Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Расейскі рэактар нідзе не апрабаваны»


Сёньня ў Менску адбылася сустрэча расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас размовы прагучаў шэраг заяў і меркаваньняў.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімер Пуцін заявіў, што «ўзровень абароненасьці на Беларускай АЭС будзе значна вышэйшы, чым у Японіі». Паводле яго слоў, у Японіі дзейнічаюць амэрыканскія рэактары 40-гадовай даўніны. «Мы ж гаворым пра зусім новыя тэхналёгіі», сказаў расейскі прэм’ер.

Юры Варонежцаў
Сябра аргкамітэту руху «Навукоўцы — за бязьядзерную Беларусь» Юры Варонежцаў у Вярхоўным Савеце СССР апошняга скліканьня быў адказным сакратаром чарнобыльскай дэпутацкай камісіі. З таго часу ён па-ранейшаму займаецца праблемамі АЭС:

«Пуцін ня можа ведаць, наколькі якасны рэактар ён нам дае. Бо рэактар, які зьбіраюцца ставіць на нашай станцыі, нідзе не апрабаваны. Ён не прапрацаваў на ніводнай станцыі ніводнай гадзіны. Сьцьвярджаць пра надзейнасьць рэактара можна толькі ў тым выпадку, калі на некалькіх АЭС некалькі такіх рэактараў адпрацуюць некалькі дзясяткаў гадоў. І толькі тады можна будзе сказаць: яны лепшыя за японскія ці горшыя за японскія».

Калі Пуцін і Лукашэнка размаўлялі пра двухбаковыя расейска-беларускія дачыненьні, то кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што «па лініі эканомікі пытаньняў у нас не ўзьнікае». А расейскі прэм’ер ацаніў 2010 год як «удалы для разьвіцьця беларуска-расейскіх эканамічных сувязяў. Гандлёвы абарот узрос на 19% і дасягнуў 28,5 мільярда даляраў».

Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка зьдзіўлены выказваньнем Аляксандра Лукашэнкі пра адсутнасьць праблем:

«Беларусь мае абсалютна рэкордны адмоўны балянс у гандлі з Расеяй. Ён дасягнуў амаль 10 мільярдаў даляраў. Беларускі рубель пахіснуўся настолькі, што яму ўжо ня вераць і банкіры. Неабходныя тэрміновыя валютныя іньекцыі».

Беларускі эканаміст пракамэнтаваў і лічбы, якія назваў сёньня Ўладзімер Пуцін:

«Тое, што гандаль з Расеяй узрос на 19%, то гэта дзякуючы росту цэн. Так, цэны на харчы летась падняліся на 17%. І атрымліваецца, што сустрэча сёньняшняя нецікавая. Беларусь спынілася на нейкай стадыі незразумелай лібэралізацыі. Расея пажынае плады высокіх цэн на нафту. І таму гэтая сустрэча нічога нікому не дае. За выключэньнем аднаго — папрасіць у Расеі даляраў».
XS
SM
MD
LG