Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч гатовы даць тлумачэньні пра катаваньні


Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксей Міхалевіч, які зараз знаходзіцца ў Чэхіі, гатовы даць Генэральнай пракуратуры Беларусі тлумачэньні адносна сваёй заявы пра катаваньні ў сьледчым ізалятары Камітэта дзяржбясьпекі. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка.

Паводле слоў Міланы Міхалевіч, яна трэці дзень спрабуе зьвязацца з супрацоўнікам Генпракуратуры, які падпісваў позву яе мужу з выклікам для дачы тлумачэньняў, каб даведацца, як можна арганізаваць гэтую працэдуру. Напрыклад, ці магчыма падаць натарыяльна завераныя паказаньні. Аднак ёй увесь час адказваюць, што супрацоўнік знаходзіцца ў СІЗА КДБ. "Відаць, у Генпракуратуры не асабліва імкнуцца атрымаць тлумачэньні", — мяркуе Мілана Міхалевіч.

На падставе заявы палітыка па даручэньні генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча ў сьледчым ізалятары арганізавана пракурорская праверка. І, як паведамілі агенцтву ў Генпракуратуры, яна яшчэ працягваецца.

Аляксей Міхалевіч, які папрасіў палітычнага прыстанішча ў Чэхіі, зараз знаходзіцца ў каранцінным лягеры ў Брно. Там забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі, сказала Мілана Міхалевіч, таму з мужам яна не размаўляла. Ён толькі прыслаў электроннае паведамленьне, што ў яго ўсё ў парадку.

Ноччу 14 сакавіка ў сваім блогу Аляксей Міхалевіч аб'явіў, што знаходзіцца "не ў зоне дасягальнасьці беларускага КДБ".

Рух "За Свабоду" паведаміў, што яму ўдалося ноччу выехаць з краіны, дарога ў "надзейнае месца" заняла суткі. Сям'я засталася ў Менску. "Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, — гэта рэальная фізычная пагроза, — заявіў экс-кандыдат у прэзыдэнты. — Усе бачаць, што гэтыя людзі гатовы пайсьці на ўсё, у іх дзеяньнях няма законнасьці і адкрытасьці".

Аляксей Міхалевіч праходзіць абвінавачваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 сьнежня 2010 года. Ён быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня. 19 лютага яго адпусьцілі са сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG