Лінкі ўнівэрсальнага доступу


"Мы з Валодзем — двайняты. Таму вельмі блізкія паміж сабой, разумеем адзін аднаго, перажываем. На жаль, мы з Уладзімерам рана засталіся без бацькоў. Жылі заўсёды даволі сьціпла, раскошы асаблівай не было. Таму вельмі рана давялося стаць дарослымі — самім зарабляць, самім пра сябе клапаціцца. І хоць мы нарадзіліся ў адзін дзень, я заўсёды адчувала сябе нібыта ягонай старэйшай сястрой, адказнай за яго.


Валодзя заўсёды быў за праўду, за справядлівасьць. Я думаю, што і на Плошчы ён апынуўся таму, што яму не дазволілі прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах
Ён па характары вельмі спакойны, ціхі, памяркоўны. Але вельмі добры, спагадлівы, бескарысны, станоўчы — як кажуць усе суседзі, знаёмыя. Заўсёды дапамагае ўсім, ня можа адмовіць нікому. А я па натуры больш актыўная і заўсёды яго падштурхоўвала. Я настаяла на тым, каб пасьля службы ў арміі Валодзя паступіў у ВНУ, каб атрымаў вышэйшую адукацыю. Калі пасьля заканчэньня Тэхналягічнага ўнівэрсытэту вярнуўся ў Верхнядзьвінск, папрацаваў тут, а заробкі ў нас зусім малыя — у яго зарплата была 500 тысяч, — літаральна выштурхнула яго ў Менск. Хоць зараз вельмі перажываю, мне яго не хапае. І ня так мне, як нашаму пляменьніку, 16-гадоваму Сашу. Наша старэйшая сястра памерла, і я зараз апякуюся Сашам. У хлопчыка зараз пераходны ўзрост, мне зь ім цяжкавата. Адчуваю, што не хапае Сашу менавіта мужчынскага выхаваньня, мужчынскага ўплыву. Так бы мовіць, бяз Вовы адбіваецца ад рук.

Валодзя заўсёды быў за праўду, за справядлівасьць. Я думаю, што і на Плошчы ён апынуўся таму, што яму не дазволілі прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. У Менску на выбарчым участку яму параілі ехаць галасаваць у Верхнядзьвінск, па месцы рэгістрацыі. Ён раззлаваўся, бо да Верхнядзьвінску 300 кілямэтраў, і пайшоў на плошчу...

Быў затрыманы пры разгоне акцыі 19 сьнежня. Адразу ж адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна. А потым яго адразу ж палічылі падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Мае сяброўкі, якія добра ведаюць Вову, нагледзеліся Беларускага тэлебачаньня, чыталі ў газэтах, што Валодзя біў шыбы, нападаў на міліцыянтаў, і ня могуць у гэта паверыць — ён такі ціхі, спакойны, станоўчы... Нягледзячы на апалітычнасьць, да яго вельмі рэдка дапускаюць адваката.

У лістах Валодзя піша: раз так склалася, трэба несьці свой крыж. Турму ён успрымае як выпрабаваньне, якое наканаванае яму лёсам. Духам ён ня падае, нас падтрымлівае — лісты піша бадзёрыя".

Сьвятлана Лобан, сястра-двайнятка Ўладзімера Лобана.


Уладзімер Лобан нарадзіўся 16 студзеня 1978 году ў г. Хойнікі на Гомельшчыне. Пасьля чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала ў Верхнядзьвінск Віцебскай вобласьці. Там Уладзімер Лобан скончыў сярэднюю школу, у Верхнядзьвінск ён вярнуўся працаваць пасьля заканчэньня ў Менску Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Спэцыяльнасьць — інжынэр дрэваапрацоўкі.

З красавіка 2010 г. жыў і працаваў у Менску. Палітыкай не займаўся, ні ў якія партыі і рухі не ўваходзіў.



Суд Маскоўскага раёну Менску

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG