны.

Абвінаваўца заяўляе, што сьведчаньні супярэчлівыя. Ці пацьвярджае сьведка свае сьведчаньні падчас допыту? Шацікава пацьвердзіла.

Шацікава сьведчыць, што пазнала Мацукевіча падчас вочнай стаўкі.

Допыт сьведкі Крысьціны Шацікавай завершаны, яна пакінула залю.

11.25 — 11.45 Сьведкам выступае Аляксандар Квяткевіч. У залю суду яго прывялі пад аховай, але без кайданкаў.

Квяткевіч кажа, што на заклік Статкевіча пайшоў да Дома ўраду. Таксама бачыў чалавека, які заклікаў людзей пайсьці да Дома ўраду. Той чалавек заклікаў: «Беларусы, сюды!».

Менавіта гэты заклік выкрыкваў адзін з абвінавачаных.

Квяткевіч кажа, што адгукнуўся на гэты заклік і пачаў таксама біць дзьверы. Што на гэты заклік адгукаліся іншыя людзі.

«Беларусы, сюды!» выгукваў Мацукевіч — ён сам гэта пацьвердзіў падчас папярэдняга допыту абвінавачаных.

Квяткевіч не апазнаў сярод прысутных таго, хто выгукваў.

Тады судзьдзя і пракурор сказалі, што з улікам часу, які прамінуў, і чалавечага фактару Квяткевіч мог і не пазнаць таго, хто выгукваў.

Судзьдзя загадала Мацукевічу ўстаць, і разам з абвінаваўцам яны запыталі — ці гэты чалавек выгукваў «Беларусы, сюды!»? Квяткевіч не пазнаў.

Квяткевіч кажа, што, магчыма, гэта ён, Мацукевіч, выгукваў. Судзьдзя пытаецца: чаму так думаеце?

Сьведка адказаў: па форме твару падобны.

Мацукевіч не адмаўляецца ад свайго закліку «Беларусы, сюды!», але заяўляе, што не заклікаў нікога біць і граміць.

На пытаньне адваката сьведка заяўляе, што ня заклік «Беларусы, сюды!» натхніў яго біць вокны, а дзеяньні іншых людзей, якія гэта ўжо рабілі.

Квяткевіч заяўляе, што пасьля таго як яго адцягнулі ад ганку Дома ўраду журналісты, ён далучыўся да людзей. Папярэджаньня разысьціся ня чуў.

Кажа, што ніякіх заклікаў да пагромаў ня чуў. Таксама ня памятае іншых заклікаў, толькі «Беларусы, сюды!».

Судзьдзя зачытвае матэрыялы допыту сьведкі. Ён сьведчыў, што каля пяці разоў чуў гэты заклік. Цяпер пацьвярджае, што так.

11.20 Разгляд матэрыялаў справы завершаны. Судзьдзя распачынае допыт сьведкаў.

11.15 Судзьдзя зачытвае матэрыялы справы Сакрэта — пералічвае канфіскаваныя падчас ператрусаў носьбіты інфармацыі, зачытвае станоўчую характарыстыку, хадайніцтвы аб спыненьні крымінальнай справы і зьмене меры стрыманьня, якія былі адхіленыя.

11.05 Характарыстыка на Лобана: Ветлівы, тактоўны, падтрымлівае прыязныя адносіны з суседзямі. На працы характарызуецца як добрасумленны працаўнік.

10.55 Характарыстыка на Мацукевіча: цікавіцца грамадзка-палітычнымі падзеямі ў Беларусі і сьвеце, мае свой погляд на іх і свае перакананьні, мае прыязныя стасункі зь людзьмі, камунікабэльны і ветлівы.

10.25 Судзьдзя Алена Шылько з матэрыялаў справы зачытвае характарыстыкі абвінавачаных паводле месца працы і месца жыхарства. Характарыстыкі станоўчыя — падсудных характарызуюць як добрых працаўнікоў, якія ня маюць заўваг ад суседзяў па месцы жыхарства.

У характарыстыках абвінавачаных гаворыцца: тактоўныя, камунікабэльныя, працу выконваюць добрасумленна.

На пытаньне адваката Казакоў адказаў, што падчас ператрусу на кватэры ягоных сваякоў быў канфіскаваны кампутар ягонага дзядзькі.

10.20 Судзьдзя пералічвае зьмест матэрыялаў справы: канфіскаваныя ў абвінавачаных падчас ператрусаў, жорсткія дыскі, флэш-карты, іншыя электронныя носьбіты інфармацыі.

10.12 Судзьдзя абвясьціла парадак працягу суду: зараз працягваецца разгляд матэрыялаў справы, затым будзе допыт сьведкаў і прагляд відэаматэрыялаў.

10.05 Працэс распачаўся.

Уладзімер Лобан. Перад пачаткам суду

На папярэднім паседжаньні 6 траўня былі апытаныя некаторыя пацярпелыя спэцназаўцы міліцыі. Суд таксама пачаў разглядаць матэрыялы справы.

Суды за Плошчу

Суд над Дароніным, Казаковым, Лобанам, Мацукевічам, Сакрэтам, Федаркевічам. Першы дзень

Суд над Дароніным, Казаковым, Лобанам, Мацукевічам, Сакрэтам, Федаркевічам. Другі дзень
Яўген Сакрэт
Нарадзіўся ў Менску 3 кастрычніка 1966 году. Выпускнік лесагаспадарчага факультэту Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Зьвестак пра яго сяброўства ў партыях і рухах няма, але гэта чалавек, які ніколі не хаваў сваіх дэмакратычных поглядаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў-2010 быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава.


Затрыманы 19 сьнежня, адбыў 10-суткавы арышт. Паўторнае затрыманьне адбылося, верагодней за ўсё, 17 студзеня 2011 г., калі Яўген не прыйшоў да сваякоў начаваць. Праз тры дні ў іх дом прыйшлі зь ператрусам. Яго абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках).

Дзьмітрый Даронін
Нарадзіўся 19 красавіка 1982 году ў Менску. Скончыў ПТВ № 8, да арышту працаваў сьлесарам на МАЗе. Рос у шматдзетнай сям’і, у якой васьмёра дзяцей. Быў затрыманы 14 сакавіка на працы і зьмешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. 22 сакавіка яму выстаўлена абвінавачаньне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «Масавыя беспарадкі». Зараз пад вартай на Валадарцы.
Сяргей Казакоў
Нарадзіўся 12 лютага 1992 году ў Ленінагорску ў Расеі. Скончыў менскую сярэднюю школу № 85. Сур’ёзна захапляўся музыкай. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Быў затрыманы 27 студзеня ў якасьці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 КК. Зараз пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.
Уладзімер Лобан
Нарадзіўся 16 студзеня 1978 году ў г. Хойнікі на Гомельшчыне. Пасьля чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала ў Верхнядзьвінск Віцебскай вобласьці. Там Уладзімер Лобан скончыў сярэднюю школу, у Верхнядзьвінск ён вярнуўся працаваць пасьля заканчэньня ў Менску Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Спэцыяльнасьць — інжынэр дрэваапрацоўкі.

З красавіка 2010 г. жыў і працаваў у Менску. Палітыкай не займаўся, ні ў якія партыі і рухі не ўваходзіў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG