Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра свабоду прэсы: “У нас яе няма”


Беларуская канстытуцыя гарантуе свабоду прэсы. Ці існуе гэтая свабода ў Беларусі ў рэальнасьці? Адказваюць жыхары Магілёва.

Спадар: “Канечне ж не. Я, напрыклад, чую, што ў Беларусі 11 працэнтаў эканамічнага росту. А рэальна сытуацыя ў эканоміцы зусім іншая. У абменных пунктах даўно зьнікла валюта. Хаця б з гэтага я раблю выснову -- пра якую свабоду можна гаварыць”.

Спадар: “Не, няма. Адно меркаваньне наўкола выказваецца. Як якое? Кіроўнай улады”.

Малады спадар: “Ну ў тым разуменьні як на Захадзе ў нас яе няма. Там СМІ распаўсюджваюць свой пункт погляду ў розныя спосабы праз друк, тэлебачаньне, радыё. У нас альтэрнатыўныя газэты не прадае “Белсаюздрук”. Тэлебачаньня ў нас няма ніякага альтэрнатыўнага”.

Юнак: “У рэальнасьці яе няма. Тое, што паказваюць у тэлебачаньні, асабліва па першым канале БТ – усё гэта хлусьня. Я ж карыстаюся такой крыніцай, як “Наша Ніва”. “Радыё Свабода” слухаю і чытаю ў сеціве. Яны пішуць як ёсьць усё”.

Малады спадар: “У інтэрнэце пішыце ўсё, што хочаце. А з друкам я не знаёмы. Няма часу на яго”.

Спадар: “Няма, канечне. Яе ж забараняюць. Прэзыдэнт у нас “добры”. У нас ні свабоды ні дэмакратыі ў рэальнасьці не існуе – гэта ж дурню зразумела”.

Спадар: “Як такая свабода мо і ёсьць, але мне яна не падабаецца як там усё пішацца. Усё неяк у адзін бок. Што ў нас усё добра. Дык трэба ж і другія бакі паказваць”.

Спадар сталага веку: “Я мяркую, што ёсьць. І літаратуры й прэсы любой. І апазыцыйнай і дзяржаўнай. Я некалі быў намесьнікам дырэктара па ідэалёгіі і чытаў гэтую прэсу, таму я больш чым упэўнены, што яна ёсьць”.

Спадар: “Свабода прэсы? Не, я думаю, што яе няма. Напэўна таму, што ў нас усё неяк… Выбачайце, ня буду гаварыць. Такія пытаньні ў вас…”.

Спадар: “Усе ж баяцца адказваць на такія пытаньні. У тым ліку і я. Я ж на дзяржаўнай службе. У нас многае канстытуцыяй гарантавана, а ў рэальнасьці -- я сумняваюся”.

Спадар: “Свабода прэсы ёсьць. Свабода -- гэта ж той набор мер, абмежаваньняў, якія падыходзяць для цябе. Для некага гэта прымальна, а для некага не. Вось шчупак злавіў карася. Гэта добра ці не? Для шчупака добра, а для карася не. Тое ж тычыцца й свабоды. Гэта ўменьне карыстацца тым, што табе даецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG