Лінкі ўнівэрсальнага доступу



У нас вялікая дружная сям'я — васьмёра дзяцей. У старэйшых ужо свае сем'і — ёсьць яшчэ трое ўнукаў. Чацьвёра — непаўналетнія, вучацца ў школе. Прычым нашай самай малодшай дачушцы, якой зараз 10 гадоў, на паўтара года больш, чым першаму ўнуку. Дзьмітрый — другое дзіця ў сям'і. А на старэйшых заўсёды палягала адказнасьць за малодшых. Яны разам з самай першай дачкой Сьняжанай вельмі дапамагалі нам гадаваць малых. У Сьняжаны зараз свая сям'я, а Дзіма дагэтуль жыве з намі.

У мяне зь ім ніколі не было ніякіх праблем — спакойны, ураўнаважаны, вельмі адказны хлопец. У дзяцінстве чым толькі не захапляўся —і футболам, і плаваньнем. Пасьля школы вывучыўся на сьлесара. Адслужыў у войску. Пасьля заканчэньня прафтэхвучэльні працаваў разам са мной на маторным заводзе. Але паўгода таму перайшоў на аўтазавод — там заробак вышэйшы.

Бацька ў нас — інвалід першай групы па зроку, працуе ў таварыстве сьляпых, заробак у яго невялікі. Я як шматдзетная маці ў 50 гадоў пайшла на пэнсію, але працягваю працаваць на маторным заводзе ля станка ў дзьве зьмены, бо дзетак трэба паднімаць. Дзіма вельмі дапамагае нам матэрыяльна, ягоны заробак ідзе ў вялікую сям'ю. Летась атрымалі новую кватэру. Старэйшыя дзеці, у якіх свае сем'і, засталіся ў старой. Мэблю ў новую кватэру мы набылі ў крэдыт, Дзіма яго выплачваў. Набыў кампутар для малодшых дзяцей.

Па натуры ён дамасед. Пасьля працы і ў выходныя ўсё сядзіць за кампутарам. Палітыкай не цікавіўся. 19 сьнежня разам з двума сябрамі быў у цэнтры, у раёне вакзалу. Сябры недзе згубіліся, калі пайшлі па піва, а Дзіма разам з натоўпам апынуўся на плошчы. Яго 19-га затрымлівалі, тры гадзіны пратрымалі ў пастарунку і ўначы адпусьцілі. Ён надалей працаваў на заводзе, усё быццам бы сьціхла. А 14 сакавіка да яго прыйшлі на працу і забралі — маўляў, "вылічылі" па відэаздымцы. Спачатку мяне суцяшалі — праз трое сутак выпусьцяць. Але ня выпусьцілі. Дахаты прыйшлі зь ператрусам, забралі чамусьці Дзіміну шапку і вінчэстэр. А 22 сакавіка яму выставілі абвінавачаньне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — "Масавыя беспарадкі". Я на просьбу адваката ўзяла характарыстыкі і з маторнага заводу, дзе ён раней працаваў, і з МАЗу. Калі чытала — прасьлязілася. Вельмі добра калегі і начальства пра яго напісалі.

У Дзімы вельмі шмат сяброў. Неяк звычайна людзі сябруюць з адным-двума чалавекамі. А ў яго сябры армейскія, сябры з вучэльні — чалавек восем.

Зараз Дзіма піша бадзёрыя лісты, што ўсё ў яго ў парадку, пачуваецца добра. Але я ж ведаю, што ён ніколі ня будзе скардзіцца, будзе мужна трымацца — такі ў яго характар
Зараз яны вельмі дапамагаюць нашай сям'і, падтрымліваюць і маральна, і матэрыяльна. Перадачы Дзіму насілі на Валадарку. Калі мы атрымалі новую кватэру — арганізавалі пераезд, дапамаглі, самі ўсю мэблю сабралі. Заўсёды дапамагаюць і на лецішчы —і зямлю ўскапаць, і дроў насекчы. Вось і зараз ужо пыталіся, калі мы паедзем гарод саджаць, каб замест Дзімы папрацаваць.

Зараз Дзіма піша бадзёрыя лісты, што ўсё ў яго ў парадку, пачуваецца добра. Але я ж ведаю, што ён ніколі ня будзе скардзіцца, будзе мужна трымацца — такі ў яго характар.

19 красавіка ў Дзімы быў дзень народзінаў. Аднесла яму вялікую перадачу, а больш за 30 кіляграмаў у месяц не прымаюць. Але ж у камэры разам зь ім сядзяць хлопцы, якім нічога не перадаюць. Бо сьвяты — ужо мінуў Вялікдзень, наперадзе майскія сьвяты, я вельмі перажываю за ўсіх. Калі б напісаў прозьвішчы, каму не перадаюць, аднесла б яшчэ — мы ў шматдзетнай сям'і прывыклі дзяліцца з усімі...

Галіна Дароніна, маці Дзьмітрыя Дароніна


Дзьмітрый Даронін нарадзіўся 19 красавіка 1982 году ў Менску. Скончыў ПТВ № 8, да арышту працаваў сьлесарам на МАЗе. Рос у шматдзетнай сям’і, у якой васьмёра дзяцей. Быў затрыманы 14 сакавіка на працы і зьмешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. 22 сакавіка яму выстаўлена абвінавачаньне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу — "Масавыя беспарадкі". Зараз пад вартай на Валадарцы.



Суд Маскоўскага раёну Менску

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG